Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іміграцыя ў Літву ўпершыню з 2004 году перавысіла эміграцыю


Іміграцыя ў Літву ўпершыню пасьля ўступленьня краіны ў Эўразьвяз у 2004 годзе перавысіла эміграцыю: у краіну прыехала больш людзей, чым пакінула яе, піша Delfi.lt са спасылкай на справаздачу за першае паўгодзьдзе Дэпартамэнту статыстыкі Літоўскай Рэспублікі.

Другі месяц запар ведамства фіксуе сытуацыю, пры якой афіцыйная іміграцыя большая за эміграцыю.

Паводле яго, ад студзеня да чэрвеня ў Літву імігравала 19,2 тыс. чалавек, дзьве траціны зь якіх склалі грамадзяне Літвы, што вярнуліся ў краіну. За той самы пэрыяд 2017 году было налічана 9,3 тыс. Імігрантаў. Пакінула Літву сёлета 20 тыс. пастаянных жыхароў. Годам раней гэты паказьнік складаў 26 тыс. чалавек. Эмігрантам з краіны афіцыйная статыстыка лічыць асобу, якая пражыла за мяжой больш за адзін год.

Як патлумачыла кіраўніца Віленскага бюро Міжнароднай арганізацыі міграцыі Аудра Сіпавічэне, новая тэндэнцыя можа быць зьвязаная зь фізычным спадам насельніцтва Літвы і праблемамі, якія могуць узьнікнуць пасьля выхаду з ЭЗ Вялікабрытаніі, якая дагэтуль была для грамадзянаў Літвы самым папулярным месцам для перасяленьня.

Паводле дадзеных сацыёлягаў, большасьць эмігрантаў зь Літвы накіроўваюцца ў Заходнюю Эўропу з прычыны вышэйшых заробкаў, эміграцыю можа заахвочваць і вялікая сацыяльная няроўнасьць.

За гады незалежнасьці насельніцтва Літвы з прычыны адмоўнага дэмаграфічнага прыросту і масавага выезду на заробкі скарацілася з 3 700 000 ў 1990 годзе да 2 800 000 цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG