Член трэнэрскага штабу зборнай Харватыі Огнен Вукоевіч у панядзелак быў афіцыйна адхілены ад працы на Чэмпіянаце сьвету ў Расеі: ён выгнаны са штабу і пазбаўлены акрэдытацыі на турніры, паведамляе афіцыйны сайт футбольнай фэдэрацыі Харватыі.
У суботу, 7 ліпеня, пасьля перамогі Харватыі над Расеяй у чвэрцьфінале Чэмпіянату сьвету гульцы харвацкай зборнай апублікавалі відэазапіс, на якім Вукоевіч сказаў, што прысьвяціў гэтую перамогу Ўкраіне, а абаронца зборнай Дамагой Віда вымавіў: «Слава Ўкраіне». Гэте выказваньне, якое ва Ўкраіне стала слоганам Эўрамайдану, некаторымі пракрамлёўскімі расейскімі СМІ былі расцэненае як падтрымка ўкраінскіх нацыянальных сілаў.
Віда і Вукоевіч раней гулялі ў кіеўскім «Дынама»: Віда ад 2013-га па 2018 год, Вукоевіч — ад 2008-га па 2015.
Пасьля гэтага дысцыплінарны камітэт ФІФА вынес фармальнае папярэджаньне Дамагою Віду за сказаную ім фразу, але сур’ёзнага пакараньня футбаліст не панёс. Сам Віда заявіў журналістам, што яго выказваньні былі не палітычнымі, а ўсяго толькі жартам, прызначаным для ягоных калег па ўкраінскім клюбе.
У дачыненьні да Вукоевіча ФІФА таксама адкрыла дысцыплінарнае расьсьледаваньне.
Фэдэрацыя футболу Харватыі прынесла расейскім гледачам афіцыйныя прабачэньні за дзеяньні Віды і Вукоевіча. У заяве падкрэсьліваецца, што ні Вукоевіч, ні Віда не спрабавалі зрабіць палітычныя заявы, але, «на жаль, іх словы пакінулі магчымасьць для падобных інтэрпрэтацыяў».