Апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч 4 ліпеня каля 18 гадзін быў нечакана адпушчаны на свабоду.
Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Статкевіч быў затрыманы 3 ліпеня каля свайго дому, калі накіроўваўся на «Акцыю вызваленьня і салідарнасьці». Ноч ён правёў у турме на Акрэсьціна
Затрыманьне палітыку патлумачылі неабходнасьцю даседзець 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у адной з восеньскіх акцый 2017 году. 25 сакавіка сёлета Статкевіча ўжо зьмяшчалі ў турму на Акрэсьціна па гэтым абвінавачаньні, аднак у той жа дзень адпусьцілі — пасьля заканчэньня ў Менску мерапрыемстваў да 100-годдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
4 ліпеня суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў Статкевіча на 40 базавых велічынь (980 рублёў) за заклікі прыняць удзел у несанкцыянаванай «Акцыі вызваленьня і салідарнасьці», якая прайшла 3 ліпеня на бульвары Талбухіна ў Менску.
Дастаўлены ў суд Статкевіч заявіў, што ня хоча ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі, і суд праходзіў без яго.
Меркавалася, што палітыка зноў адвязуць на Акрэсьціна. Але палітык паведаміў, што з суду яго даставілі ў Першамайскае РУУС, дзе ён даведаўся пра штраф пасьля ўручэньня яму пастановы суду. Затым яго адпусьцілі.
Статкевіч пакінуў судовую залю і вярнуўся ў турму. Яго аштрафавалі завочна
Такія дзеяньні ўлад Статкевіч патлумачыў іх страхам і слабасьцю. «Адзінае, чаго баіцца рэжым, — гэта масавых вулічных пратэстаў у сталіцы. Гэты страх змушае яго гіпэрбалізавана рэагаваць на любыя праявы грамадзянскай актыўнасьці. Нават на такое, як ўскладаньне кветак на магілы савецкіх салдат», — лічыць суразмоўца.
Слабасьць рэжыму Статкевіч тлумачыць тым, што адна яго рука ад страху пратэстаў разганяе вулічныя акцыі, а іншая, якая хоча дыялёгу з Захадам і крэдытаў ад яго, — робіць пэўныя паслабленьні.
Статкевіч адзначыў, што 3 ліпеня плянавалася ўскладаньне кветак да магілы савецкіх салдат на бульвары Талбухіна і да памятнага знака ахвярам палітычных рэпрэсій у парку Чалюскінцаў. Масавымі затрыманьнямі (каля 30 чалавек) рэжым, адзначыў палітык, «прадэманстраваў сваё стаўленьне да мінулай вайны, ня даўшы нават ускласьці кветкі».