Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца ў Курапатах пасьля затрыманьня Дашкевіча і грузавіка з крыжамі. ФОТА І ВІДЭА


Курапаты, 29 чэрвеня
Курапаты, 29 чэрвеня

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы раніцай 29 чэрвеня перад заплянаваным усталяваньнем новых крыжоў каля рэстарацыі «Поедем поедим», што месьціцца пад мэмарыяльным комплексам Курапаты. У актывістаў ёсьць «плян Б».

Прычыны затрыманьня невядомыя. Разам з Дашкевічам, як піша блогер Эдуард Пальчыс, затрыманыя актывісты Валер Мінец і Ягор Лаўрухін. Фура з крыжамі арыштаваная, сьцьвярджае ён, а затрыманьне праводзілі «сур’ёзныя хлопцы — Альфа або Служба бясьпекі прэзыдэнта».

«У нас атрымалася выехаць вуліцай Серафімовіча толькі на Партызанскі праспэкт, амаль адразу да нас пад’ехалі некалькі машынаў ДАІшнікаў, за імі пад’ехала машына зь „людзьмі ў цывільным“ і людзьмі ў зялёнай форме, — расказала Свабодзе жонка Зьмітра Наста Дашкевіч. — Хуценька скруцілі Зьмітра і Ягора, грузавік з крыжамі быў асобна арыштаваны працаўнікамі ДАІ, сказалі, што паедзе ў мясцовы РАУС, мусіць быць Партызанскі.

Што са Зьміцерам і Ягорам і дзе яны, невядома. Як я зразумела, „людзі ў цывільным“ тлумачылі гэта тым, што гэта ахова ўрадавай дэлегацыі [ў Трасьцянец]».

Актывісты вывешваюць плякаты супраць рэстарацыі ў Курапатах
Актывісты вывешваюць плякаты супраць рэстарацыі ў Курапатах

Паводле аднаго зь лідэраў пратэстаў супраць рэстарацыі сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, у актывістаў ёсьць «плян Б»: цяпер яны ідуць да рэстарацыі «Поедем поедим», каб наляпіць плякаты на плоце, «стаяць за сябе і за Дашкевіча». Перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі «сёньня ніякіх ня будзе», дадае ён.

Устаноўка шасьцімэтровых крыжоў была заплянаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, а апоўдні працягнецца штодзённая варта.

Цягам дня абаронцы Курапатаў чакаюць візытаў замежных гасьцей — у Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыцьцё мэмарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасьцянцы, у тым ліку прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны.

Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, архіўнае фота
Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, архіўнае фота

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG