Казаць „гаворыць / піша / сьпявае на мове“ — 1) непісьменна, 2) правінцыйна, 3) зьняважліва. Пакажам на прыкладах.
Як адным словам патлумачыць моўную адметнасьць фільмаў праекту «Беларускія ўікэнды» або акцыяў Арт Сядзібы? Яны па-беларуску. Каротка і ясна.
Такіх падзеяў і праектаў штораз больш, і ў расейскамоўных інфармацыйных рэсурсах Беларусі зачасьціў выраз „на мове“.
Мае суразмоўцы ў сацыяльных сетках папрасілі пра яго выказацца. Выказваюся.
Гэта непісьменна
Што значыць па-беларуску „на мове“ (гаварыць, сьпяваць, пісаць) і як гэта перакласьці?
„Говорю на языке“. — Каком?
„Mówię językiem“. — Którym?!
„Kalbu kalba“. — Kokia?!!
„I speak the language“. — Which one?!!!
„Гавару на мове“ — такі самы бессэнсоўны і сьмешны выраз, як „ем ежу“, „хварэю на хваробу“ або „начую ўночы“. А што значыць „...Некаторыя з прысутных гаварылі на мове“? На чым гаварылі іншыя — можна толькі з жахам здагадвацца :-)
А на поўдзень ад нас — вялікая і шматлюдная краіна, дзе таксама мова — але українська. І ў польскай поруч з унівэрсальным język ёсьць mowa — ‘маўленьне, гаворка’, а таксама ‘прамова’.
Вось жа калі мы жывем ня ў скрыўленай прасторы, дзе ёсьць толькі вялікая Расея і пры ёй маленькая Беларусь, а ў сваім гістарычным рэгіёне Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, то ўнікальнасьцю слова мова пахваліцца ня зможам.
Таму па-беларуску казаць „сьпявае на мове“ і г.д. нелягічна, недарэчна і непісьменна.
Гэта правінцыйна
Але ў першую чаргу выраз „на мове“ ўжываюць нашыя ўсходнія суседзі — у значэньні ‘па-ўкраінску’ ці ‘па-беларуску’. У расейскамоўных тэкстах слова мова — гэта барбарызм, г. зн. іншамоўная ўкрапіна ў сваямоўнай плыні, ужытая сьвядома, у стылістычных мэтах.
Барбарызмы могуць мець як станоўчую, так і рэзка адмоўную эмацыйную афарбоўку, пра што ніжэй. Але галоўнае, што гэты выраз — нават з пазытыўным або нэўтральным адценьнем — на беларускай глебе ня мог нарадзіцца. Нашыя клясыкі і ўявіць сабе такога не маглі. Аўтары і рэдактары ў Беларусі, нават кіруючыся самымі добрымі матывамі, папраўдзе жыўцом узялі яго з расейскай мовы. А гэта залежнасьць ад расейскамоўнага ўспрыманьня сьвету, адчуваньне сябе вечнай правінцыяй.
Гэта зьняважліва
У расейскай мове беларусізмы (і ўкраінізмы) могуць ужывацца як этнаграфізмы, могуць мець пазытыўнае эмацыйнае напаўненьне (сябры і падобнае).
Але яны часьцей бываюць зьедліва-іранічнымі (як прыведзеныя беларускай сацыялінгвісткай Н. Мячкоўскай прыклады спадары і згода ў расейскамоўнай публіцыстыцы), а то і маюць агрэсіўна-варожую канатацыю, як ужытыя ў расейскіх тэкстах змагары, эти свядомые/свядомиты; як фанэтычная імітацыя беларускай мовы: гразнай трапкай па бруху; як украінізмы самостийная, указивка, вирши.
Акурат да апошніх прыкладаў часьцей за ўсё прымыкае выраз „на мове“ і — шырэй — слова „мова“ як чужамоўнае, найперш у расейскай мове ў самой Расеі.
Для аналізу расейскага ўспрыманьня слова мова карысныя найперш выказваньні, дзе ёсьць абодва словы — і мова, і язык (або русский [язык]):
...Население Беларуси из-за белорусизации лишится главного языка — русского. Дети и внуки рискуют лишиться настоящего. На мове же выразить больше, чем „iдзi выпасi карову“, ничего нельзя.
Гэта Дз. Алімкін, той самы рэгнумаўскі аўтар, супраць якога была-такі ўзбуджаная справа за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы, у тым ліку на падставе гэтага сказу.
Выраз „на мове“ пасьлядоўна ўжываюць і ягоныя падзельнікі Шыптэнка ды іншыя. Яго фіксацыяў на адпаведным сайце — тысячы. Думаю, пра гэта варта нагадваць нашым шчырым, але ня чуйным да слова суграмадзянам, якія не задумваючыся пускаюць у сьвет пазнакі накшталт #nobelnamove (пад гэтым споклічам зьбіралі грошы на кнігі С. Алексіевіч па-беларуску; да таго ж ён яшчэ і трансьлітаруецца як „на мовэ“).
Зразумела, большасьць сеціўных прыкладаў зьвязаная з украінскаю моваю, прычым некаторыя „похлешчэ“ Алімкінавых:
...Я знаю, что в мире есть только несколько языков, через которые можно постигать современную науку, технологии (квантовая физика, космос и т.д.) это немецкий, русский, английский!!! А вот псевдоисторию Украины можно вешать на уши и на мове.
...На Украине говорят и думают на русском 80% населения, но скачут и в официальных ситуациях что-то блеют на мове.
Понимаю Н.Гоголя, почему он писал на русском. В приличном обществе на мове не ботают: можно и по щекам получить.
„Мова“ = арго = феня
Апошняя цытата пры ўсёй сваёй разьвязнасьці неспадзявана карэлюе з тэрміналёгіяй некаторых расейскіх публіцыстаў і нават мовазнаўцаў:
А в школе детей новоиспеченных белорусов стали учить трасянке, которую в те годы как раз спешно сочиняли. Результат налицо — на мове „белорусы“ говорить стесняются.
(Піша расейскі, прычым „апазыцыйны“, журналіст)
Украінскі філёляг праф. М. Суліма яшчэ ў 2001 г. дзяліўся назіраньнямі:
У расейскамоўных газэтах пашыранай практыкай стала пакідаць украінскае напісаньне найбольш нелюбімых словаў і словазлучэньняў (…) У расейскамоўных сродках масавай інфармацыі ўпарта і настойліва прышчапляецца думка, што „русский язык — это язык, а украинский язык — это «мова»“.
Прасьцей кажучы, „не язык“ або „неполноценный язык“:
Пушкина или Шекспира на мове читать — хоть посмеяться можно.
Расейскі мовазнаўца праф. Віталь Кастамараў даў прыклад новага, спэцыфічнага значэньня слова мова ў вульгарным арго Расеі (цытую за А. Тараненкам):
В вашем „Новом взгляде“ [пэрыядычным выданьні] превалирует грязь, бульварная мова… Трудно отделаться от мысли, что находишься рядом с отхожим местом.
Гэты выраз ёсьць ужо і ў расейскіх навукова-мэтадычных тэкстах. Маскоўская аўтарка падручнікаў Юлія Аўсіенка ўжывае ўкраінізм/беларусізм мова як сынонім словаў жаргон, арго і г.д.:
В средствах массовой информации сказывается увлечение „молодежной мовой“. Вот примеры некоторых заголовков из газет: „Красота… их мать!“, „Мисс Мухосранск-93“…
Філёляг-публіцыст Анры Вартанаў:
Эти „новые“ охотно пользуются „молодежной мовой“ , причем для них она не только языковая форма, но и в значительной степени жизненная философия. Недаром молодые люди, ее исповедующие, выглядят циниками… многие действительно грубы и бесцеремонны…
(цыт. паводле манаграфіі „Русский язык конца ХХ столетия (1985–1995)“).
Моўная і эмацыйная глухата
Праблема з выразам „на мове“ роўна актуальная для беларускай і ўкраінскай моўнай культуры. Украінскі лексыкограф і сацыялінгвіст праф. Аляксандар Тараненка дасьледаваў гісторыю пытаньня. Па-расейску так называць украінскую мову пачалі з 1917–1918 г., а асабліва — у часы „ўкраінізацыі“ 1920-х гг. Выраз дажыў да нашых дзён, афарбоўка яго не пакідае сумневаў:
Если бы любители „мовы“ оставили свои неразумные попытки навязать украинский язык другим...
(газэта „Городъ“, Данецк, 06.05.2005)
„Великий и могучий“ показал язык мове
(пра моўную сытуацыю на Данбасе. — Комсомольская правда в Украине, 25.09.1998).
А. Тараненка зрабіў важнае назіраньне:
Ад частага ўжываньня слова „мова“ ў значэньні ўкраінскай мовы часта ўжо не ўспрымаецца ў гэтым [расейскамоўным. — В.В.] асяродзьдзі як іранічна пазначанае, яго даволі спакойна ўжываюць і ў кантактах з сваімі ўкраінамоўнымі знаёмымі, калегамі: „он разговаривает только на «мове»“, „это всё надо переводить на «мову»“, „там преподавание ведётся на «мове»“ і г. д.
Дакладна. Моўная і эмацыйная глухата некаторых расейскамоўных у Беларусі і Ўкраіне не дазваляе ім адчуць іранічнай барбарызацыі назвы мовы, роднай для іхных суграмадзянаў. Аднак бракуе моўнага пачуцьця і тым беларускамоўным, якія расейскі барбарызм трываюць, а нават самыя ўжываюць. Перапрашаю, калі каго пакрыўдзіў, але magis amica veritas.