Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біятляністка Дар’я Домрачава разьвіталася зь вялікім спортам

абноўлена

Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне Дар’я Домрачава на адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіла пра завяршэньне кар’еры.

«Я вельмі доўга думала, бо прыйшоў час расставіць кропкі над „і“. Пасьля алімпійскага сэзону паспрабавала знайсьці кампраміс, які дазволіў бы гадаваць дзіця і сумяшчаць гэта з выступамі за нацыянальную зборную. На жаль, я не знайшла аптымальнага рашэньня. Таму я завяршаю сваю спартовую кар’еру», — сказала яна.

Прысьпешыць падзеі прымусіла тое, што 30 чэрвеня заканчваецца тэрмін яе кантракту са зборнай Беларусі. На пачатку гэтага месяца зь вялікім спортам разьвіталася яе калега па камандзе, алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна.

Архіўнае фота. Домрачава пасьля заваяваньня залатога мэдалю ў жаночым біятлоне на дыстанцыі 12,5 км на Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе
Архіўнае фота. Домрачава пасьля заваяваньня залатога мэдалю ў жаночым біятлоне на дыстанцыі 12,5 км на Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе

Спартоўка ўдакладніла, што выхаваньне дачкі Ксеніі — галоўная прычына яе рашэньня, усё астатняе — другаснае. Таксама падкрэсьліла, што не разглядае магчымасьцяў таго, каб у агляднай будучыні займацца трэнэрскай працай. У бліжэйшых плянах — сумяшчэньне некалькіх месцаў пражываньня, гэта значыць, паміж Беларусьсю, Нарвэгіяй і Аўстрыяй. Далейшыя пляны будуць адаптаваныя пад дачку, яе адукацыю. «Некалькі гадоў, каб вызначыцца, мы з Уле яшчэ маем», — сказала яна.

Архіўнае фота. Дар'я Домрачава на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане
Архіўнае фота. Дар'я Домрачава на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане

Паводле Дар’і, Уле Эйнар гатовы быў падтрымаць любы яе выбар — як з выхадам на заслужаны адпачынак, так і з працягам кар’еры. «Але я не пакінула яму варыянтаў», — пажартавала яна.

Уле Эйнар Б’ёрндален падчас прэсавай канфэрэнцыі Домрачавай
Уле Эйнар Б’ёрндален падчас прэсавай канфэрэнцыі Домрачавай

Біятляністка сказала, што ніколі не падлічвала, колькі прэміяльных зарабіла за кар’еру, бо ў яе ад самага першага дня стаялі зусім іншыя мэты — дэманстраваць самыя высокія спартовыя вынікі. І прызналася, што нават не магла марыць пра тыя дасягненьні, якія запісала ў гісторыю сусьветнага спорту.

Дарʼя Домрачава на прэс-канфэрэнцыі
Дарʼя Домрачава на прэс-канфэрэнцыі

«Аляксандар Лукашэнка ў курсе майго рашэньня, — адзначыла Дар’я Домрачава. — Канечне, мне і самой хацелася б выступаць бясконца, але раней ці пазьней усё заканчваецца. І я спадзяюся, што і прэзыдэнт, і ўсе мае заўзятары паставяцца да гэтага з разуменьнем».

Суперніцы самай уганараванай у біятлённым сьвеце спартоўкі пакуль ня ў курсе, што Дарʼя Домрачава сыходзіць з дыстанцыі. «Спадзяюся, яны парадуюцца. Якім чынам — гэта ўжо пытаньне іншае», — не хавала іроніі беларуска.

Адрозна ад калегаў-спартоўцаў, Дарʼя ня бачыць сябе ў палітыцы – хоць і разумее, што са сваім статусам героя Беларусі магла б заняць практычна любыя дзяржаўныя пазыцыі. «Не, гэта зусім не маё», — падсумавала яна.

Герой Беларусі

​Усяго на трох апошніх зімовых Алімпіядах Дар’я Домрачава заваявала чатыры залатыя мэдалі, па адным срэбраным і бронзавым. Была неаднаразовай пераможцай і прызэркай чэмпіянатаў сьвету, Эўропы і ўнівэрсыядаў, яна ўладальніца Кубку сьвету і пяці малых Крышталёвых глёбусаў. Адзіная сярод беларускіх спартоўцаў і адзіная жанчына, узнагароджаная званьнем Героя Беларусі. Мае таксама ордэны Айчыны ІІІ ступені і «За асабістую мужнасьць».

Домрачава на алімпіядзе ў Пхёнчхане
Домрачава на алімпіядзе ў Пхёнчхане

Выглядае, на канчатковае рашэньне ня здолеў паўплываць нават Аляксандар Лукашэнка, які меў да «Дашкі», як ён яе называў, асаблівую сымпатыю. Падчас афіцыйных і неафіцыйных прыёмаў заўсёды па-бацькоўску цалаваў, абдымаў ды паляпваў па плячах, ня ўтойваючы, што для яго ейнае золата даражэйшае, чым для самой спартоўкі. Алімпійскія перамогі Домрачавай дзяржава ацаніла па 150 тысяч даляраў за кожны залаты мэдаль.

Заманлівыя промні чужой славы

Срэбны мэдаль, які Домрачава атрымала на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане
Срэбны мэдаль, які Домрачава атрымала на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане

Трэцяга жніўня Дар’і Домрачавай споўніцца 32 гады. Яна нарадзілася ў Менску, але з чатырох гадоў жыла з бацькамі-архітэктарамі ў Сыбіры. Там занялася біятлёнам, пад сьцягам Расеі здабывала першыя юніёрскія тытулы. Калі настаў час вызначыцца з краінай далейшага працаўладкаваньня, схілілася ў бок гістарычнай радзімы — расейскія сэлекцыянэры асаблівага таленту ў дзяўчыне не разгледзелі.

Пагоны КДБ

З улікам, што біятлёнам у Беларусі апякуецца КДБ, адразу пасьля вяртаньня ў Менск і пападаньня ў асноўную каманду Дар’я Домрачава атрымала пагоны — спачатку прапаршчыка, а потым і старшага лейтэнанта. Нейкі час таму яе датычнасьць да сілавой структуры выклікала шырокі рэзананс у замежнай прэсе з прычыны рамантычных стасункаў з нарвэскім біятляністам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам.

Прыемна пазнаёміцца: Б’ёрндален, муж «старлея» КДБ

Дар’я Домрачава, аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Шчурко, Уле Эйнар Б’ёрндален (зьлева направа)
Дар’я Домрачава, аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Шчурко, Уле Эйнар Б’ёрндален (зьлева направа)

Ужо два гады Дар’я Домрачава ў шлюбе зь легендай сусьветнага біятлёну. Яны гадуюць паўтарагадовую дачку Ксенію і ў асноўным жывуць у Аўстрыі. 44-гадовы вэтэран ня трапіў у склад зборнай Нарвэгіі на сёлетнія Гульні ў Пхёнчхане і таксама заявіў пра завяршэньне спартовай кар’еры. У Паўднёвую Карэю ён паехаў са штабам беларускай каманды. Фактычна — пэрсанальным трэнэрам жонкі.

Што далей у беларускай зборнай

Адстаўкі Дар’і Домрачавай, а перад гэтым і Надзеі Скардзіны пацягнуць незваротныя наступствы для беларускага біятлёну. У апошнія гады менавіта гэтыя спартоўкі здабывалі большасьць асабістых і калектыўных узнагарод, а таксама рэйтынгавыя пункты для нацыянальнай зборнай.

На гэты момант у трэнавальным працэсе задзейнічаная толькі адна біятляністка з зорнага складу — Ірына Крыўко. Другая ўдзельніца залатога алімпійскага квартэту, Дынара Алімбекава, праходзіць рэабілітацыю пасьля апэрацыі. Домрачава і Скардзіна сышлі з дыстанцыі. Летась разьмяшчэньне зборнай пакінула Надзея Пісарава. Па сутнасьці, беларускую каманду чакае радыкальнае кадравае амаладжэньне. Хто гэтым будзе займацца, таксама пад пытаньнем: старшы трэнэр Фёдар Свабода, які рыхтаваў каманду да Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, адмовіўся ад падаўжэньня кантракту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG