Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» уваходзіны. Інтэрвію з арт-дырэктаркай і шмат фота


22 чэрвеня ў Менску пасьля даволі доўгага перапынку на новым месцы адкрываецца культавая ўстанова — Галерэя «Ў», якая пераехала з праспэкту Незалежнасьці, 37А, на модную вуліцу Кастрычніцкую, 19.

Галоўная перавага новага памяшканьня — вялікая прастора, плошчай каля тысячы квадратных мэтраў, і ўтульны, закрыты ад староньняга вока ўнутраны дворык.

У лістападзе 2017 году Галерэя «Ў» закрылася — участак зямлі ў цэнтры сталіцы каля плошчы Перамогі (былое тралейбуснае дэпо) прадалі з аўкцыёну пад новую жылую забудову.

Амаль паўгода таму сузаснавальнікі галерэі знайшлі новае месца для культавай установы — на вуліцы Кастрычніцкай,19, у цэху былога заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У старым памяшканьні выставачная прастора складала каля 170 квадратных мэтраў. Агульная плошча новай пляцоўкі — каля 1 тысячы квадратаў пры вышыні 7 мэтраў.

У чацьвер новую культурніцкую прастору ацаніла творчая інтэлігенцыя, журналісты, а ў пятніцу яна адкрыецца для шырокай грамадзкасьці. Першая імпрэза — выстава «Без выключэньня. У працэсе».

Першы праект на новым месцы — пра інклюзіўнасьць

Сузаснавальніца і арт-дырэктарка Галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава расказала Свабодзе, у чым унікальнасьць і адметнасьць новай культурніцкай прасторы.

Ганна Чыстасердава
Ганна Чыстасердава

— У нашым былым памяшканьні ў цэнтры Менску мы сутыкнуліся з тым, што ёсьць праблема — гэта інклюзіўнасьць, адкрытасьць наагул культурных прастораў для людзей з рознымі фізычнымі праблемамі. Таму з самага першага дня, калі мы плянавалі сваю працу на новым месцы, мы вырашылі, што найперш павінны зрабіць сапраўды безбар’ернае асяродзьдзе. І першы праект, зь якім мы адкрываемся — гэта выстава «Без выключэньня. У працэсе».

Мы запрасілі беларускіх мастакоў (некаторыя зь іх, праўда, зьехалі, яшчэ ў нас ёсьць адзін рэзыдэнт з Азэрбайджану), з аднаго боку, паглядзець на сытуацыю, наколькі нашы арт-пляцоўкі, культурныя прасторы адкрытыя і даступныя для людзей з інваліднасьцю.

Вольга Аполька (зьлева), Валянціна Кісялёва (у цэнтры) і Ганна Чыстасердава
Вольга Аполька (зьлева), Валянціна Кісялёва (у цэнтры) і Ганна Чыстасердава

Калі мы пачалі разважаць над гэтай праблемай, зразумелі, што сучаснае мастацтва таксама знаходзіцца ў Беларусі на пэрыфэрыі афіцыйнага дыскурсу. Таму вырашылі першым праектам паразважаць пра выключнасьць, вытанчанасьць тых людзей, якія складаюць наш соцыюм. І першая праца, якую вы можаце пабачыць ва ўнутраным дворыку — праца Андрэя Бусла. Ён знайшоў старыя архіўныя фатаздымкі работнікаў заводу Кастрычніцкай рэвалюцыі, якія выйшлі на нейкую дэманстрацыю, і разьмясьціў іх на адной сьцяне.

А з другога боку — сучасная творчая інтэлігенцыя, якая робіць гэты горад і гэтую краіну больш прывабнымі, больш цікавымі, якія сапраўды робяць вельмі шмат для беларускай культуры. І такім чынам мы хацелі зрабіць наш дворык сымбалічным месцам сустрэчы тых людзей, якія некалі былі гаспадарамі гэтай прасторы, пакуль не прыйшлі новыя людзі. І мы будзем імкнуцца, каб наша прастора стала месцам дыялёгу, сустрэчы абсалютна ўсіх.

Галерэя як месца дыялёгу

— Ганна, раней Галерэя «Ў» знаходзілася ў самым цэнтры гораду, у раёне плошчы Перамогі. А тут, на Кастрычніцкай — такое «тусовачнае» месца, побач прастора ОК-16, вялікая колькасьць бараў, кавярняў. Не баіцеся канкурэнцыі?

— Ведаеце, мы ўсе 15 гадоў нашай працы (спачатку ў «Падземцы», пасьля ў Галерэі «Ў») ніколі, ніякім чынам не ўжывалі слова «канкурэнцыя». Бо нашай краіне патрэбна як мага больш культурных прастораў, пляцовак, інстытуцыяў. А з прасторай «ОК-16» мы сябруем і нават ладзім некалькі супольных праектаў. Мне здаецца, што калі некалькі буйных культурных цэнтраў знаходзяцца побач, у адным раёне, гэта патрабуе ад усіх больш якасна выконваць сваю працу, рабіць рознага кшталту калябарацыі. Таму ўсе бакі толькі рады такому суседзтву.

Самаакупнасьць — у плянах

— Вялікая выставачная плошча, дзе раней быў заводзкі цэх, які заняпаў, вымагае вялікіх укладаньняў у рамонт, прывядзеньне ў належны выгляд. Калі плянуеце выйсьці на самаакупнасьць і атрымліваць прыбыткі?

— Мы займаемся гэтай справай ўжо амаль 15 гадоў. Я адкажу так: выжываць магчыма, але гэта цяжка назваць бізнэс-ідэяй, таму што мы робім гэты горад больш цікавым, прывабным, утульным. Але ў нас ёсьць ужо даволі вялікая алея сяброў Галерэі «Ў». Гэта і сур’ёзныя кампаніі, і прыватныя асобы, якія нам дапамагаюць. Зь некаторымі мы працуем вельмі даўно і доўга. Новыя спонсары, мэцэнаты зьяўляюцца — усім вялікі дзякуй.

Сёлета нас падтрымаў адзін з найбуйнейшых брэндаў «Краскі», які працуе зь вядомымі галерэямі па ўсім сьвеце. Яны сталі спонсарамі нашых белых сьценаў (а плошча іх вялізная, гэта ж былыя заводзкія цэхі!). Хачу падзякаваць таксама кампаніі МТС.

Мы ў цеснай супрацы з грамадзкім аб’яднаньнем «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».

Наагул, пляны сфармаваныя да восені 2019 году. Таму мы паўгода не адпачывалі, мы працавалі.

З 22 чэрвеня па 2 жніўня ў новай культурнай прасторы Галерэі «Ў» — выставачны праект «Без выключэньняў! У працэсе». Галерэя працуе з 12 да 20 гадзін па адрасе: Менск, вуліца Кастрычніцкая, 19.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG