Суд Барысаўскага раёну 20 чэрвеня агучыў вырак шарагоўцу Ш., абвінавачанаму ў «парушэньні статутных правілаў» (ч. 1 і ч.2 арт. 443 КК РБ) і «злоўжываньні ўладай» (арт. 454 КК) – адзін год і тры месяцы зьняволеньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму.
Да таго мужчына быў пад хатнім арыштам, пасьля агучваньня выраку быў узяты пад варту ў залі суду. Прысуд пакуль не набыў сілу і можа быць абскарджаны.
У якіх менавіта дзеяньнях вайскоўца прызналі вінаватым, у паведамленьнях суду не ўдакладняецца. Паводле зьвестак Tut.by, мужчына служыў у вайсковай часьці ў Печах, але прысуд не зьвязаны са справай Коржыча.
Як расказвае БелТА, адзін з эпізодаў злачынства адбыўся на 227-м агульнавайсковым палігоне ў Барысаве. Шараговец быў днявальным у сутачным нарадзе па намётавым мястэчку гранатамётнага ўзводу, «жадаючы прадэманстраваць сваю ўяўную перавагу над вайскоўцам больш позьняга тэрміну прызыву», ён наўмысна ўжыў гвалт: «схапіў за рукаў форменнага адзеньня і зацягнуў у месца для мыцьця, дзе нанёс пацярпеламу ўдар у сьцягно нагой, абутай у чаравік з высокім берцам, штурхнуў, затым нанёс ня менш за чатыры ўдары рукамі ў вобласьць ніжняй часткі тулава, паваліў яго на зямлю і ўдарыў па сталёвым шлеме, надзетым на галаву пацярпелага».
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Сілавікі перад Лукашэнкам прызналі, што не зрабілі ўсяго, каб прадухіліць дзедаўшчыну
«Матэрыялы справы паказалі толькі пасьля ліста Лукашэнку». Як расьсьледуюць сьмерці ў войску
Вайсковая частка ў Печах стала шырокавядомай пасьля гвалтоўнай сьмерці там салдата Аляксандра Коржыча. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек, але сьледзтва прыйшло да высновы, што хоць цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай, гэта было самагубства. Маці Коржыча зьвярнулася ў Сьледчы камітэт і Адміністрацыю прэзыдэнта. Яна ня верыць у «самагубства» сына
Частка ў Печах мела вельмі нэгатыўную рэпутацыю і да сьмерці Коржыча. Сёлета быў шэраг прысудаў, не зьвязаных са справай Коржыча: прапаршчыка з вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня; сяржанту Арцёму Бердніку прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці; падпалкоўніка Дзьмітрыя Кісялара асудзілі на чатыры гады ўзмоцненага рэжыму за хабар у выглядзе пакункаў з каўбасамі, кавай і дарагімі сьпіртовымі напоямі; сяржанту Ўладзіславу Яльцу і яфрэйтару Максіму Малышку за «дзедаўшчыну» ў дачыненьні да пяцёх салдат далі адпаведна чатыры і тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. 29 траўня ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся працэс над старшым лейтэнантам Глебам Чайкоўскім за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту — біў салдат антэнай і сапёрнай лапаткай…