Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая дарога да Быкава


Васіль Быкаў (крайні зьлева) у Празе. 25 сакавіка 2000
Васіль Быкаў (крайні зьлева) у Празе. 25 сакавіка 2000

У 1999 у Беластоку выйшла кніга «Сьцяна» Васіля Быкава. Пераклады на польскую мову зрабілі Чэслаў Сэнюх і я. Для мяне гэта было нешта накшталт падсумаваньня і завяршэньня майго 30-гадовага знаёмства з прозай пісьменьніка.

Радыёпастаноўка называлася «Альпійская баляда», і яе назва ды сюжэт ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыцьцё

Упершыню з творчасьцю Быкава я сутыкнуўся пад канец 1960-х. Тады для мяне, падшпарка на падляскім хутары без электрычнасьці, амаль што адзіным спосабам лучнасьці з вонкавым сьветам культуры і літаратуры было радыё на батарэйках. Недзе ў 1968 або 1969 я пачуў на Польскім радыё п’есу пра ўцёкі зь нямецкага канцлягеру савецкага салдата Івана і італьянскай дзяўчыны Джуліі. Радыёпастаноўка называлася «Альпійская баляда», і яе назва ды сюжэт ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыцьцё.

Тое, што радыёп’еса ўзьнікла на падставе аднайменнай аповесьці Васіля Быкава, дайшло да мяне значна пазьней, ужо ў студэнцкія гады, калі пад канец 1970-х я пачаў больш-менш мэтанакіравана знаёміцца зь беларускай літаратурай, у першую чаргу праз старыя гадавікі «Маладосьці» і «Полымя», якія былі ў беларускім клюбе ў Варшаве. Тады я прачытаў у часопісных варыянтах «Мёртвым не баліць» і «Сотнікава»; у кнігарні зь беларускімі кнігамі ў Беластоку купіў «Пайсьці і не вярнуцца» ды «Яго батальён» пад адной вокладкай; у кнігарнях у Варшаве знайшоў польскія пераклады некаторых іншых аповесьцяў Быкава.

Васіль Быкаў у Празе. 25 сакавіка 2000
Васіль Быкаў у Празе. 25 сакавіка 2000

Перакладаць літаратуру на польскую мову я раней не плянаваў — жыцьцё само схіліла. У другой палове 1990-х мае калегі зь беларускага асяродзьдзя ў Беластоку прабілі дарогу да сякіх-такіх дзяржаўных датацый на выданьне перакладаў беларускіх аўтараў, якія апынуліся па-за разьмеркавальнікам дзяржаўных выдавецтваў у Менску. Як кажуць, было б грэхам не пакарыстацца такой нагодай. Таму ў 1998 годзе зьявіліся ў польскіх перакладах анталёгія «новай беларускай паэзіі» 1987—1997 гг. ды выбар гісторый з «Дамавікамэрону» Адама Глобуса. Арганізаваць талаку перакладчыкаў, перакладаць, рэдагаваць пераклады калегаў і пісаць пасьляслоўі давялося мне.

Спадарыня Рахань, хоць і ня ведала беларускай мовы, справілася са сваёй працай бліскуча

У 1999 мы з Чэславам Сэнюхам пераклалі ўсе апавяданьні са зборніка «Сьцяна», які ў 1997 годзе выйшаў у выдавецтве «Наша Ніва» пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца. Гэтым разам рэдагаваць пераклады я сам не наважыўся і папрасіў зрабіць гэта Яанну Рахань, супрацоўніцу вядомага польскага часопісу перакладной літаратуры «Literatura na Świecie». Спадарыня Рахань, хоць і ня ведала беларускай мовы, справілася са сваёй працай бліскуча. І я не пратэставаў, калі яна сказала, што апавяданьне «Музыка» я пераклаў зусім хранова і што трэба яго перакласьці нанава. Я сказаў рэдактарцы, што не змагу зрабіць гэта лепш, і мы пагадзіліся выключыць гэты тэкст з польскага выданьня.

Васіль Быкаў у Празе. 25 сакавіка 2000
Васіль Быкаў у Празе. 25 сакавіка 2000

Рэцэнзуючы нашы пераклады для часопісу «Rzecz o Książkach» (2000, № 5), польскі крытык Пётр Кэмпіньскі назваў іх выдатнымі, а пра саму прозу Быкава адзначыў:

«Наогул падаецца, што Быкаў піша кінэматаграфічна. У яго незвычайнае адчуваньне колеру, амаль абсалютны слых, а ягоная здольнасьць будаваць мэтафары зьбянтэжыла б не аднаго нобэлеўскага ляўрэата. У кожным сказе Быкава тоіцца драма, у шмат якіх апавяданьнях боль настолькі задушлівы, што ў герояў не застаецца сілы для якога-колечы, хаця б невялікага, бунту. Аднак амаль заўсёды яны захоўваюць годнасьць.»

Ці патрэбна лепшая рэкамэндацыя для перакладзенага аўтара? І для перакладчыка, дарэчы? (Ня верце, калі вам кажуць, што перакладчыкаў ня трэба хваліць. Яны ня менш ласыя на літаратурныя каўбасы, чым самі аўтары.)

Урэшце ў 2000 годзе мне пашчасьціла сустрэцца з самім Васілём Быкавам. Было гэта на адзначэньні угодкаў Беларускай народнай рэспублікі беларускай грамадой у Празе. Васіль Быкаў прыехаў на запрашэньне беларускай службы Радыё Свабода, здаецца, зь Нямеччыны. Я яму распавёў пра наша беластоцкае выданьне «Сьцяны», а пісьменьнік, які ў той час туляўся па сьвеце зь няяснымі пэрспэктывамі, як запэўніць сабе ўтрыманьне, пацікавіўся, ці за беластоцкае выданьне «Сьцяны» будзе хоць нейкі ганарар. Мне было ніякавата, бо я нічога канкрэтнага ня мог пісьменьніку адказаць…

На маім экзэмпляры польскай «Сьцяны» Васіль Быкаў пакінуў такі запіс: «Міламу перакладчыку і палітыку Янку Максімюку — з удзячнасьцю і на сяброўства (творчае і ўсё астатняе). В. Быкаў, 25 сак. 2000. Prag.»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG