Толькі дзясятая частка пляжаў Фэадосіі атрымалі санітарна-эпідэміялягічныя сэртыфікаты. Паводле начальніка тэрытарыяльнага аддзелу Расспажыўнагляду Расеі па Крыме Васіля Мізіна, пляжы без ліцэнзіяў давядзецца зачыняць.
Пры гэтым міністар турызму Крыму Вадзім Волчанка заяўляў, што за тыдзень да 1 чэрвеня пляжы былі гатовыя на 90%.
Крымскі эколяг Маргарыта Літвіненка прапануе ня верыць на слова расейскім чыноўнікам.
— Яны, вядома, аптымісты, калі казалі пра 90-працэнтную гатоўнасьць. У моры сьмецьце: кавалкі дрэва, плястыка, гнілыя водарасьці. На 1 чэрвеня нашы пляжы былі не гатовыя, хоць урад падпісаў 31 траўня распараджэньне аб пачатку курортнага сэзону. Мы прайшлі незалежнай грамадзкай інспэкцыяй і ўбачылі, што пляжы нават прыблізна не гатовыя. Адзіныя, хто гатовыя, — дык гэта бары, у іх ад гэтага наўпрост залежыць камэрцыйны прыбытак. Яны ўжо на пясок свае сталы выставілі, гатовыя працаваць хоць кругласуткава і вакол сябе сьмецьце ўжо прыбралі.
Маргарыта Літвіненка кажа, што ні разу ня бачыла ў бухце Сэвастопалю спэцыялізаванага судна, якое ачышчала б паверхню вады, як у папярэднія гады. Нават праверка «Расспажыўнагляду» не гарантуе бясьпекі пляжу, сьцьвярджае эколяг.
— Мэдыкі павінны агледзець санітарны стан пляжу, узяць аналізы якасьці вады ў павярхоўным пласьце, дзе купаюцца людзі, і выдаць свой дазвол. Але, як паказвае наш леташні досьвед, такіх заключэньняў шматлікім пляжам наогул не давалі, а там, дзе давалі, БАК-аналіз нават перавышаў норму. Знаходзілася і кішачная палачка. У нас каля шматлікіх пляжаў знаходзяцца каналізацыйна-помпавыя станцыі, і бываюць такія аварыйныя залпавыя выкіды, калі сьцёкі трапляюць проста ў мора.