Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктара акадэміі ў Горках засудзілі на тры гады. Пакуль ён на працоўным месцы


Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, архіўнае фота
Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, архіўнае фота

Рэктар Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі прызнаны вінаватым у злоўжываньні службовым паўнамоцтвамі. Суд Дрыбінскага раёну 12 чэрвеня пакараў яго 3 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Калі рашэньне суду набудзе моц, асуджаны будзе пазбаўлены права займаць цягам 5 гадоў пасады, зьвязаныя з арганізацыйна-распарадчымі, адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі. Акрамя таго, ён мае выплаціць штраф у памеры 300 базавых велічыняў (7350 рублёў).

Паводле прэсавай службы Магілёўскага абласнога суду, рэктар сваімі дзеяньнямі з карысьлівых намераў нашкодзіў правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Пакараньне яму вынесьлі на падставе 2 часткі 424 артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі, якая прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам.

У 2011 годзе Павал Саскевіч, піша Tut.by, тагачасны першы прарэктар акадэміі, фіктыўна ўладкаваў на працу свайго зяця. Праз тры гады, калі дачка ўжо рэктара разьвялася, пачаўся канфлікт. Пасьля чарговай сваркі былы зяць расказаў правахоўніку, што ў акадэміі ён фактычна не працаваў, а ўладкаваны быў фіктыўна.

Рэктар Саскевіч: «Нехта чужымі рукамі хоча загрэбці жар»

Пасаду рэктара ў сельгасакадэміі займае Павал Саскевіч. Яго ўдалося засьпець на працоўным месцы.

«Як пакараны? Яшчэ ж няма рашэньня», — адрэагаваў ён на пытаньне пра вырак суду.

На просьбу пракамэнтаваць крымінальную справу рэктар адзначыў: «Там незразумела, што яны хочуць. Няма доказаў і яны нават ня ведаюць, што напісаць. Нехта зноў чужымі рукамі хоча загрэбці жар».

На пытаньне пра пэрспэктывы кіраўніцтва вышэйшай навучальнай установы Павал Саскевіч адказаў: «Як будзе рашэньне, то і пагаворым».

Павал Саскевіч — доктар сельскагаспадарчых навук, прафэсар. На пасаду рэктара яго прызначылі 20 сакавіка 2014 году.

У Беларускай сельгасакадэміі ў Горках вучыўся прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG