Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч дапамагла шматдзетнай сям’і з Гомля, пра якую пісала Свабода

абноўлена

Антаніна Шайнюк зь дзецьмі
Антаніна Шайнюк зь дзецьмі

Нобэлеўская ляўрэатка ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч дапамагла грашыма шматдзетнай маці Антаніне Шайнюк з Гомля, чыёй сям’і пагражала пастаноўка на ўлік.

Сям’ю Шайнюк дырэктарка гомельскай школы № 3 Ніна Старажэнка пагражала паставіць на ўлік як сацыяльна праблемную.

«Я дасылаю на падтрымку сям’і Антаніны Шайнюк 2 тысячы рублёў», — сказала Свабодзе Сьвятлана Алексіевіч.

Шматдзетная маці была вельмі расчулена тым, што Алексіевіч патэлефанавала ёй, а сёньня даслала грашовы перавод.

«Вялікі дзякуй Сьвятлане Аляксандраўне! Гэта так нечакана для мяне, што яна зацікавілася лёсам маёй сям’і», — кажа Антаніна.

Жанчына сказала Свабодзе, што паведамленьне пра перавод паштарка прынесла ўранку, а па грошы параіла прыйсьці падвечар, бо раніцой у аддзяленьні сувязі не было такой сумы.

Дапамогу маці скарыстае на пагашэньне пазыкаў і адпачынак дзяцей.

Сьвятлану Алексіевіч уразіла, на чым грунтавала свае пагрозы кіраўніца школы: маўляў, Антаніна, якая адна гадуе чацьвярых дзяцей, несвоечасова сплачвае камунальныя плацяжы, а да таго ж трымае ў кватэры хворую аўчарку, якую пэдагог настойліва раіла ўсыпіць.

Дзеці Антаніны Шайнюк прывязаныя да сабакі, расьлі разам зь ёю. Яны просяць маці не аддаваць сабаку на згубу. Калі зноў прыйдзе камісія дасьледаваць жыльлёвыя ўмовы шматдзетнай сям’і, дзяўчаткі-школьніцы кажуць, што будуць хаваць сабаку, каб правяральшчыкі не пабачылі.

Пра канфліктную сытуацыю распавёў у відэасюжэце гомельскі блогер Арцём Шапараў. Ён стварыў у інтэрнэце групу падтрымкі шматдзетнай сям’і. Неабыякавыя людзі адгукнуліся — сабралі грошы, і сабаку праапэравалі ў вэтэрынарнай лячэбніцы. Сьвятлана Алексіевіч, са свайго боку, таксама падтрымала сям’ю матэрыяльна. Тым часам пісьменьніца штомесяц дапамагае грашыма інваліду трэцяй групы з Гомля Натальлі Васіленцы.

Сумнеўны каляж блогера Шапарава

Дырэктарка школы Ніна Старажэнка напісала ў міліцыю заяву, зьвінаваціўшы гомельскага блогера Шапарава ў зьнявазе гонару й годнасьці.

У застаўцы да YouTube-відэа пра шматдзетную сям’ю блогер зрабіў фотакаляж: «адзеў» дырэктарку школы ў чорную нацысцкую ўніформу.

Участковы Савецкага райаддзелу міліцыі на заяву дырэктаркі школы склаў на блогера Шапарава адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.10 КаАП — прапаганда і (ці) публічнае дэманстраваньне, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сымболікі альбо атрыбутыкі. Артыкулам прадугледжана пакараньне — штраф да 10 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. Пратакол міліцыя накіравала ў суд Савецкага раёну. Аднак той вярнуў пратакол на дапрацоўку, бо нацысцкая сымболіка ў фотакаляжы была затушаваная.

Блогер Шапараў сказаў Свабодзе, што міліцыя паслала ягоны фотакаляж на экспэртызу.

10 добрых справаў Сьвятланы Алексіевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG