Сёньня чатыры грузавыя аўтамабілі з гуманітарнай дапамогай зь Беларусі перасеклі беларуска-ўкраінскую мяжу.
Летась Беларусь дастаўляла гуманітарную дапамогу ў Кіеў, там яе разгружалі на складах міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.
«Сёлета будзе тры пункты — у Кіеве, а потым мы накіроўваемся ў Харкаў, а адтуль у Краматорск (Данецкая вобласьць і Севераданецк (Луганская вобласьць)», — паведаміў намесьнік міністра ў пытаньнях надзвычайных сытуацый Беларусі Аляксандар Худалееў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле яго, гуманітарны груз сфармаваны з прадуктаў харчаваньня, а таксама зь дзіцячай мэблі і лядоўняў на агульную суму 120 тысяч беларускіх рублёў. Худалееў дадаў, што прадукты харчаваньня будуць разьмяркоўвацца місіяй Міжнароднага Чырвонага Крыжа, а мэбля і халадзільнікі будуць дастаўленыя непасрэдна ў Данецкую ды Луганскую вобласьць.
«Мы зробім усё магчымае, каб лягістыка прайшла на найвышэйшым узроўні, безь перашкод. У нас ёсьць дамоўленасьці зь Міністэрствам унутраных спраў аб суправаджэньні грузу. На тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьці разьмешчана шмат блёк-пастоў, каб нашых партнэраў там не затрымлівалі», — дадаў намесьнік міністра Ўкраіны ў пытаньнях часова акупаваных тэрыторый і ўнутрана перамешчаных асобаў Георгій Тука.
Летась у ліпені прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка дамовіліся аб ажыцьцяўленьні гуманітарнай дапамогі Данецкай і Луганскай абласьцям без пасярэднікаў. Тады шмат украінскіх экспэртаў выказвалі асьцярогу, што такі крок ёсьць «прагматычным, добра пралічаным крокам расейскіх спэцслужбаў».
Гуманітарная дапамога без пасярэдніцтва: ці дапаможа Беларусь Расеі на Данбасе?
Савет Міністраў Беларусі зацьвердзіў адпаведную пастанову аб гуманітарнай дапамозе Ўкраіне сёлета ў красавіку.