Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Габрэйскі турызм» — як гэта разумець?


Леанід Сьмілавіцкі

Гісторыя — як жанчына, калі ставіцца да яе без належнай павагі, то яна адпомсьціць. Гэта непазьбежна, і гора таму, хто пра гэта забудзецца.

Для таго, каб даведацца пра гісторыю свайго народу, мне давялося зьехаць з Беларусі чвэрць стагодзьдзя таму. Цяпер азначыўся зваротны працэс. Каб расказаць, як жылі габрэі Беларусі, было вырашана задзейнічаць паняцьце «габрэйскі турызм». Здавалася, радасная зьява, якую трэба вітаць. Але ад словаў «габрэйскі турызм» так і вее камэрцыяй і кан’юнктурай.

Яны вяртаюцца. Якую Беларусь шукаюць габрэйскія турысты?

Турызм як паняцьце — гэта часовыя выезды (падарожжы) з забаўляльнымі, аздараўленчымі, спартовымі, гасьцявымі, пазнавальнымі і іншымі мэтамі без аплаты з мясцовай крыніцы. І гэта ўсё, што заслужылі габрэі за 400 гадоў жыцьця ў Беларусі?

Камэрцыя памяці не прывядзе да шуканага выніку. Вядома, за 30 гадоў шмат што зьмянілася. Калі ў савецкія часы слова «габрэй» стала фігурай змаўчаньня, а выкрыць у чалавеку габрэйства азначала яго пакрыўдзіць, то сёньня ў Беларусі словы «габрэй» і «габрэйскі» вырашылі зрабіць модным брэндам. Забаронены плод салодкі, таму ўсе, што зьвязана з габрэямі, цяпер выклікае цікавасьць.

Сёньня ў Беларусі словы «габрэй» і «габрэйскі» вырашылі зрабіць модным брэндам.

Беларусь як былая частка Рысы аселасьці была поўная габрэйскага жыцьця. Да лета 1941 году тут жыло ня менш за 1 млн. габрэяў або 10% насельніцтва рэспублікі. А калі прыняць да ўвагі, што габрэі былі гарадзкой нацыяй і складалі ад 40 да 70% жыхароў вялікіх і малых гарадоў Беларусі, то роля іх значна павялічваецца. Гэта былі настаўнікі, лекары, інжынэры, архітэктары, навукоўцы, пісьменьнікі, музыканты, мастакі, артысты, вайскоўцы, партыйныя і савецкія работнікі.

Што мы ведаем, як жылі яўрэі, як іх успрымалі беларусы, як яны самі любілі Беларусь, што зрабілі для яе? Як габрэі выконвалі традыцыю, удзельнічалі ў эканамічным, палітычным, культурным і грамадзкім жыцьці? Усё гэта неверагодна цікава, важна і павучальна. Чаму кажуць пра 800 тыс. габрэяў як ахвяраў Галакосту ў Беларусі, але не ўспамінаюць пра 4 партызанскія атрады, створаныя ўцекачамі зь менскага гета? Габрэі складалі ня менш за 70% лекараў і мэдычнага пэрсаналу сярод партызан Беларусі. У старым музэі гісторыі Вялікай айчыннай вайны пра гэта можна было прачытаць на стэндах экспазыцыі (да 2014 году), а ў новым велічным будынку музэю на праспэкце Пераможцаў — гэтага ўжо няма.

Габрэі складалі ня менш за 70% лекараў і мэдычнага пэрсаналу сярод партызан Беларусі.

Задамося пытаньнем, што засталося ў Беларусі ад габрэйскага жыцьця сёньня? Пасьля Галакосту, саветызацыі, барацьбы з касмапалітамі, сумнавядомым «габрэйскім буржуазным нацыяналізмам», сіянізмам, пасьля нівэляваньня нацыянальнага жыцьця, схаваных і адкрытых ганеньняў на габрэйскую культуру і навуку, забаронаў хадзіць у сынагогу і рэгістраваць абшчыны, сакрэтнай палітыкі дзяржаўнага антысэмітызму. Для гісторыка тут непачаты край работы. Пішу гэта як чалавек, які з 1995 году рэгулярна наведвае Беларусь у пошуках архіўнага і «чалавечага» матэрыялу.

Колькі вуліц у незалежнай Беларусі зьявілася, пачынаючы з 1991 году ў памяць аб габрэях, якія прынесьлі Беларусі пашану і павагу? Вуліца Шолама-Алэйхема ў Беларусі ёсьць толькі адна, але ня ў Мінску, а ў Лідзе. Дый зьявілася яна ў студзені 1940 году выпадкова. Ранейшая вуліца насіла імя Бэркі Ёсэлевіча — камандзіра габрэйскага палка ў паўстанцкай арміі Тадэвуша Касьцюшкі, які ваяваў супраць салдатаў Суворава. Але каб савецкіх дзеячоў не абвінавацілі ў антысэмітызьме, прозьвішча аднаго габрэя замянілі на другога. Дарэчы, амаль у кожным горадзе Беларусі да гэтага часу ёсьць вуліца Інтэрнацыянальная. Але хто сёньня памятае, што раней (да 1917 году) амаль у кожным горадзе была вуліца, якая называлася Габрэйская? Толькі ў Менску вуліцу Габрэйскую ў 1934 годзе перайменавалі ў Калектарную...

У Менску вуліцу Габрэйскую ў 1934 годзе перайменавалі ў Калектарную.

Габрэі захавалі пра сябе памяць у беларускай народнай сьвядомасьці. Старыя людзі памятаюць сваіх суседзяў. Як умелі сябраваць, працаваць, дапамагаць, суперажываць, на іх можна было спадзявацца. Захаваньне памяці прайшло некалькі этапаў. Спачатку габрэі захацелі расказаць пра сябе (з пачаткам Перабудовы). Так зьявіліся ўспаміны, мэмуары, сямейныя гісторыі. Потым пра габрэяў пачалі ўспамінаць іх беларускія сябры, калегі, суседзі, аднакашнікі, паэты і пісьменьнікі, людзі мастацтва.

Апошнімі гадамі назіраецца ўстойлівы рост цікавасьці да габрэйскай гісторыі, таго ўнёску, які ўклалі габрэі ў станаўленьне і разьвіцьцё Беларусі. Ці можа даць адказ на гэтую цікавасьць так званы «габрэйскі турызм»? Ці гэта толькі забаўляльныя мерапрыемствы з мэтай адарваць чалавека ад будняў, паказаць прыгажосьць беларускай прыроды і месцы, дзе калісьці жылі габрэі, пачаставаць нацыянальнай кухняй?

Ці правамерна выкарыстоўваць турызм (забаву і адпачынак) для аповеду аб габрэйскай гісторыі? Ці можна называць турызмам наведваньне габрэйскіх магіл, месцаў масавых расстрэлаў? Або габрэйскіх могілак, якія ў сваёй большасьці закінутыя і занядбаныя? Або руінаў сынагог як апошняга сьведчаньня матэрыяльнай прысутнасьці яўрэяў у Беларусі?

Тэрміналёгія тут выключна важная. Ад яе дакладнасьці залежыць разуменьне пастаўленай задачы і посьпех усёй справы. Я здагадваюся, што выраз «габрэйскі турызм» пайшоў ад ангельскага «Jewish Tour». Але Tour (тур) — гэта падарожжа, а не «турызм» (экскурсіі, паездкі, пікнікі). На іўрыце гэта гучыць яшчэ больш вызначана — «tiyul šorašim», гэта значыць — вяртаньне да каранёў. Таму правільна казаць не пра габрэйскі турызм, а пра падарожжы па сьцежках габрэйскай гісторыі.

Беларусь павінна ўспомніць пра сваіх габрэяў.

Адраджэньне грамадзкай цікавасьці да габрэйскай гісторыі ўцешнае. Але варта пазьбягаць прафанацыі. Чыноўнікі ад культуры ў Менску, якія прыдумалі гэтую задуму, дакладней, «узялі яе на пракат» у суседніх краінах (Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі), задумалі накіраваць паток людзей, якія цікавяцца габрэйскай гісторыяй, у Беларусь.

Беларусь павінна ўспомніць пра сваіх габрэяў. Тут ёсьць што паказаць і расказаць, чым ганарыцца, чаму павучыцца. Але гэта толькі вяршыня «айсбэрга». Без сур’ёзнай, фундамэнтальнай і доўгачасовай працы не абысьціся, бо кожны, хто прыедзе на радзіму продкаў, якія жылі і паміралі за Беларусь, будзе зьдзіўлены, што ў Беларусі нічога не засталося ад габрэйскай памяці. Няма дзяржаўных музэяў, школ і газэт, энцыкляпэдый. Гісторыя габрэяў ня вывучаецца ва ўнівэрсытэтах, няма стыпэндый, грантаў, дасьледчых праектаў. Апошняя навуковая канфэрэнцыя па гісторыі габрэяў Беларусі праводзілася ў Менску ў 1993 годзе.

Усё гэта павінна зьявіцца, на гэта ёсьць падстава і мусіць быць выяўлены дзяржаўны інтарэс. У габрэйскай гісторыі ёсьць як сьветлыя, так і цёмныя бакі, шмат застаецца невядомага, незразумелага і нявывучанага. Мы жывем у сьвеце, які робіцца ўсё больш празрыстым, дасяжным, менш прадузятым, а людзі маюць зносіны адзін з адным без пасярэднікаў. Межы адкрыліся, а паняцьці прававой дзяржавы і грамадзянскіх свабодаў перасталі быць пустым гукам.

Нельга дапусьціць прафанацыі вывучэньня гісторыі габрэяў у Беларусі.

Калі камусьці здалося, што прыцягненьне нашчадкаў габрэяў зь беларускімі каранямі — гэта «лёгкія грошы», то гэта вялікая памылка. Дух камэрцыі і вывучэньне гісторыі роднага краю нельга сумясьціць. «Габрэйскі турызм» не павінен стаць габрэйскай каўбасой, у якую цішком дадаюць сьвініну, каб яна стала смачнейшай і лепш прадавалася.

Нельга дапусьціць прафанацыі вывучэньня гісторыі габрэяў у Беларусі — вялікай і патрэбнай справы, якая так доўга чакала свайго часу. Вось чаму я супраць недарэчнага тэрміна «габрэйскі турызм».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG