На сайце Petitions.by запушчаная кампанія пад кароткай назвай «Ігара Шуневіча — у адстаўку».
Замест Ігара Шуневіча ў пэтыцыі патрабуюць прызначыць «чалавека, які не кампрамэтаваў бы МУС Беларусі сваімі неадназначнымі, недастаткова кампэтэнтнымі і ўзважанымі выказваньнямі, а таксама ўстрымаўся бы ад нашэньня формы НКВД, у якой у часы сталінскіх рэпрэсіяў дзясяткі тысяч беларусаў расстрэльвалі і катавалі».
«Міністар унутраных справаў Беларусі не павінен кампрамэтаваць імідж нашай краіны, носячы форму НКВД і робячы заявы аб неабходнасьці абмежаваньня правоў ЛГБТ-грамадзянаў», — пішуць у тлумачэньні да збору подпісаў.
У пэтыцыі сьцьвярджаецца, што Шуневіч перавышае свае службовыя паўнамоцтвы, выказваючыся ў пытаньнях, за якія адказны МЗС; выражае непрыязнасьць да сацыяльнай групы грамадзянаў (выказаўся ў падтрымку «гамафобнай заявы» МУС), чым намякае на адмову бараніць іхныя правы; падрывае імідж Беларусі «як сучаснай, бясьпечнай, прававой эўрапейскай дзяржавы».
Нядаўнюю пэтыцыю адносна «гамафобнай заявы» МУС падпісалі больш як 1800 чалавек. Але начальнік упраўленьня грамадзкіх сувязяў МУС Георгі Еўчар у адказе на зварот ня даў адказу, ці будзе правераная законнасьць выказваньняў з заявы.
Год таму адстаўкі Шуневіча патрабавала партыя БНФ, два гады таму дзьве пэтыцыі за адстаўку Шуневіча набралі 4700 і 1300 подпісаў і засталася без адказу ад уладаў.