Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд знайшоў нітраты ў беларускім малацэ


Спэцыялісты Рассельгаснагляду выявілі перавышэньне нормы нітратаў у пітным малацэ сямі беларускіх прадпрыемстваў і будуць праводзіць у сувязі з гэтым расьсьледаваньне, паведаміла 6 чэрвеня журналістам у Маскве афіцыйная прадстаўніца ведамства Юлія Мелана.

«Пры чарговым кантролі нашы лябараторыі выявілі ў малочнай прадукцыі беларускай вытворчасьці нітраты», — цытуе Мелану расейскае інфармагенцтва ТАСС.

У прыватнасьці, нітраты выяўленыя ў пітным ультрапастэрызаваным малацэ вытворчасьці ААТ «Менскі малочны завод № 1», СТАА «Данон Пружаны», ГП «Малочны гасьцінец», Салігорскага філіялу ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». Акрамя таго, нітраты знайшлі ў пітным стэрылізаваным малацэ вытворчасьці Нарачанскага філіялу ААТ «Маладэчанскі малочны камбінат» і ў малацэ пастэрызаваным ПУП «Аршанскі малочны камбінат».

Як нагадала Мелана, у адпаведнасьці з тэхнічным рэглямэнтам Мытнага саюзу, наяўнасьць у малацэ і малочнай прадукцыі такіх нітратаў, як нітрат калію (Е251) і нітрат натрыю (Е250), не дапускаецца. Паводле яе, многія экспэрты мяркуюць, што нярэдка нітраты дадаюць у малако з мэтай выраўноўваньня ўзроўню бялку і стабілізацыі (недапушчэньня скісаньня) ультрапастэрызаванага малака.

«У сувязі з гэтым Рассельгаснаглядам прынятае рашэньне аб правядзеньні ўласнага расьсьледаваньня з мэтай вывучэньня прычын наяўнасьці рэшткавых колькасьцяў нітратаў у малацэ і малочнай прадукцыі», — дадала прадстаўніца ведамства.

Да нэгатыўных уздзеяньняў нітратаў на арганізм чалавека адносяцца слабасьць, пагаршэньне самаадчуваньня, парушэньне функцый нэрвовай сыстэмы, сэрца, тканак нырак і печані, парушэньне мікрафлёры кішэчніку.

4 чэрвеня Рассельгаснагляд аб’явіў аб увядзеньні з 6 чэрвеня часовых абмежаваньняў на пастаўкі ў Расею малака і некаторых іншых відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі, якая паступае як на перапрацоўку (сыравіну), так і ў спажывецкай тары аб’ёмам звыш 2,5 літра. Забарона датычыцца малака і вяршкоў пастэрызаваных, стэрылізаваных і ультрапастэрызаваных налівам; малака і вяршкоў сухіх, канцэнтраваных, кансэрваваных і згушчаных; сыроваткі малочнай наліўной, канцэнтраванай, сухой; канцэнтрату сыроватачнага і малочнага бялку.

5 чэрвеня рашэньне аб абмежаваньні паставак беларускай малочнай прадукцыі пракамэнтаваў міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц: ён назваў рашэньне Рассельгаснагляду Чарговым пратэкцыянісцкім крокам.

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) прызнала забарону на пастаўку ў Расею асобных відаў беларускай малочнай прадукцыі парушэньнем дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

8 чэрвеня ў Маскве плянуецца сустрэча беларускага віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага з новым міністрам сельскай гаспадаркі Аляксеем Гардзеевым для вырашэньня праблемных пытаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG