У пікетоўцаў каля рэстарацыі «Паедзем паядзім», якая адкрылася ў забаўляльным комплексе за 50 мэтраў ад Курапатаў, міліцыянты адабралі намёт.
Актывісты, якія пікетуюць рэстарацыю з 31 траўня, меліся паставіць гэты намёт каля брамы рэстарацыі, каб весьці кругласуткавае дзяжурства.
Спачатку супрацоўнік у цывільным, які не назваўся, узяў намёт у аднаго з актывістаў нібыта для агляду, але потым перадаў яго міліцыянтам, загадаўшы агледзець на наяўнасьць забароненых рэчаў. У выніку намёт не вярнулі.
Пазьней актывісты прывезьлі пікетоўцам іншы намёт, які ўдалося паставіць. Аднак міліцыя праз пяць хвілін яго зьнесла.
Рэстаран ля Курапатаў запрацаваў, нягледзячы на пратэсты
Падчас усталяваньня намёта затрымалі карэспандэнтку «Белсату» Кацярыну Андрэеву. У Бараўлянскім райадзьдзеле міліцыі на яе склалі пратакол за працу без акрэдытацыі. Пачынаючы з 2017 года гэта 8-ы аналягічны пратакол. Па ранейшых Кацярына Андрэева была пакараная штрафамі.
Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран
Рэстарацыю пад лесам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі дзясяткі або сотні тысяч чалавек, зьбіраюцца адкрыць на месцы комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол». Той комплекс пачалі будаваць у ахоўнай зоне мэмарыялу, але пасьля пачатку будаўніцтва межы ахоўнай зоны пасунулі.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, у Курапатах — лясным масіве пад Менскам — з 1937 па 1941 гады карнікі НКВД расстралялі ад 30 да 250 тысяч чалавек.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Дагэтуль дакладна невядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», прадстаўнікі якога не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.