Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўдзельнікаў «Астравецкага шляху» ў Заслаўі склалі пратаколы


Чарнобыльскі шлях даў пачатак Астравецкаму
Чарнобыльскі шлях даў пачатак Астравецкаму

На ўдзельнікаў акцыі «Астравецкі шлях», якая прайшла 26 траўня ў Заслаўі, складаюць пратаколы аб «парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, пратакол атрымаў намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук. Такія ж пратаколы складзеныя яшчэ на палітыкаў і актывістаў Вячаслава Сіўчыка, Ігара Лялькова, Яна Лагвіновіча ды іншых. Працэсы будуць праходзіць у судзе Менскага раёну, даты пакуль ня вызначаныя..

Дзьмітры Кучук ня лічыць травеньскую акцыю «вулічным мерапрыемствам».

Дзьмітры Кучук
Дзьмітры Кучук

«Як такога мітынгу і не было: Павал Севярынец расказаў пра гісторыю Заслаўя, затым прайшоў круглы стол», — адзначыў ён у размове зь БелаПАН.

Акцыя складалася з наведваньня розных памятных месцаў горада і круглага стала па атамнай праблематыцы. Агулам былі задзейнічаныя каля двух дзясяткаў палітыкаў і грамадзкіх актывістаў з дэмакратычных арганізацый.

Першапачаткова арганізатары плянавалі правесьці ў Заслаўі вулічную акцыю, прысьвечаную наступствам аварыі на Чарнобыльскай АЭС і пагрозам, зьвязаных з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы. Аднак яе не дазволілі мясцовыя ўлады.

Сёлета аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху», які штогод праходзіць 26 красавіка ў гадавіну аварыі на ЧАЭС, вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га чысла ў гарадах, разьмешчаных паміж Менскам і Астраўцом — Заслаўі, Радашкавічах, Маладэчне, Вялейцы, Смаргоні, Ашмянах.

Сэрыя акцый мае завершыцца 26 лістапада ў Астраўцы. Заяўка на правядзеньне 26 чэрвеня акцыі ў Радашкавічах яшчэ не пададзена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG