Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі дзьве жанчыны галадаюць трынаццаты дзень

абноўлена

Аксана Філіпенка і Алена Грынько на кухні, якую ўлады патрабуюць выкупіць
Аксана Філіпенка і Алена Грынько на кухні, якую ўлады патрабуюць выкупіць

Трынаццаты дзень галадаюць у Гомлі 33-гадовая Алена Грынько і 48-гадовая Аксана Філіпенка, якія пратэстуюць супраць «штучна створаных камунальных беспарадкаў» і празь «невыкананьне мясцовымі ўладамі абавязаньняў ва ўладкаваньні жыцьця жыхароў гораду».

«Слабасьць адчуваецца, горыч у роце. Дзень таму выклікала хуткую дапамогу — ціск быў высокі. У Алены пэрыядычна ваніты падключаюцца», — расказала Аксана Філіпенка.

Пры гэтым Аксана дадае, што 3 траўня яны з Аленай былі на прыёме ў аблвыканкаме ў памочніка прэзыдэнта — інспэктара па Гомельскай вобласьці Юрыя Шулейкі, пакінулі яму пісьмовыя заявы.

Філіпенка расказала пра тое, што іх дом, дзе 90 адсоткаў кватэраў прыватызаваныя, гарадзкія ўлады зрабілі інтэрнатам; што немагчыма заключыць дамовы на забесьпячэньне прыватызаваных кватэраў электраэнэргіяй.

Алена Грынько, якая ў прыватызаванай кватэры засталася зь сям’ёю без уласнай кухні, ванны і прыбіральні, у адчаі прасіла паспрыяць, каб жыльлёва-камунальныя службы разьмежавалі яе кватэру і падсобныя памяшканьні, паколькі аддалі іх пад інтэрнат.

«Адказ на нашыя заявы ад памочніка прэзыдэнта мы так і не атрымалі, хоць мінуў ужо месячны тэрмін», — дадае Аксана Філіпенка.

5 чэрвеня галадоўніцы накіравалі тэлеграму на імя кіраўніцы Адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Качанавай. Яны просяць паўзьдзейнічаць на памочніка прэзыдэнта ў рэгіёне Юрыя Шулейку, які цягам месяца не адказаў на іхнія заявы і сышоў у адпачынак. Заявы жанчыны 3 траўня вазілі ажно ў Ельск, дзе Шулейкам быў арганізаваны прыём грамадзянаў.

«Нам тады давялося ехаць амаль за дзьвесьце кілямэтраў у Ельск, бо ні да Шулейкі, ні да „губэрнатара“ на асабісты прыём у Гомлі не запісвалі», — тлумачыць Філіпенка.

У тэлеграме на імя Натальлі Качанавай жанчыны ўказалі таксама, што 24 траўня абвясьцілі бестэрміновую галадоўку, аб чым пісьмова паведамілі ў адміністрацыю Навабеліцкага раёну Гомлі.

Як сьцьвярджаюць галадоўніцы, жыхары дома № 14 па вуліцы Ўрыцкага апынуліся ў небясьпечным становішчы. Дом ня меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыльлёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнэргія пэрыядычна зьнікае. Людзі баяцца пажару. Дом № 14 раней належаў чыгунцы. Прыняўшы гэты дом у гарадзкую камунальную уласнасьць, улады зрабілі яго інтэрнатам. Прыватызаваную кватэру Алены Грынько адміністрацыя Навабеліцкага раёну праз суд пакінула бяз кухні, ванны, прыбіральні і патрабуе цяпер выкупіць усё гэта за 18,7 тысячы рублёў.

Дом 14 на вуліцы Ўрыцкага у Гомлі
Дом 14 на вуліцы Ўрыцкага у Гомлі

Жыхары дома ня могуць заключыць наўпроставыя дамовы з энэргетыкамі на забесьпячэньне кватэраў, бо раённае камунальнае прадпрыемства гэта зрабіла ад свайго імя як для інтэрнату.

На думку галадоўніц, такім чынам ажыцьцяўляюцца карупцыйныя схемы папаўненьня даходаў камунальнікаў і ўзбагачэньня за кошт жыхароў.

Алена Грынько і Аксана Філіпенка дамагаюцца сустрэчы з Аляксандарам Лукашэнкам, каб расказаць яму пра штучна створаныя камунальныя беспарадкі, невыкананьне мясцовымі ўладамі абавязаньняў ва ўладкаваньні жыцьця жыхароў гораду.

У Гомлі дзьве жанчыны абвясьцілі галадоўку з камунальных прычын

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG