На сайце relax.by зьявілася рэкляма рэстарацыі «Поедем поедим», якая мае распачаць працу за 50 мэтраў ад Курапацкага мэмарыялу на базе забаўляльнага комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол».
У профілі рэстарацыі пазначана кампанія ТАА «Амізбел», аднак незразумела, ці ўласьнік яна, ці арандатар установы. Юрыдычны адрас кампаніі супадае з адрасам рэстарацыі «Поедем поедим».
Свабода датэлефанавалася па пазначаным тэлефоне і даведалася, што рэстарацыя працуе ў «тэставым рэжыме і пакуль не адкрылася для наведнікаў».
«Забраніраваць столік можна будзе на наступным тыдні», — сказалі Свабодзе.
У Курапатах прайшоў мітынг супраць «рэстарацыі на костках». ФОТА, ВІДЭА
Паведамляецца, што ў рэстарацыі тры залі для мерапрыемстваў агулам на 200 і больш чалавек. Кухня каўкаская і славянская. Тут можна праводзіць банкеты на адкрытым паветры. Апроч банкетнага абслугоўваньня прапануюцца магчымасьці для дзелавых перамоваў, дзён народзінаў, канфэрэнцый, карпаратыўнага абслугоўваньня, арганізацыі дзіцячых сьвятаў, прэзэнтацый, вясельляў, сэмінараў і фуршэтаў.
Сёньня адбылася акцыя абаронцаў Курапатаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим». Вароты на тэрыторыю забаўляльнага цэнтру былі зачыненыя, але пасьля заканчэньня акцыі аўтафургоны сталі завозіць туды прадукты.
Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». Ейны дырэктар Андрэй Ярмоленкаў сказаў праз тэлефон Свабодзе: маўляў, «усё афіцыйна, чытайце на сайтах, рэкляма ёсьць».
Каля МКАД усталяваны банэр з рэклямай рэстарацыі.
У сьнежні 2017 году Ярмоленкаў пацьвердзіў «Белсату», што ён уласьнік «аб’екта на 51-м кілямэтры», які здае ў арэнду.
У Менаблвыканкаме карэспандэнту Свабоды адмовіліся назваць уладальніка, бо рэстаран, маўляў, не адкрыўся. У Менрайвыканкаме сказалі, што ёсьць афіцыйны дазвол на адкрыцьцё рэстарацыі. На пытаньне, ці зьяўляецца ўладальнікам комплексу кампанія «БелРэстІнвэст», сказалі: «Відаць, так».
«Сказаць „не“ злачынству». Грамадзкасьць пра адкрыцьцё рэстарацыі ля Курапатаў
Рэстарацыю пад лесам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек, зьбіраюцца адкрыць на месцы комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол». Той комплекс пачалі будаваць у ахоўнай зоне мэмарыялу, але пасьля пачатку будаўніцтва межы ахоўнай зоны пасунулі. У Менаблвыканкаме абаронцам Курапатаў паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца. Але які лёс яе чакае далей, невядома.
Адзін зь лідэраў абароны Курапатаў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заяўляў, што, «калі спатрэбіцца, людзі за Курапаты будуць стаяць насьмерць». За дзень да мітынгу ва ўрочышчы актывісткі Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская паставілі фігуру з плякатам «Мяне забілі ў Курапатах, на костках зробілі „кабак“». У інтэрнэце ідзе збор подпісаў супраць рэстарацыі.
Як зьявіўся «Бульбаш-хол»
Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.
Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.
Асноўнае пра Курапаты
Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».
16 лютага 2017 году грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў ад будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.
Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.
Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.