Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новым начальнікам «лясной» Дзяржінспэкцыі начальніка памежнага спэцназу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне новага начальніка Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Дзяржінспэкцыю ўзначаліць Юры Церцель, які да гэтага часу зьяўляўся начальнікам Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў або так званага памежнага спэцназу.

Зьвяртаючыся да Юрыя Церцеля, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Дзяржінспэкцыі неабходна навесьці жалезны парадак.

3 траўня Лукашэнка пазбавіў пасады старшыню Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Сяргея Новікава і ягонага намесьніка Аляксандра Дуньковіча «за непрыняцьце захадаў для прадухіленьня правапарушэньняў і фактаў карупцыі ў падведамасных арганізацыях».

Як паведаміў тады старшыня КДБ Валеры Вакульчык, былі заведзеныя тры крымінальныя справы, у якіх праходзяць 14 службовых асобаў Інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету і 22 браканьеры, і падкрэсльў, што гэтыя лічбы не канчатковыя і, хутчэй за ўсё, будуць зьмяняцца цягам сьледзтва.

Выканаўцам абавязкаў начальніка Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету быў прызначаны Аляксандар Назаранка.

Лукашэнка абураўся Дзяржаўнай інспэкцыяй

У сваім пасланьні народу і парлямэнту 24 красавіка Лукашэнка згадаў Дзяржаўную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце.

Ён распавёў пра выпадак, калі «загружаюць фуру гэтай рыбай, ужо, напэўна, напалову здохлай, і вязуць у Менск і па адрасах развозяць».

«Але калі ўжо хочаце рыбы паесьці, ну скажыце. У вас, у міністраў, прамая сувязь са мной, патэлефануйце мне, і я знайду вам, як рыбу прывезьці. Не няслаўцеся. Пры тым мы ж не забараняем ні рыбалку, ні паляваньне. Ідзіце палюйце па законе, па правілах, рыбачце», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка 15 лютага звольніў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча, а таксама міністра спорту, за правал у барацьбе з карупцыяй. Новаму «лясному» міністру Віталю Дрожжу, прызначанаму 5 красавіка, ён загадваў «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы.

На момант публікацыі Дрожжа адзначыўся на новай пасадзе хіба неадназначнай гісторыяй з выдаленьнем фота сваіх паляўнічых трафэяў — пра захады ж дзеля барацьбы з карупцыяй не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG