Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь далучыцца да Міжнароднага алімпійскага дня закладкай нацыянальнага стадыёну для пляжнага футболу


Спартовыя функцыянэры і атлеты, арганізатары Міжнароднага алімпійскага дня ў Беларусі
Спартовыя функцыянэры і атлеты, арганізатары Міжнароднага алімпійскага дня ў Беларусі

Пад патранажам Нацыянальнага алімпійскага камітэту 2 чэрвеня ў Менску будзе сьвяткавацца Міжнародны алімпійскі дзень. Дэвіз імпрэзы — «Рухайся! Адкрывай! Вывучай!», уваход бясплатны.

Ад алімпійскага руху барона Кубэртэна да даўгабуду «Дынама»

Роўна 70 гадоў таму на сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) у швайцарскім Санкт-Морыцы было прынятае рашэньне штогод адзначаць Міжнародны алімпійскі дзень. Дату выбралі не выпадковую: 23 чэрвеня 1894 году быў створаны МАК — пасьля таго, як галоўны адраджэнец алімпійскага руху барон П’ер дэ Кубэртэн агучыў свой гістарычны даклад на міжнародным атлетычным кангрэсе ў Парыжы.

Разам з тым МАК дае магчымасьць Нацыянальным алімпійскім камітэтам краін самастойна вызначаць тэрміны, строга не прывязваючыся да гістарычнай нагоды.

У Беларусі імпрэза адзначаецца трэці раз. Дагэтуль месцам збору быў Парк Горкага, сёлета месцам сьвяткаваньня — САК «Алімпійскі». Акурат праз год у рамках II Эўрапейскіх гульняў-2019 на тэрыторыі комплексу пройдуць спаборніцтвы ў пляжным футболе. 2 чэрвеня адбудзецца сымбалічная закладка нацыянальнага стадыёну і ўстановяць памятную шыльду.

Да самога Міжнароднага алімпійскага дня 23 чэрвеня нарэшце абяцаюць здаць шматпакутны стадыён «Дынама». Яго рэканструкцыя расьцягнулася на доўгія сем гадоў і невядома, калі работы нарэшце завяршылі б, каб не Эўрагульні.

Спартовыя схільнасьці дзіцяці вызначыць перасоўная лябараторыя

Як адзначыў начальнік аддзелу разьвіцьця алімпійскага руху НАК Дзьмітры Даўгалёнак, найперш сёлетняе сьвяткаваньне арыентавана на дзяцей. 35 фэдэрацый па відах спорту арганізуюць свае пляцоўкі, дзе кожны ахвотны зможа прайсьці кароткі навучальны курс у той ці іншай дысцыпліне. А бацькі атрымаюць інфармацыю пра спартовыя школы, якія яны змогуць выбраць для наведваньня.

Чалец нацыянальнай зборнай, канькабежка Марына Зуева (зьлева) і алімпійская прызэрка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя
Чалец нацыянальнай зборнай, канькабежка Марына Зуева (зьлева) і алімпійская прызэрка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя

Паводле дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру спорту Генадзя Загароднага, установа арганізуе перасоўную лябараторыю, дзе можна прайсьці дыягностыку функцыянальнага стану арганізму і вызначыць схільнасьць дзіцяці да пэўных відаў. Адначасова Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва падрыхтуе тэсты на веданьне антыдопінгавых правілаў.

Заплянаваная вялікая колькасьць конкурсаў, якія будуць ладзіцца паводле прынцыпаў алімпійскага квэсту. Задача — выканаць 20 заданьняў, па адным ад кожнага віду спорту. За 10 пасьпяхова выкананых— спартовая бутэлька, за 15 — торба для зьменнага абутку, за 20 — гадзіньнік з крокамерам.

Уганараваныя атлеты падтрымаюць інклюзіўны спорт

Плянуецца, што ў імпрэзе возьмуць удзел чэмпіёны і прызэры Алімпійскіх гульняў, пераможцы міжнародных турніраў: вясьляр Аляксандар Багдановіч, біятляністка Надзея Скардзіна, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, баскетбалістка Тацяна Белашапка, хакеіст Міхаіл Грабоўскі, раварыстка Натальля Цылінская, гімнасткі Аляксандра Наркевіч і Ксенія Санковіч ды іншыя.

Алімпійскае сьвята таксама падтрымлівае інклюзіўны кірунак. Таму сярод удзельнікаў — грамадзкія абʼяднаньні «Дзеці, аўтызм, бацькі», Беларускі камітэт «Спэшыял Алімпікс», прадстаўнікі дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі.

Як адзначыла алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя, многія выдатныя спартоўцы далучыліся да інклюзіўнага руху, а на пляцоўцы «Талака» стартавала краўдфандынгавая кампанія ў дапамогу дзецям з адметнасьцямі разьвіцьця.

Сярод тых, хто будзе спрыяць адаптацыі маленькіх беларусаў праз заняткі спортам, — фрыстайлістка Ала Цупер, біятляністка Надзея Скардзіна, яхтвумэн Тацяна Драздоўская, хакеіст Аляксей Калюжны і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG