Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі выканалі яшчэ два сьмяротныя прысуды


Ілюстрацыйнае фота. Асуджаныя да сьмяротнага пакараньня
Ілюстрацыйнае фота. Асуджаныя да сьмяротнага пакараньня

Падчас разгляду ў Вярхоўным судзе апэляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, якія атрымалі сьмяротны прысуд за забойства трох чалавек, стала вядома пра выкананьне прысуду ў дачыненьні двух іншых «сьмяротнікаў», паведаміў Свабодзе праваабаронца «Вясны»​ Андрэй Палуда.

Паводле Вячаслава Сухаркі, насуперак закону ён знаходзіўся ў камэры сьмяротнікаў, хоць прысуд наконт яго яшчэ не набыў сілу. Зь Міхаленем і Лётавым ён прасядзеў чатыры месяцы.

«Я сядзеў у камэры сьмяротнікаў, у якіх прысуд ужо набыў моц. Зь 15 на 16 траўня забралі з камэры Міхаленю і Летава», — распавёў Сухарка.

30-гадовы Віктар Лётаў быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня за трэцяе забойства, якое ўчыніў у Глыбоцкай турме, дзе ўжо адбываў пакараньне за забойства. Віцебскі абласны суд прыгаварыў яго да найвышэйшай меры пакараньня 22 верасьня 2017 году. Прысуд, які ў кастрычніку 2017 году зацьвердзіў Вярхоўны суд, Лётаў не абскарджваў.

32-гадовы Аляксей Міхаленя — неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі, які ўчыніў у сакавіку 2016 году забойства суседзяў-пэнсіянэраў.

Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў. Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Нядаўна дэпутат ка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч заявіў, што «Беларусь павольна і дакладна ідзе да адмены сьмяротнага пакараньня» і ён «не выключае паўторнага рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні».

Улады Беларусі традыцыйна не паведамляюць аб выкананьні сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў альбо ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.

Паводле апошніх зьвестак, сьмяротнага пакараньня ў Беларусі цяпер чакаюць чатыры чалавекі — уключаючы Аляксандра Жыльнікова і Вячаслава Сухарка, якія сёньня абскарджваюць прысуд.

300 сьмяротных выракаў за часы незалежнасьці. 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG