Сьвятары і клерыкі прызыўнога ўзросту ня пойдуць сёлета на вайсковую службу, нягледзячы на позвы з ваенкаматаў, паведаміў Радыё Свабода шэраг крыніцаў у каталіцкіх колах.
Абноўлена 11.50 28 траўня. Як паведаміў Свабодзе ксёндз-канонік Антоні Грэмза, клерыкі і сьвятары прызыўнога ўзросту атрымалі адтэрміноўку да будучага лютага. Пра гэта стала вядома праз вуснае паведамленьне ад уладаў па тэлефоне.
Прадстаўнікі духавенства кажуць, што прэзыдэнцкі ўказ аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы для гэтай катэгорыі прызыўнікоў ужо нібыта падпісаны. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.
У траўні дзясяткі будучых і дзейных каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы з ваенкаматаў. Першыя клерыкі і сьвятары мусілі накіравацца ў войска ўжо 28 траўня.
Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Ярархі Беларускай праваслаўнай Царквы таксама зьвярнуліся па тлумачэньні ў Міністэрства абароны.
Сытуацыя, калі духавенства прызывалі служыць так масава, склалася ўпершыню. Раней, як паведамлялі Свабодзе прадстаўніці духавенства, здараліся адзінкавыя выпадкі прызыву праз памылку, але такія сытуацыі хутка вырашаліся.
Агулам для сэмінарыстаў і сьвятароў раней дзейнічала адтэрміноўка ад войска. Кіраўніцтва сэмінарый рыхтавала сьпісы навучэнцаў і перадавала іх у дзяржаўныя органы. Рашэньне аб адтэрміноўцы штогод прымаў кіраўнік дзяржавы і ўзгадняў адмысловы указ.