Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ўлічвае інтарэсаў Расеі». Як у Менску ацанілі вынікі «Ўсходняга партнэрства»


Краіны «Ўсходняга партрнэрства» на мапе
Краіны «Ўсходняга партрнэрства» на мапе

Дзесяцігодзьдзю ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» на міжнародным форуме «Менскі дыялёг» быў прысьвечаны круглы стол з удзелам палітыкаў і экспэртаў.

Найбольш парадаксальна, як ён сам сказаў, «правакацыйна», выказаўся выкладчык Амэрыканскага ўнівэрсытэту Армэніі Гаванэс Нікагасьян. Паводле яго, шэсьць дзяржаваў «Усходняга партнэрства» (а гэта Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна) працуюць ня разам, а кожная сама па сабе.

Гэта адбываецца таму, што ў Эўразьвязу ёсьць абмежаваная сума грошай на дапамогу ўдзельнікам праграмы. І за гэтыя грошы якраз і канкуруюць шэсьць дзяржаў.

Аднак іншыя ўдзельнікі дыскусіі тлумачылі розныя тэмпы прасоўваньня краін «Усходняга партнэрства» спэцыфічнымі ўмовамі кожнай зь іх.

Так, былы міністар адукацыі і навукі Грузіі Гія Нодыя сказаў, што Тбілісі ўжо атрымаў сваю «моркаўку» ад Брусэлю ў выглядзе спрашчэньня візавага рэжыму. Аднак галоўная мэта Грузіі, паводле яго, — поўнае далучэньне да Эўразьвязу.

Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі агучыў погляды беларускага боку на праграму. Ён паскардзіўся на тое, што ва «Ўсходнім партнэрстве» мала праграм, якія б былі скіраваныя менавіта на Беларусь. А другая хіба, на думку беларускага парлямэнтара, — гэта тое, што ў Брусэлі пры працы ў рэгіёне ня ўлічваюць стратэгічных інтарэсаў тут Расеі.

Валер Варанецкі
Валер Варанецкі

Найчасьцей у дыскусіях узгадвалася сытуацыя ва Ўкраіне.

Паводле дасьледчыцы з Францыі Сэлін Маранжэ, Эўразьвяз ужо фактычна страціў уплыў на кіраўніцтва Ўкраіны, і цяпер адзіная міжнародная структура, якая можа і прымушае ўкраінскі ўрад працягваць рынкавыя рэформы, — гэта Міжнародны валютны фонд.

Парадаксальным на агульным абмене думкамі прагучаў выступ выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прафэсара Ўладзімера Снапкоўскага. Ён сказаў, што яго асабіста бянтэжыць тое, што адбываецца ў Заходняй Эўропе.

«Цяпер эўрапейскасьці больш у Будапэшце, Варшаве, Менску і Кіеве, чым у Парыжы альбо Бэрліне», — сказаў ён.

Аднак гэтая думка не знайшла падтрымкі ў іншых удзельнікаў дыскусіі.

Агульнае ж меркаваньне выглядае такім: праграма «Ўсходняга партнэрства» сама па сабе добрая, але яе трэба нейкім чынам мадэрнізаваць і больш адаптоўваць пад спэцыфіку кожнай з шасьці краін — яе ўдзельніц.

Яшчэ пра «Менскі дыялёг»:

«Хто з вас зьбіраецца заўтра паміраць? Ніхто! Нават я» — Лукашэнка да ўдзельнікаў «Менскага дыялёгу»

Лукашэнка: «Мы не з Расеяй супраць Эўропы»

«Беларусь робіцца вузлом рэгіянальнай бясьпекі» — генэральны сакратар АБСЭ

Паўтысячы ўдзельнікаў і Аляксандар Лукашэнка. Як працуе «Менскі дыялёг»

Міністар Макей распавёў, чаму Менск — «якасна новая» пляцоўка для дыялёгу

У сталіцы пачаўся Міжнародны форум «Менскі дыялёг». Фотарэпартаж

Топ-10 выказваньняў першага дня «Менскага дыялёгу»

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG