Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж ахвярай і пагрозай забойствам — розьніца 5 базавых


Не прайшло і дваццаці гадоў (але мы наблізіліся да гэтай лічбы), і Міністэрства ўнутраных справаў нарэшце падрыхтавала канцэпцыю законапраекту аб папярэджаньні гвалту ў сям’і. Магчыма, закон будзе прыняты ўжо ў наступным годзе, і вельмі хочацца верыць, што ён сапраўды будзе дапамагаць.

Цяперашнія законы ня ўлічваюць псыхалягічную і/ці фінансавую залежнасьць ахвяраў хатняга гвалту.

Нярэдка гучыць пытаньне «навошта асобны закон, калі ёсьць адпаведныя артыкулы пра фізычны і сэксуальны гвалт у крымінальным кодэксе?». Але падыход да такіх злачынстваў павінен адрозьнівацца ад таго, як міліцыя працуе са «звычайным» гвалтам.

Цяперашнія законы ня ўлічваюць псыхалягічную і/ці фінансавую залежнасьць ахвяраў хатняга гвалту. Часам у судзе гэта прыводзіць да абсалютна недарэчных і жудасных вынікаў.

Так нядаўна атрымалася ў Берасці: там за заведама ілжывыя паказаньні асудзілі жанчыну, якую спрабаваў спаліць муж. Мужчыну прызналі вінаватым у пагрозе забойствам і прызначылі штраф 35 базавых велічынь. А жанчыну прызналі вінаватай у дачы заведама ілжывых паказаньняў і таксама пакаралі штрафам. Што праўда, крыху меншым — 30 базавых велічынь.

Гэтая сытуацыя абсурдная настолькі, што я спачатку не магла паверыць у яе праўдзівасьць. Але ўсё гэта праўда: муж прыйшоў дадому п’яны, паводзіў сябе агрэсіўна, спрабаваў падпаліць жонку. Яна выклікала міліцыю і, як гэта часта бывае ў сытуацыі хатняга гвалту, не пажадала пісаць заяву супраць мужа. Справу, тым ня менш завялі, і жанчына ў ходзе разьбіраньняў зьмяняла свае паказаньні.

Навошта яна гэта рабіла? Прычыны могуць быць розныя: баялася новай расправы, баялася што той жа штраф давядзецца плаціць зь сямейнага бюджэту, пашкадавала чалавека, з якім пражыла разам некалькі дзесяцігодзьдзяў, заблыталася ва ўласных пачуцьцях.

Муж спрабуе забіць жонку — плаціць 857,5 рублёў. Жонка спрабуе выгароджваць яго ў судзе, і плаціць за гэта 735 рублёў.

Калі хоць крыху ўяўляць, у наколькі моцнай псыхалягічнай залежнасьці знаходзяцца такія ахвяры хатняга гвалту, дык становіцца зразумела, што іх трэба не шматразова апытваць пра дэталі таго, як іх спрабавалі забіць (тым больш, што ў гэтай сытуацыі быў сьведка — унук жанчыны), а гарантаваць ім фізычную бясьпеку і псыхалягічную падтрымку. Пра адказнасьць за дачу заведама ілжывых паказаньняў тут гаворка ня мусіць ісьці ўвогуле!

Яшчэ большай абсурднай сытуацыю робяць памеры штрафаў. Муж спрабуе забіць жонку — плаціць 857,5 рублёў. Жонка праз страх, псыхалягічную залежнасьць ці нейкія іншыя пачуцьці спрабуе выгароджваць яго ў судзе, і плаціць за гэта 735 рублёў.

Каб патлумачыць камусьці, наколькі ў Беларусі цэніцца чалавечае жыцьцё, не абавязкова праводзіць маштабны аналіз заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Гэтых дзьвюх лічбаў цалкам дастаткова.

Закон аб папярэджаньні хатняга гвалту павінен замацаваць ідэю аб тым, што такі падыход недапушчальны. Гэтая жанчына — не злачынца, а пацярпелая, і стаўленьне да яе павінна быць адпаведнае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG