На сайце Petitions.by ідзе збор подпісаў супраць «гамафобнай заявы» Міністэрства ўнутраных справаў. Празь пяць дзён пэтыцыю маюць адаслаць у Генэральную пракуратуру і МУС. На момант публікацыі яе падпісалі 1500 чалавек.
У тэксьце пэтыцыі нагадваюць, што Канстытуцыя Беларусі называе правы і свабоды чалавека найвышэйшай каштоўнасьцю дзяржавы незалежна ад сэксуальнай арыентацыі, а законы не замацоўваюць за праваахоўнікамі права выступаць з «ідэалягічнымі камэнтарамі» і даваць «неправавыя ацэнкі» сытуацыям, не зьвязаным зь іхнымі прамымі абавязкамі.
Таксама ў пэтыцыі нагадваюць, што «гамафобная заява» – не адзіны выпадак няроўнага падыходу да людзей на сайце МУС: згадваецца «распальваньне варожасьці да цыганоў» (сапраўды, у артыкулах на сайце МУС і іншых сайтах праваахоўнікаў нярэдка цыганы прыраўноўваюцца да злачынцаў – у фразах накшталт «участковы папярэдзіў аб небясьпецы кантактаў з цыганамі»).
Падпісанты пэтыцыі патрабуюць праверыць законнасьць такіх выказваньняў, прыбраць «гамафобную заяву» з сайту МУС і «надалей устрымацца ад камэнтароў такога зьместу, дзе адмаўляецца абавязак абараняць жыцьцё, здароўе, гонар, годнасьць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянаў».
У ананімнай заяве «Мы за сапраўднае», што зьявілася на сайце МУС 20 траўня, сьцьвярджаецца, што «аднаполыя адносіны – гэта падробка» і што «ЛГБТ-супольнасьць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасьці – усяго толькі падробка». Заява завяршанецца словамі «яны ня пройдуць», адрасаванымі ЛГБТ-супольнасьці.
Прычынай заявы стала тое, што ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасада Вялікай Брытаніі ў Менску вывесіла вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці. «Гамафобная заява» МУС ужо трапіла ў брытанскія СМІ. BBC і The Telegraph у матэрыялах пра заяву нагадалі, што Аляксандар Лукашэнка ў 2012 годзе заявіў: «Лепей быць дыктатарам, чым геем».
Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў наконт публікацыі, што «не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы ня маем ніякага права», бо «гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства».
Беларусь апынулася на 42-м месцы з 49 краінаў Эўропы паводле ўзроўню гамафобіі. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe. Сярод краінаў Эўропы горш, чым у Беларусі, сытуацыя выглядае толькі ў Малдове, Сан-Марына, Расеі, Манака, Турэччыне, Армэніі і Азэрбайджане.