Каталіцкія біскупы Беларусі зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець пытаньне аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы сэмінарыстам і сьвятарам прызыўнога ўзросту.
«З улікам усё яшчэ недастатковай колькасьці мясцовых сьвятароў для працы ў парафіях Беларусі і беручы пад увагу тое, што ў выпадку прызыву студэнтаў вышэйшыя духоўныя сэмінарыі ня змогуць існаваць», Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець пытаньне аб адтэрміноўцы праходжаньня вайсковай службы студэнтам-сэмінарыстам і сьвятарам прызыўнога ўзросту, паведамляе сайт Catholic.by.
У звароце адзначаецца, што з красавіка 2006 году ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў накіроўвае ў Мінабароны хадайніцтвы аб прадастаўленьні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу для сьвятароў і студэнтаў вышэйшых духоўных навучальных установаў.
У жніўні 2017 году дыяцэзіі Каталіцкай царквы падалі інфармацыю для адтэрміноўкі для сьвятароў і студэнтаў духоўных ВНУ на 2018 год, аднак у траўні 2018 году сэмінарысты і сьвятары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць позвы ў войска.
Напярэдадні стала вядома, што дзясяткі будучых каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы ў ваенкамат. Як высьветліла Свабода, сярод прызыўнікоў апынуўся і 27-гадовы каталіцкі сьвятар, які служыць у катэдральным касьцёле Горадні. У Міністэрстве абароны кажуць, што выклікаюць у межах закону.