Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах плянуюць правесьці «Дзень памяці пра генацыд» з нагоды 30-годзьдзя адкрыцьця праўды пра расстрэлы


Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. Архіўнае фота.
Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. Архіўнае фота.

3 чэрвеня сёлета спаўняецца 30 гадоў, як сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падала ў Менаблвыканкам заяву на правядзеньне мітынгу-рэквіему «Дзень памяці пра генацыд».

Як патлумачыў Свабодзе кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты, адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі, плянуюцца мітынг каля Крыжа Пакуты, выстава фотаматэрыялаў і дакумэнтаў на пераносных стэндах, мэмарыяльная музыка, чытаньне на курапацкай Галгофе вершаў расстраляных паэтаў.

Алесь Чахольскі спадзяецца, што ў жалобнай імпрэзе возьмуць удзел людзі, якія разам з адкрывальнікам Курапатаў Зянонам Пазьняком даносілі праўду пра расстрэлы ў Курапатах, людзі, якія спрычыніліся да стварэньня Крыжа Пакуты, Абразу Божай маці Курапацкай усіх расстраляных.

«Плянуецца шырокае мерапрыемства. Чакаем ад уладаў дазволу. Гэта не камэрцыйнае, а сапраўды патрыятычнае мерапрыемства, каб успомніць пра расстраляных, бо такіх малых і вялікіх Купрапатаў па ўсёй Беларусі вельмі шмат», — дадае Чахольскі.

Традыцыйна па суботах у Курапатах ладзяцца талокі, наступная — ў суботу 19 траўня. Сёлета ва ўрочышчы будзе ўсталявана шмат крыжоў — мэталічных і шасьцімэтровых дубовых, удакладняе Чахольскі.

У лютым у інтэрвію Свабодзе былы рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч паведаміў, што «ідзе на зацьвярджэньне ў высокія інстанцыі макет агароджы. Ахоўная зона ўжо ёсьць, а далей будзе добраўпарадкаваньне — сплянаваны пад’езд туды, розныя бытавыя моманты... Я спадзяюся, што ўжо на грамадзкіх асновах пачнём абмяркоўваць памятны знак».

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі сказаў Свабодзе, што яму вядома пра тое, што ў Курапатах былі прадстаўнікі Міністэрства архітэктуры.

«Унутры хадзілі, глядзелі. Хачу папярэдзіць усіх, што Народны мэмарыял створаны, крыжы, магілы — у парадку. Там, дзе крыжы і магілы, нічога рабіць нельга і ня будзе дазволена. Уся астатняя канцэпцыя мэмарыялізацыі павінна быць пасьля таго, як будуць зацьверджаныя 300-мэтровыя ахоўныя зоны. Бяз гэтага рухацца далей ня мае сэнсу. У самі Курапаты зь ніякімі капліцамі ня трэба ісьці, бо будзе супрацьстаяньне. Адразу папярэджваю чыноўнікаў», — заявіў Алесь Чахольскі.

Пра фактычна вырашанае пытаньне з ахоўнымі зонамі, як казаў Павал Якубовіч, Алесю Чахольскаму нічога не вядома. «Ніхто з намі не перамоваў, ні сустрэч не арганізоўвае. Усе адбываецца патаемна, як заўсёды ў гэтай улады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG