Міністарка працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касьцевіч і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая сёньня паспрачаліся падчас пленарнага паседжаньня.
Дыскусія адбылася пры абмеркаваньні пастановы Палаты прадстаўнікоў аб прэзыдэнцкім дэкрэце № 1 ад 25 студзеня 2018 году.
Ганна Канапацкая задала пытаньне, навошта, калі ёсьць цэлы апарат у Міністэрстве, ствараць яшчэ міжведамасную камісію ў пытаньнях занятасьці насельніцтва.
«Такія камісіі — гэта чарговая бюракратычная надбудова. Ёсьць жа служба занятасьці, навошта нам дубляваць адным другое?» — запыталася дэпутатка ў міністаркі.
Ірына Касьцевіч адказала, што справа працаўладкаваньня вельмі адказная, і таму ў каардынацыйную камісію, акрамя супрацоўнікаў службы занятасьці, уваходзяць прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства падаткаў і збораў, і бяз гэтай камісіі ніяк не абысьціся. У якасьці прыкладу міністарка сказала, што за першы квартал гэтага году ў службу занятасьці зьвярнуліся 90 тысяч чалавек. І зь іх пытаньні, якія ставілі 3 тысячы, нельга было б вырашыць бяз службы занятасьці.
На гэта дэпутатка Канапацкая заявіла, што яе гэтыя словы не пераконваюць, а штогадовыя прамовы прэзыдэнта Лукашэнкі аб неабходнасьці аптымізацыі кіроўнага апарату насамрэч не выконваюцца.
«І мне незразумела, куды ідуць грошы, якія выдаткоўвае дзяржава на праграму занятасьці», — дадала яна.
Паводле Касьцевіч, цяпер у Беларусі маецца база на 65 тысяч вакансій. На аднаго беспрацоўнага ў сярэднім прыпадае 3 магчымасьці ўладкавацца.
Дэкрэт падтрымалі ўсе апроч Канапацкай і Анісім
За пастанову Палаты прадстаўнікоў «Аб Дэкрэце прэзыдэнта ад 25.01.2018 № 1 „Аб зьмяненьні дэкрэта прэзыдэнта РБ“» прагаласавалі ўсе апроч дзвьюх дэпутатак — Ганны Канапацкай і Алены Анісім.
Паколькі дэпутаты сабраліся не ў Авальнай залі, а ў залі паседжаньняў ураду, то галасаваньне вялося звычайным падняцьцем дэпутацкай карткі.