Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму брытанская манархія дэмакратызуецца, а беларуская ўлада манархізуецца


Вясельле прынца Гары і Мэган Маркл
Вясельле прынца Гары і Мэган Маркл

Брытанскі каралеўскі двор мае новую сям'ю. За некалькі дзён да вясельля прынца Гары і амэрыканскай акторкі Мэган Маркл мы аналізавалі фэномэн цікавасьці ў сьвеце да брытанскай каралеўскай сям’і, гаварылі пра тое, чым адметная змагарка за гендэрную роўнасьць Мэган Маркл і спрабавалі паглядзець на гэтую сьвецкую падзею зь беларускага ракурсу разам са студэнткай University College London Даніэлай Калядой зь Лёндану, журналісткай Аленай Ціхановіч з Прагі і блогеркай Свабоды Настай Захарэвіч.

Самыя яркія фота зь вясельля прынца Гары і Мэган Маркл

Які можа быць беларускі позірк на вясельле Гары і Мэган?

  • Алена Ціхановіч: Брытанская манархічная сыстэма дэмакратызуецца, а беларуская народна-сялянская ўлада, наадварот, манархізуецца — роля нашчадка ўзрастае, а жанчыны граюць ролю сьвіты.
  • Даніэла Каляда: Беларусі варта папулярызаваць сваю гісторыю гэтак жа як брытанцы.
  • Наста Захарэвіч: Нават спрадвечныя традыцыі зьмяняюцца, так што і ў нас усё можа зьмяніцца.

«Нават не каралеўская сям’я мяняецца, грамадзтва вакол мяняецца»

Ганна Соўсь: Натуральна, што гэта адна з найбольш абмеркаваных тэмаў у гэтыя тыдні для Брытаніі.Давайце паглядзім на гэтую падзею ня з пункту гледжаньня сьвецкай хронікі — якая сукенка, фрызура, хто запрошаны, якія плёткі вакол, а больш глыбока — што гэта мяняе ў традыцыях, ва ўяўленьнях людзей пра каралеўскую сямʼю, пра ролю прынцэсы ці будучай жонкі прынца.

Даніэла Каляда.
Даніэла Каляда.

Даніэла Каляда: Брытанскае грамадзтва стала нашмат больш цярпімае да зьменаў у Статуце каралеўскай сям’і. Яшчэ пару пакаленьняў таму сястра каралевы Лізаветы Маргарэт, якая на той момант знаходзілася на той жа ступені насьледаваньня як і прынц Гары зараз, не змагла выйсьці замуж за свайго каханага Пітэра Таўсэнда, які быў шталмэйстэрам яе бацькі, з прычыны яго папярэдняга разводу. Парлямэнцкі акт па каралеўскім шлюбам 1772-га году забараняў жаніцьбу з разьведзеным чалавекам паводле законаў англіканскай царквы. Улічваючы, што каралева не давала свайго блаславеньня, вясельля не было. Там была вялікая колькасьць фактараў — нежаданьне прэм’ер-міністра Чэрчыля дазволіць гэты шлюб, нежаданьне самой каралевы ісьці супраць царквы, бо гэта дастаткова складаныя адносіны. Яна вырашыла даць сястры магчымасьць пачакаць два гады, але ў выніку тая сама вырашыла не выходзіць за гэтага чалавека.

Брытанскае грамадзтва стала нашмат больш цярпімае да зьменаў у Статуце каралеўскай сям’і.

У любым выпадку гэты акт зьмяніўся ў 2013-м годзе разам з адменай лініі насьледаваньня. І адпаведна Мэган ужо пад яго не трапляе, тым больш яна стане зараз першай герцагіняй Сасэкскай, бо ўсе папярэднія жонкі былога герцага былі незаконныя з прычыны таго ж акту 72-га году. Аднак, калі глядзець на гэта ня толькі з юрыдычнага пункту гледжаньня, то тыповая роля прынцэсы, жонкі прынца, зьмянілася яшчэ ў часы прынцэсы Дыяны, калі стала відавочна, што іх шлюб з прынцам Чарлзам распадаецца і абодва сужэнцы шукаюць шчасьця ўбаку. Гэта разьбіла міт пра беззаганнасьць каралеўскай сям’і. І брытанская прэса, і брытанскія людзі прывыклі да таго, што гэта такія ж людзі, як і яны, а не нейкая казка, якую яны для сябе выбудавалі. Што тычыцца канкрэтна Мэган, то яна стане герцагіняй — не прынцэсай, як прынцэса Дыяна, што тэхнічна азначае, што прынцэсай яна будзе толькі намінальна і ў газэтных загалоўках.

Ганна Соўсь: Як вы мяркуеце, ці гэта сама каралеўская сям’я мяняецца, або гэта грамадзтва і ўвесь сьвет уплывае на гэтыя зьмены?

Даніэла Каляда: Калі глядзець на сям’ю каралевы Лізаветы ў часы яе маладосьці, то гэта апошняе пакаленьне, якое было найбольш традыцыйным. А зараз нават не каралеўская сям’я мяняецца, гэта грамадзтва вакол мяняецца. Улічваючы, што ідэя манархіі ня хоча застацца ў мінулым, ёй даводзіцца таксама мяняцца, каб быць з хадой часу.

«Кароль і прынц — усяго толькі мужчына, як і мільёны астатніх мужчын»

Алена Ціхановіч: Да словаў Даніэлы я б яшчэ дадала, што дарогу да вясельля гэтай пары, безумоўна, спрасьціў калісьці кароль Эдуард, дзядзька цяперашняй каралевы Лізаветы. Яго гісторыя згадваецца як прыклад таго, што каханьне мацнейшае за жаданьне ўлады. У 1936 годзе гэта быў неверагодны скандал, калі высьветлілася, што абраньніцай Эдуарда стала Ўоліс Сімпсан, таксама амэрыканская актрыса, якая тады была замужам і ўжо другі раз. І Эдуард адрокся ад трону, каб зь ёй жаніцца. І яшчэ чакаў, пакуль яна разьвядзецца! На наступны дзень пасьля абдыкацыі ён выступіў па радыё з прамовай, дзе заявіў: «Я лічу немагчымым выконваць абавязкі караля без дапамогі і падтрымкі жанчыны, якую я люблю». Па-мойму людзям імпануе якраз гэты момант, што вясельле Гары і Мэган — гэта нібыта чарговая сэрыя каралеўскай сагі, у якой апавядаецца, што кароль і прынц — усяго толькі мужчына, як і мільёны астатніх мужчын.

«Мэган супрацоўнічае з фэмінісцкім рухам HeForShe»

Ганна Соўсь: Мэган Маркл актыўна выступае за раўнапраўе жанчын, якая яшчэ дзяўчынкай пісала Гілары Клінтан, выступала супраць сэксіцкай рэклямы. На якія моманты ў яе біяграфіі вы бы зьвярнулі ўвагу?

Наста Захарэвіч.
Наста Захарэвіч.

Наста Захарэвіч: Вядомая гісторыя зь лістом, які яна даслала Гілары Клінтан, вельмі паказальная і важная для нас, для Беларусі. Пакуль нам яшчэ вельмі цяжка ўявіць, што такая высокапастаўленая жанчына выступала так адкрыта за жаночыя праблемы, за гендэрную роўнасьць, таму што ў Беларусі, на жаль, яшчэ гучыць зусім іншая, патрыярхальная рыторыка. Мэган супрацоўнічае з фэмінісцкім рухам HeForShe, і таксама цяжка ўявіць нешта аналягічнае ў Беларусі. Яна цікавіцца пытаньнямі экалёгіі, яе дабрачыннасьць скіраваная на некаторыя экалягічныя праблемы, чыстай вады і г. д. Гэта вельмі натхняльна. Зьмяняецца вобраз каралеўскай сям’і. Падаецца, Мэган будзе новай асобай, і гэта можа зьмяніць вельмі шмат да лепшага, і ня толькі для ўсіх наступных прынцэс, герцагінь і г. д., але ў прынцыпе для жанчын ва ўсім сьвеце, бо яна дае вельмі добры прыклад.

Ганна Соўсь: Які ваш прагноз, наколькі актыўнай яна будзе пасьля вясельля? Ці будзе сканцэнтраваная выключна на сям’і, на нараджэньні дзяцей?

Мэган і Гары на тэнісным турніры ў Таронта. 2017 год.
Мэган і Гары на тэнісным турніры ў Таронта. 2017 год.

Наста Захарэвіч: Хочацца спадзявацца, што ўсё-такі яна будзе ня толькі сканцэнтраваная на сям’і, што яна знойдзе найлепшае для сябе, і гэта будзе ня толькі сям’я, дзеці, муж. Мне падаецца не зусім праўдападобным, што яна можа захацець кінуць абсалютна ўсё зробленае дагэтуль. Так што я спадзяюся, што яна будзе працягваць актыўную дзейнасьць і яе імя дапаможа прыцягнуць увагу да шматлікіх праблем.

«Дыяна зьдзівіла чэхаў тым, што пайшла паплаваць у звычайны публічны басэйн»

Ганна Соўсь: Вясельле ў каралеўскай сямʼі традыцыйна шырока абмяркоўваецца ў сьвеце, яго будуць трансьляваць у жывым эфіры CNN, BBC і іншых СМІ. Чэскія СМІ таксама актыўна абмяркоўваюць самыя розныя нюансы ня толькі вясельля. Вы можаце патлумачыць, чым выкліканая такая цікавасьць да гэтай падзеі? Падаецца, іншая краіна, жыцьцё брытанскай каралеўскай сямʼі па вялікім рахунку мала на што ўплывае ў гэтым рэгіёне, ёсьць і іншыя каралеўскія семʼі ў Эўропе, але чаму так шмат увагі прыцягнутая менавіта да гэтай сямʼі?

Алена Ціхановіч: Па-першае згадаю, што склаліся вельмі прыязныя адносіны брытанскай каралеўская сям’і і чэскай палітычнай эліты. Так прынц Чарльз, бацька цяперашняга жаніха, быў у Празе разоў пяць з афіцыйнымі візытамі — спачатку з прынцэсай Дыянай, а потым з другой жонкай, Камілай. Дык Дыяна зьдзівіла чэхаў тым, што пайшла паплаваць у звычайны публічны басэйн на Падолі, купіўшы туды квіток, а таксама тым, што знайшла час заехаць да дзяцей у бальніцу і зайграць ім на піяніна. Думаю, што і жонкі чэскіх прэзыдэнтаў у многім вучыліся ад яе, у першую чаргу адкрытасьці, дэмакратычнасьці, дабрачыннасьці.

1981 год. Вясельле прынца Чарлза і Дыяны Спэнсэр.
1981 год. Вясельле прынца Чарлза і Дыяны Спэнсэр.

Цікавы момант, што прынц Чарльз вырашыў фінансава падтрымаць аднаўленьне садоў Праскага граду, раней каралеўскай рэзыдэнцыі — а гэта якраз тыя сады, што закладаў калісьці Францішак Скарына. А ўвогуле цікавасьць чэскага грамадзтва да вясельля вытлумачальная — гэта як сучасная казка, якой ты можаш быць сьведкам. Ведаеце, калі б Гары выбраў роўную яму паходжаньнем маладую дзяўчыну па ўсіх канонах, гэта б не была казка. Таму што ў казцы свайго прынца заўсёды знаходзіць прыгожая, працавітая, але бедная простая дзяўчына.

Ганна Соўсь: Ну, напэўна Мэган усё ж не Папялушка, не назвала б я яе так. А ці вы будзеце глядзець трансьляцыю вясельля?

Алена Ціхановіч: Я буду глядзець. Дарэчы, можна будзе публічна сачыць за гэтай падзеяй — Брытанская гандлёвая палата ў Чэхіі выбрала адзін паб у Празе, на вуліцы Ляндынскай (ясна, у гонар Лёндану), і запрашае туды жадаючых у дзень вясельля сачыць за ім праз лайвстрым. А першыя сто гасьцей нават атрымаюць падарункі.

«Слушна параўноўваць Мэган не зь Мішэль Абамай, а з Грэйс Кэлі»

Ганна Соўсь: Даніэла, нядаўна амэрыканская газэта «Нью Ёрк Таймз» пісала пра неверагодны ўплыў, які робіць Мэган Маркл, пра зьмены, якія яна прыносіць ня толькі ў моду, каралеўскую сямʼю і ў вельмі многія сфэры. Часта яе параўноўваюць з Мішэль Абамай. Як бы вы патлумачылі гэты фэномэн?

Прынц Гары і Мэган Маркл прыбылі ў Натынгем. 2017 год.
Прынц Гары і Мэган Маркл прыбылі ў Натынгем. 2017 год.

Даніэла Каляда: Мэган насамрэч завуць Рэйчал, і пасьля вясельля ёй хутчэй за ўсё давядзецца вярнуць сваё сапраўднае імя, бо каралеўская сям’я лічыць, што Мэган не падыходзіць для імя прынцэсы. У аснове яе фэномэну ляжаць некалькі фактараў. Я цалкам згодная з Аленай, што яна ўвасабляе Папялушку для брытанскай прэсы і грамадзтва. Яшчэ пару год таму гэтую ролю адчайна прыпісвалі жонцы Ўільяма Кейт, якая як бы была прасталюдзінкай у параўнаньні з ім, нягледзячы на выразна адсочаную арыстакратычную кроў. Аднак сам вобраз Кейт не дастаткова дасяжны для большасьці людзей. У яе дастаткова закрытая мова цела і месцамі арыстакратычная холаднасьць, што робіць яе крыху аддаленай ад мірскіх клопатаў. І гэта ідзе ў вялікі кантраст з абаяльнай і цёплай усьмешкай Мэган, якая спрабуе як бы быць прынцэсай ад людзей.

Вобраз Кейт не дастаткова дасяжны для большасьці людзей.

Прыкладна такі ж падыход мела прынцэса Дыяна, ён змушае людзей паверыць у казку, якая нібыта раскрываецца перад іх вачыма. Таксама варта адзначыць, што яе акторская кар’ера відавочна ўплывае на яе аблічча, яна ўжо сталы чалавек, яна ўжо мае павагу грамадзтва, бачна, што яна з прынцам толькі з прычыны іх каханьня. Так што яе ў гэтым сэнсе слушна параўноўваць не з Мішэль Абамай, а з Грэйс Кэлі, якая была таксама акторкай, любімай акторкай Гічкока, здымалася ў вялікай колькасьці яго фільмаў, якая выйшла замуж за Рэнье, прынца Манака.

Палітычная актыўнасьць Мэган сапраўды падкупае людзей, але, што цікава, ці будзе яна ёй кіравацца, улічваючы, што традыцыйна каралеўская сям’я ўстрымліваецца ад любых палітычных камэнтароў. Яны не галасуюць, не дэманструюць ніякай прыязнасьці ні да якой спартовай каманды ці палітычнай партыі. І вось цікава, ці будзе гэта яшчэ адной традыцыяй, якую Мэган парушыць.

Ганна Соўсь: Як будзеце глядзець трансьляцыю ў суботу? Наколькі лёгка будзе трапіць на гэтае вясельле звычайным людзям?

Даніэла Каляда: Відавочна, што яно будзе адрозьнівацца ад вясельля Ўільяма, якое адбывалася ў Лёндане, на вуліцах былі мільёны людзей, было не праштурхнуцца, увесь транспарт не працаваў. А іх вясельле будзе адбывацца па-за Лёнданам, аднак у Лёндане будуць устаноўленыя вялікія экраны, і ўсе змогуць назіраць за вясельлем, літаральна праходзячы ад вуліцы да вуліцы — вясельле будзе ўвесь дзень праходзіць па горадзе, усюды будуць сьвяты, бясплатныя напоі, дзесерты ў гонар маладых. Так што нават калі б я і не глядзела, то ў любым выпадку яго б пабачыла.

«Як жа Кейт праз некалькі гадзін пасьля родаў стаіць на абцасах з укладкай, макіяжам, зусім нібыта ня стомленая?»

Ганна Соўсь: У Беларусі вялікая колькасьць людзей жыве ў расейскай інфармацыйнай прасторы і гадамі абмяркоўвае, вобразна кажучы, шлюбы і разводы Пугачовай. Ці гэтая хваля цікавасьці ў сьвеце да брытанскай каралеўскай сямʼі распаўсюдзілася і на Беларусь? Калі так, то ў якім кантэксьце?

Наста Захарэвіч: У пэўнай ступені, канешне, гэтая цікавасьць распаўсюдзілася на Беларусь, але ня тое, каб гэтая хваля была сапраўды вялікай. Штосьці нам цікава, але ня тое, каб сачыць за ўсімі дэталямі жыцьця каралеўскай сям’і. Каралеўская сям’я ў 21-м стагодзьдзі — вельмі цікавы фэномэн, які дазваляе назіраць, як традыцыі спалучаюцца зь цяперашнімі рэаліямі. І калі мы глядзім на яе, так ці інакш пачынаем задумвацца, ці гэта ўвогуле прывабны вобраз — быць часткай такой сям’і, ці гэта прывабная пэрспэктыва?

Брытанская каралеўская сям'я.
Брытанская каралеўская сям'я.

Так ці інакш стаць часткай такой сям’і — вялікае абмежаваньне. Зь дзіцячых кніжак мы ведаем, што быць прынцэсай вельмі добра, а вось тое, што мы бачым у каралеўскай сям’і, прымушае задумацца, ці ва ўсім гэта так добра. І вельмі слушнае пытаньне, ці зможа Мэган займацца далей сваёй палітычна-актывісцкай дзейнасьцю? Мне здаецца, што яна захоча. А ці будзе ў яе такая магчымасьць? Ці дазволяць ёй гэта зрабіць? І ці патрэбны ёй будзе гэты дазвол? Ці ўнясе яна нейкія анархісцкія матывы ў сям’ю?

Яшчэ вельмі цікава, як ня толькі на вясельле зараз глядзяць людзі. Зусім нядаўна Кейт Мідлтан нарадзіла трэцяе дзіця, і вельмі яскравая была рэакцыя людзей на яе фотасэсію праз некалькі гадзін пасьля родаў. З аднаго боку вельмі цікава бачыць інтымныя, вельмі прыватныя моманты жыцьця, а з другога, хочаш-ня хочаш, пачынаеш задумвацца, як жа гэта Кейт праз некалькі гадзін пасьля родаў замест таго, каб адпачываць, набірацца сілаў, стаіць на абцасах з укладкай, макіяжам, зусім нібыта ня стомленая? У нас цікавасьць да каралеўскай сям’і супярэчлівая: ёсьць захапленьне ў абмеркаваньнях, і ёсьць матыў шкадаваньня, асабліва тых жанчын, якія ўваходзяць у гэтую сям’ю, таму што вельмі моцна яны вымушаныя зьмяняць сваё жыцьцё.

«У эўрапейскіх грамадзтвах сёньня быць арыстакратам — не прывілея, а адказнасьць»

Ганна Соўсь: Алена, чэхі вядомыя сваёй надзвычайнай павагай да тытулаў. Тут таксама ва ўжытку шляхетныя тытулы. Князь Шварцэнберг быў міністрам замежных спраў. Як сёньня ў гэтым эўрапейскім грамадзтве глядзяць на людзей як кажуць блакітнай крыві?

Алена Ціхановіч: Паколькі чэхі рыхтуюцца адзначыць 100 гадоў ад узьнікненьня самастойнай незалежнай Чэхаславаччыны, я згадаю, што адным з першых законаў гэтай дзяржавы — яна зьявілася праз некалькі месяцаў пасьля БНР — быў закон пра адмену шляхецкіх тытулаў. Засталіся тытулы толькі навуковыя і вайсковыя, якія чэхі сапраўды паважаюць. Але вось называць чалавека тытуламі тыпу князь-княгіня, граф-графіня, барон, ваявода стала забаронена. Нават былі ўведзеныя санкцыі за парушэньне — штраф або арышт на суткі. І нават пасьля Аксамітнай рэвалюцыі гэты закон ніхто не адмяняў — пра яго проста забыліся.

Але дзяржава пераканалася, што прадстаўнікі шляхты — зь іх сувязямі, мовамі, выхаваньнем — найлепшыя дыпляматы, гэта і прыклад таго ж князя Шварцэнбэрга, якога вы згадалі. Калі яго называюць князем, нікому ў галаву не прыходзіць штрафаваць гэтага чалавека! Большасьці прадстаўнікоў шляхецкіх родаў у Чэхіі іх замкі і лятыфундыі былі вернутыя па рэстытуцыі. І большасьць зь іх абрала звычайны дэмакратычны лад жыцьця — робіць замкі, паркі адкрытымі для наведваньня. Як і ў многіх эўрапейскіх грамадзтвах сёньня быць арыстакратам — не прывілея, а адказнасьць.

«Будзе заставацца тэатральны кампанэнт, шэраг традыцый, прыгожых рытуалаў, але па сутнасьці ўсё будзе зьмяняцца»

Ганна Соўсь: Наста, у мяне да вас пытаньне як да фэміністкі. А ці назвалі бы вы патрыярхальнай брытанскую каралеўскую сямʼю? У гістарычным пляне і цяпер?

Наста Захарэвіч: Я бы назвала, таму што каралеўская сям’я, як бачым, уся пранізаная правіламі, і ў ёй вельмі мала выбару ў яе чальцоў. Безумоўна, адбываюцца зьмены, якія мы назіраем, і мы бачым, што жанчыны каралеўскай сям’і нараджаюць у лякарнях, калі яны гэтага хочуць, а не толькі ў хатніх умовах. Дзеці Кейт Мідлтан ужо навучаюцца ня дома, а пайшлі ў садок і школу. Мне падаецца, што каралеўская сям’я вымушаная ўвесь час балянсаваць паміж захаваньнем патрыярхальнай герархіі і зьменамі жыцьця. Новыя жанчыны, якія ўваходзяць у каралеўскую сям’ю, ужо ня хочуць цалкам адпавядаць гэтым усім чаканьням.

Ганна Соўсь: А на чале каралеўскай сям’ёй усё ж жанчына, і найбольш вядомыя ў сьвеце кіраўнікі брытанскай манархіі былі таксама жанчынамі...

Маркі да 90-годзьдзя каралевы Лізаветы.
Маркі да 90-годзьдзя каралевы Лізаветы.

Наста Захарэвіч: Так, тут ёсьць такая шэрая зона для разважаньняў, таму што з аднаго боку кіруе жанчына, а з другога боку выбудаваная герархічная сыстэма — клясычная патрыярхальная сыстэма, дзе ва ўсіх ёсьць сваё месца, дакладна прапісаныя правы і абавязкі, таму ўсё так складана пераплецена. Але вельмі важна, што тыя зьмены, якія адбываюцца, часта ўносяцца жанчынамі. І таму з часам гэтыя патрыярхальныя рысы зь сям’і ўсё-такі будуць зьнікаць. Так, канешне, будзе заставацца тэатральны кампанэнт, проста эстэтычны, шэраг традыцый, прыгожых рытуалаў, але па сутнасьці ўсё будзе зьмяняцца і далей.

«У беларусаў няма магчымасьці назіраць бясконцае такое рэаліці-шоў, як жыцьцё каралеўскай сям’і»

Ганна Соўсь: Даніэла, вы з 2010-га году жывяце ў Вялікабрытаніі, да гэтага жылі ў Беларусі. Якое магло б быць параўнаньне?

Даніэла Каляда: На жаль, у беларусаў няма магчымасьці назіраць такое бясконцае рэаліці-шоў, як жыцьцё каралеўскай сям’і. Гэта як сэрыял, які доўжыцца шмат вякоў, і ў ім адна гісторыя зьмяняе другую, адбываюцца драматычныя падзеі, часам сэнтымэнтальныя, часам жахлівыя, узрушальныя, але па выніку яны ўсе заканчваюцца ў нашых гістарычных кнігах. І нездарма ўсе гэтыя гісторыі каралеўскай сям’і дораць такую колькасьць сюжэтаў для пісьменьнікаў, рэжысёраў, мастакоў. Гэта цэлая ніша накірункаў мастацтва.

Каралеўская сям’я — нефармальная інстытуцыя, якая пакліканая змушаць грамадзтва думаць пра стабільнасьць.

Узяць да прыкладу вядомы ва ўсім сьвеце сэрыял «Карона», які стартаваў два гады таму на плятформе Netflix, бюджэт адной сэрыі якога складае прыкладна 10 мільёнаў даляраў за эпізод. То бок мы ўжо глядзім на 200 мільёнаў даляраў, і яго пастаянна падаўжаюць, і людзі гэта глядзяць, і ім хочацца ведаць больш. А ўвесь сэрыял — пра жыцьцё каралевы Лізаветы, якую мы бачым зараз. Я лічу, што Беларусі варта было б папулярызаваць сваю гісторыю дакладна гэтак жа, таму што ў нас ня менш цікавых момантаў, гісторый, якія людзі б хацелі пабачыць. Асноўная памылка, мне здаецца, гэта недальнабачнасьць з пункту гледжаньня капіталізацыі гэтай гісторыі.

Каралеўская сям’я прыносіць эканоміцы Вялікабрытаніі прыкладна 1,8 мільярдаў фунтаў на год, а затраты на каралеўскую сям’ю лічацца мільёнамі фунтаў. Але мы разумеем, што па выніку яны прыносяць нашмат больш. Ёсьць людзі, якія лічаць, што каралеўская сям’я не патрэбная, але каралеўская сям’я — гэта тая нефармальная інстытуцыя, якая пакліканая змушаць грамадзтва думаць пра стабільнасьць. То бок, у нас ёсьць каралеўская сям’я доўгі час, зь ёй усё ў парадку, яны ўсе працягваюць свой род, і грамадзтва разумее, што ёсьць стабільнасьць. І гэта праяўляецца ў эканоміцы, у эканоміцы ёсьць стабільнасьць.

Як ёсьць такая брытанская фраза «Keep calm and carry on». Заўсёды гэта казаў манарх, калі была нейкая вайна, каб сказаць людзям, што далей усё будзе ў парадку, і мы будзем так жа існаваць. Гэта фэномэн казкі, якую людзі хочуць пабачыць жыўцом, гэта гісторыя, якая доўжыцца на працягу многіх вякоў, і гісторыя, часткай якой людзі хочуць быць. І я лічу, што расейская рэвалюцыя, безумоўна, абрабавала наш рэгіён з пункту гледжаньня каралеўскай гісторыі.

Ганна Соўсь: А які прыклад беларускай шляхетнай сям’і мог бы быць?

Даніэла Каляда: У нас у краіне дастаткова вялікая колькасьць замкаў, якія рэстаўруюць абсалютна нестандартнымі мэтадамі. У Англіі вы ніколі не пабачыце замак, у якім будуць шклопакеты, ці гістарычны замак, у якім можа быць гатэль. Калі нават узяць замкі Радзівілаў, хоць гэта і не 100%-беларуская арыстакратычная сям’я, але калі інвэставаць з пункту гледжаньня прывабліваньня турыстаў менавіта да гэтага аспэкту, я лічу, што гэта вельмі добры прыклад для таго, каб пачаць.

«У Беларусі народна-сялянская ўлада манархізуецца — роля нашчадка ўзрастае, а роля жанчыны мінімалізуецца»

Аляксандар Лукашэнка з сынамі 9 траўня 2018 году.
Аляксандар Лукашэнка з сынамі 9 траўня 2018 году.

Алена Ціхановіч: Векавечная брытанская манархічная сыстэма дэмакратызуецца ў сваёй сутнасьці, прычым у сьвятая сьвятых — у палітыцы шлюбаў. А беларуская народна-сялянская ўлада, наадварот, манархізуецца. Пры чым у апошняй ёсьць такая спэцыфіка — роля нашчадка ўзрастае, а роля жанчыны мінімалізуецца. Жанчыны граюць ролю сьвіты, атачэньня. Беларусам не хапае прыгожага відовішча з глыбокім сямейным кантэкстам, і галоўнае — радаснага відовішча. Вось жа ў вясельлі заўсёды радуе погляд на пару — як кажуць, Бог стварыў людзей, каб яны жылі ў пары.

А з другога боку, калі няма такіх каралеўскіх, уладарскіх прыкладаў, мы можам радавацца, гледзячы на Дашу Домрачаву, якая пакарыла нарвэскага караля біятлёну. Ну а гледзячы на вясельле Гары і Мэган, многія беларускі таксама могуць натхніцца — старыя манархіі чым далей, тым болей адкрытыя і чалавечныя — так што шанцы ёсьць, і не толькі ў дзяўчат, але і ў разьведзеных жанчын.

Наста Захарэвіч: Ёсьць такі жарт, ніколі добра не жылі, ня трэба і пачынаць. Я ня думаю, што ў нас магчымы і патрэбны аналяг каралеўскай сям’і. Але назіраць заўжды цікава. І мне падаецца, што беларускі ракурс можа быць такі, што мы назіраем за тым, як яно ёсьць, і можам бачым, што нават спрадвечныя традыцыі зьмяняюцца, так што і ў нас усё можа зьмяніцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG