Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лізавета Другая і ўсе астатнія. Хто з эўрапейскіх манархаў мае карані на беларускіх землях


Нашчадкі Соф’і Менскай, Соф’і Гальшанскай і Людвікі Караліны Радзівіл кіравалі дзясяткамі краінаў сьвету. Сярод іх і ўсе сучасныя манархі Эўропы. У складанасьцях генеалогіі разьбіраўся Павал Дабравольскі.

Маргарыта Першая — каралева Даніі, Швэцыі й Нарвэгіі

Дачка менскага князя Соф’я Валадараўна стала маці двух каралёў Даніі ды каралеў Францыі й Швэцыі. Ілюстрацыя Сяргея Харэўскага
Дачка менскага князя Соф’я Валадараўна стала маці двух каралёў Даніі ды каралеў Францыі й Швэцыі. Ілюстрацыя Сяргея Харэўскага

Менскі й полацкі князь Валадар Глебавіч — унук Усяслава Чарадзея й нашчадак Рурыка. У 1135 годзе ён ажаніўся з Рыкісай Баляславаўнай. Яна была зь Пястаў — першай польскай княжацкай і каралеўскай дынастыі.

Дачка Валадара й Рыкісы Соф’я пабралася шлюбам з каралём Даніі Вальдэмарам і стала маці кіраўнікоў некалькіх эўрапейскіх краінаў.

У караля Даніі Кнуда Чацьвёртага й каралевы Францыі Інгеборгі не было дзяцей. Найбольш працягла ва ўладзе былі нашчадкі караля Даніі Вальдэмара Другога й каралевы Швэцыі Рыкісы.

Тры сыны Вальдэмара кіравалі Даніяй. Празь некалькі пакаленьняў па гэтай лініі нарадзілася Маргарыта. Пры ёй Данія, Швэцыя й Нарвэгія фактычна аб’ядналіся ў адну краіну. У 1397 годзе ў Кальмарскім замку скандынавы падпісалі унію, якая так і завецца Кальмарскай — гэта палітычна аформлены пэрсанальны зьвяз.

З прычыны раньняй сьмерці сына Маргарыты Олафа нашчадкі Соф’і Менскай там ужо не кіравалі.

На Олафу скончылася й іншая лінія нашчадкаў нашай зямлячкі — празь яе дачку Рыкісу. Па гэтай лініі было амаль дзесяць каралёў Швэцыі ды некалькі — Нарвэгіі. Адзін зь іх, Хакон, і пабраўся шлюбам з Маргарытай.

Каралі Баварыі й імпэратары Аўстрыі

Баварскае каралеўства існавала з 1806 па 1918 год. Усе мясцовыя каралі зьвязаныя з нашай краінай праз Радзівілаў, бо мелі кроў гэтага роду.

Януш Радзівіл нарадзіўся ў віленскай сям’і гетмана Крыштапа Мікалая «Перуна», вучыўся ў Страсбуры й Базэлі. Спачатку ён пабраўся шлюбам з Соф’яй Алелькавіч-Слуцкай, самай заможнай нявестай Вялікага Княства Літоўскага, а пасьля яе сьмерці — зь немкай Лізаветай Соф’яй Гагенцолерн. У 1618 годзе ён набыў мясцовасьць Ліхтэнбэрг паміж Дрэздэнам і Мюнхэнам.

Яго сын Багуслаў вучыўся ў Гронінгене, Утрэхце й Парыжы. У Беларусі ён заслугоўвае сама меней двух помнікаў — у Жодзіне, якое заснаваў, і ў Слуцку, для якога шмат зрабіў: дамогся Магдэбурскага права, забясьпечыў новымі фартыфікацыйнымі збудаваньнямі, сабраў тут архіў, бібліятэку.

Людвіка Караліна — дачка Багуслава й Ганны Марыі Радзівіл — у два гады стала сіратой і выхоўвалася ў Бэрліне. Яна фінансавала навучаньне выпускнікоў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі ў найлепшых унівэрсытэтах Эўропы, у тым ліку ў Оксфардзе й Франкфурце. Сярод яе нашчадкаў — дзясяткі манаршых асобаў.

Адзін з унукаў караля Баварыі Максыміліяна Першага Франц Ёсіф стаў імпэратарам Аўстрыі. Гэтай дзяржавай ён кіраваў 68 гадоў. А другі — таксама Максыміліян — стаў апошнім імпэратарам Мэксыкі. За яго запрашэньне выказаліся прыкладна шэсьць мільёнаў мэксыканцаў зь дзевяці.

Сярод нашчадкаў першага караля Баварыі і ўсе астатнія кіраўнікі гэтай дзяржавы — усіх іх было шэсьць. Апошняга караля, Людвіга Трэцяга, пазбавілі ўлады падчас лістападаўскай рэвалюцыі 1918 году. Род працягвае Луітпольд Баварскі 1951 году нараджэньня, генэральны дырэктар піваварні König Ludwig Schlossbrauerei.

Шапэн грае ў бэрлінскім палацы Радзівілаў. Ілюстрацыя Генрыха Сямірадзкага
Шапэн грае ў бэрлінскім палацы Радзівілаў. Ілюстрацыя Генрыха Сямірадзкага

Яшчэ адна прадстаўніца Радзівілаў магла стаць чальцом манаршай сям’і. Эліза Фрыдэрыка Радзівіл — дачка Антонія Генрыха Радзівіла й пляменьніцы караля Луізы — стала нявестай імпэратара аб’яднанай Нямеччыны Вільгельма, але рана памерла ад сухотаў. Іх унук Антон Вільгельм стаў пажыцьцёвым чальцом верхняй палаты нямецкага парлямэнту.

У бэрлінскім палацы Радзівілаў гасьцявалі Шапэн, Гумбальт, Шынкель, Мэндэльсон, Бэтховэн і іншыя выдатныя дзеячы таго часу. Пазьней гэты будынак амаль на стагодзьдзе стаў адным з галоўных у краіне, а Радзівілаў у ім зьмянілі Бісмарк, Гіндэнбург, Гітлер.

Пасьля Другой усясьветнай вайны на яго месцы пабудавалі комплекс жылых панэльных дамоў.

Усе дзейсныя манархі

Цяпер 10 эўрапейскіх краінаў маюць сваіх манархаў, якія атрымалі ўладу ў спадчыну. Гэта

  • Бэльгія,
  • Вялікая Брытанія,
  • Гішпанія,
  • Данія,
  • Ліхтэнштайн,
  • Люксэмбург,
  • Манака,
  • Нарвэгія,
  • Нідэрлянды,
  • Швэцыя.

Усе манархі, якія правяць цяпер у гэтых краінах, маюць у далёкіх прашчурах Соф’ю Гальшанскую й яе мужа Ягайлу.

Сын Соф’і і Ягайлы Ўладзіслаў правіў Польшчай і Вугоршчынай, а Казімер — Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. У Казімера было трынаццаць дзяцей.

Найбольш працяглыя манаршыя лініі мелі кароль Чэхіі й Вугоршчыны Ўладзіслаў і Ганна Ягелонка.

Сярод нашчадкаў Уладзіслава — Марыя Мэдычы, Людовік Трынаццаты й Людовік Чатырнаццаты з Францыі, некалькі імпэратараў Сьвятой Рымскай Імпэрыі, каралі Партугаліі, Гішпаніі, імпэратары Бразыліі.

Ганна Ягелонка нарадзіла Соф’ю Памяранскую — каралеву Даніі й Нарвэгіі.

Яе праўнук Крысьціян Чацьвёрты кіраваў Даніяй 59 гадоў — рэкорд у гісторыі краіны.

Праўнучка Ганна Дацкая — прашчурка

  • Філіпа Шостага, сучаснага караля Гішпаніі;​
  • Вілема Аляксандра, сучаснага караля Нідэрляндаў;​
  • Лізаветы Другой, каралевы Вялікай Брытаніі.

Праўнучка Аўгуста Дацкая — прашчурка

  • Маргарэты Другой, сучаснай каралевы Даніі,
  • апошняга імпэратара Расеі Мікалая Другога,
  • апошняга імпэратара Грэцыі Канстанціна Другога.

Яшчэ адна праўнучка, Лізавета Дацкая — прашчурка Іягана Фрызо, прынца Аранскага.

Яго кроў ёсьць ува ўсіх сучасных манархах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG