Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун сказаў Tut.by, што біямэтрычныя пашпарты і ўнутраныя ID-карткі могуць не пасьпець пачаць выдаваць да анансаванага раней тэрміну — ад студзеня 2019 году.
«Ёсьць, на жаль, пэўная затрымка, зьвязаная з так званай Беларускай інтэграванай сэрвіснай разьліковай сыстэмай, — кажа Аляксей Бягун. — Яна зьвязаная з уваходжаньнем ID-карткі ў электронны ўрад. Гэтае пытаньне, я думаю, будзе вырашанае на пачатку чэрвеня, а потым мы зможам яшчэ раз сынхранізаваць тэрміны. Калі БІСРС будзе не пасьпяваць, хутчэй за ўсё, пасунем тэрміны ўвядзеньня біямэтрычных дакумэнтаў на сярэдзіну наступнага году.
Але адназначна гэта ня будзе зьвязана з сэзонам адпачынкаў, таму мы думаем, што будзе працяг тэрміну выкананьня даручэньня прэзыдэнта на год ці мінімум на 9 месяцаў».
У сувязі з гэтым, пацьвярджае ён, могуць адкласьці і зьніжэньне збору за шэнгенскія візы з 60 эўра да 35 — яно адбудзецца не раней за зьяўленьне біямэтрычных пашпартоў.
Цяпер Эўразьвяз і Беларусь вядуць перамовы па гэтым пытаньні (Бягун сьцьвярджае, што эўрапейскі бок выстаўляе «непрымальныя палітычныя патрабаваньні»), але чакаецца, што пасьля наступнага раўнду перамоваў сёлета прыйдуць да падпісаньня пагадненьня. Калі падпісаньне сарвецца, візы могуць не патаньнець, а падаражэць.