Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі паэт нумар адзін тлумачыць Свабодзе, чаму піша вершы


Адам Загаеўскі пасьля атрыманьня Прэміі прынцэсы Астурыйскай, 20 кастрычніка 2017
Адам Загаеўскі пасьля атрыманьня Прэміі прынцэсы Астурыйскай, 20 кастрычніка 2017

На мінулым тыдні ў рамках кніжнага кірмашу «Svět knihy 2018» у Празе адбылася сустрэча з польскім паэтам Адамам Загаеўскім. Сярод тэмаў, закранутых падчас 50-хвіліннай размовы паміж паэтам, ягоным чэскім перакладчыкам і аўдыторыяй, былі пытаньні адносна творчых імпульсаў і ролі паэзіі ў жыцьці паэта.

Прапаную чытачам рубрыкі «Варта» некалькі занатовак з гэтай сустрэчы з творцам, які цяперашнім часам лічыцца ці не самым вядомым з жывых польскіх паэтаў у сьвеце. І адначасова зьмяшчаю некалькі ягоных вершаў у беларускіх перакладах.

Адам Загаеўскі нарадзіўся 21 чэрвеня 1945 у Львове, адкуль ягоная сям’я ў тым самым годзе была вымушаная пераехаць у Польшчу. Першы паэтычны зборнік выдаў у 1972. У 1975 улады камуністычнай Польшчы наклалі забарону на публікацыю ягоных вершаў. У 1982 эміграваў у Францыю, адкуль езьдзіў чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэтах у ЗША. У 2002 годзе вярнуўся ў Польшчу. Жыве ў Кракаве. Ляўрэат шматлікіх польскіх і эўрапейскіх літаратурных прэміяў і ўзнагарод. У апошнія гады букмэкеры нязьменна ставяць яго ў сьпіс найбольш імаверных кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

БЛЭЙК

Бачу Ўільяма Блэйка, які штодзень
знаходзіў анёлаў у кронах дрэў,
натыкаўся на
Бога-Айца на сходах
сьціплага дома і на сьвятло ў брудным завулку.

Блэйка, які паміраў
з радасным сьпевам
у тлумным Лондане, месьце
прастытутак, адміралаў і цудаў.

Ўільяма Блэйка, гравёра, які цяжка працаваў,
але ня ў роспачы жыў, хоць і ў галечы,
і ўсё атрымліваў агністыя знакі
ад акіяну і зорнага неба,

і ня траціў надзею, бо надзея
нараджалася ўвесь час наноў, як дыханьне;
бачу тых, хто, як і ён, ішлі па ўсё цямнейшых вуліцах
да ружовай архідэі сьвітанку.

(Пераклад Сяргея Прылуцкага)

Размова з паэтам у Празе пачалася з працытаванага ягоным чэскім перакладчыкам сьцьвярджэньня аднаго польскага крытыка, што нібыта паэзія Адама Загаеўскага грунтуецца на настальгіі. Паэт не пагадзіўся:

«На шчасьце, аўтару неабавязкова ведаць, што ён робіць. Гэта адзін зь ягоных прывілеяў, у адрозьненьне ад крытыкаў, які існуюць дзеля таго, каб шукаць назвы. Я не зусім знаходжу сябе ў вызначэньні, што мая паэзія грунтуецца на настальгіі. Хутчэй за ўсё — на памяці. Але ўся паэзія, дый літаратура наогул, жыве памяцьцю. Цяперашні момант зусім не паддаецца спасьціжэньню. Аб будучыні ведаюць толькі футуролягі, напрыклад, Станіслаў Лем, хоць і ён часам памыляўся. Паэтам жа застаецца незвычайна багатае і разьлеглае рэчыва памяці…

Тое, што мяне захапляе ў пісаньні, гэта пошук момантаў азарэньня (momentów olśnienia). Часам гэта ўдаецца, часам не ўдаецца. Паводле маёй прыватнай тэорыі, паэзія імкнецца да азарэньня, да выхаду па-за межы шэрай рэчаіснасьці, да збудаваньня праз мову чагосьці іншага — шчасьця або смутку… Гэтыя два станы дзіўна падобныя адзін да аднаго… Значыць, калі б мне давялося пісаць пра сябе — на шчасьце, я ня мушу гэтага рабіць — дык я напісаў бы галоўным чынам пра момант азарэньня, які можна знаходзіць у розных матэрыялах памяці.»

ПАЭЗІЯ ЁСЬЦЬ ПОШУКАМ БЛЯСКУ

Паэзія ёсьць пошукам бляску.
Паэзія ёсьць каралеўскай дарогай,
якая вядзе нас найдалей.
Шукаем бляску аб шарай гадзіне,
апоўдні або ў комінах сьвітаньня,
нават у аўтобусе, у лістападзе,
калі побач дрэмле стары ксёндз.

Афіцыянт у кітайскім рэстаране заходзіцца ад плачу,
і ніхто не здагадваецца чаму.
Хто ведае, магчыма, што і гэта — пошук,
так як момант на беразе мора,
калі на гарызонце зьявіўся драпежны карабель
і спыніўся, зьнерухомеў надоўга.
Ды таксама моманты глыбокай радасьці

і незьлічоныя моманты неспакою.
Дазволь мне пабачыць, прашу.

Дазволь мне вытрымаць, кажу.
Вечарам падае халодны дождж.
На вуліцах і ў алеях майго гораду
бязгучна і жарсна працуе цемра.
Паэзія ёсьць пошукам бляску.

(Пераклад Хрысьціны Граматовіч)

І яшчэ крыху пра ролю памяці ў паэтычнай творчасьці. Загаеўскі сказаў:

«Паэт заўсёды асуджаны на сваю памяць, на ўспаміны, больш ці менш адсунутыя ў часе. Я, прыкладам, напісаў шмат вершаў пра дзяцінства, то бок пра сівую мінуўшчыну… Але адначасова гэта не сівая мінуўшчына, таму што для мяне, як і для ўсіх нас, дзяцінства — гэта нешта вечна жывое. Дзяцінства — гэта агромністы рэзэрвуар шчасьця і няшчасьця. Дзяцінства — гэта прыклад мінуўшчыны, якая ніколі не памірае, якая прысутнічае ў нас увесь час.»

АНТОН БРУКНЭР

На сьвітаньні нізкія лугі пахнуць канюшынай.
Барокавыя касьцёлы гнятуць зямлю.
У тумане едуць мужыцкія калёсы і ціха скардзяцца гусі.
Дунай плыве па пляскатых камянях, практыкуецца
у вымоўнасьці, як нясьмелы Дэмастэн.
У тунэлях сена бяруцца навыперадкі мышы.
Хістаюцца лямпы ў цёмных дварах
і напалоханыя цені сунуцца па сьценах.
Вераб’і спрабуюць прамовіць чалавечым голасам.
Конская поўсьць склычаная, у стайнях жоўтая салома,
выпарваюцца рэкі выдыхаў, мерзнуць чырвоныя далоні.
Сьвет занадта матэрыяльны, густы, тоесны,
і ягоныя перамены нікуды не вядуць;
люстры ўжо змарыліся безупыннай праекцыяй
тых самых прадметаў, нават рэха заікаецца.
На парозе пабеленага дома стаіць хлопец
з брыдкім тварам і занадта моцным каркам —
ён добры і пабожны, але дзяўчатам не падабаецца.
На плячах невялікі клунак, цяжкія боты на нагах.
Кроплі вады спадаюць з даху дзіўным парадкам,
рыпіць калаўрот ля студні, крэслы гавораць шэптам.
Дзе мяжа між сфэрамі? Дзе вартаўнікі?
У чым падобныя дзьве розныя стыхіі, волава і кісларод,
інэртнасьць каменных муроў і музыка, якая бяжыць
без аддышкі, як быццам хацела вызваліцца ад кампаніі
габояў, валторнаў і трубаў, аднак жа яна зь імі
зьвязаная назаўжды, і бубны са зьвярынае скуры
будуць бегчы разам зь лёгкімі пікамі альтаў,
будуць плысьці быццам у рытме соннага танцу,
прыцягваныя другім берагам, нябачным і немым,
і ў тым задыханым бегу, які не абернецца ва ўцёкі,
зьнікне бліскучы Дунай і касьцёл зь дзьвюма вежамі ў Лінцы,
і нават вялізная Вена з залатым зернем кайзэра,
засаджаным у пладавітых садах, застанецца ззаду,
як быццам яна была зусім нязначным пунктам на мапе.
Антон Брукнэр пакідае родны дом.

(Пераклад Хрысьціны Граматовіч)

Я запытаўся ў паэта, з чыёй памяці і зь якога азарэньня ўзьнікаюць такія вершы, як, прыкладам, верш пра ангельскага паэта Ўільяма Блэйка або пра аўстрыйскага кампазытара Антона Брукнэра, жыцьці якіх не належыць жа да ягонай асабістай памяці. Загаеўскі адказаў:

«Ёсьць нешта такое, як памяць культуры… Я не магу жыць бяз музыкі, але адначасова ў мяне няма ні каліва таленту да яе. Я асуджаны толькі на слуханьне музыкі. Але гэта не найгоршы варыянт. Брукнэр — адзін з маіх найбольш улюбёных кампазытараў. Калі праз слуханьне вы ўвойдзеце ў такую творчасьць, дык у вас абуджаецца, так сказаць, няўласная памяць, зьвязаная з культурай — памяць культуры…»

Парадаксальна, хоць Загаеўскі ў камуністычнай Польшчы быў забаронены цэнзурай, ён не пісаў палітычных вершаў і не змагаўся сваёй творчасьцю з камунізмам. Чаму? Бо камунізм у Польшчы, лічыць паэт, як жывая ідэя памёр яшчэ ў 1950-х гадах. Камунізм існаваў далей у структурах дзяржаўнага прымусу, у газэтах, у школах, але не існаваў, падкрэсьлівае Загаеўскі, як жывая ідэя сярод людзей. Так што тыя з паэтаў, якія пісалі антыкамуністычныя вершы або змагаліся з камунізмам сваёй творчасьцю, насамрэч змагаліся з трупам.

ЦІ ВАРТА

Ці варта было чакаць у консульствах
моманту добрага настрою ў чыноўніцы
і на вакзале чакаць спозьненага цягніка,
пабачыць Этну зь яе японскім каптуром
і Парыж на сьвітаньні, калі з сутоньня выхіналі
канвэнцыянальныя карыятыды Асмана,
уваходзіць у танныя рэстараны,
дзе трыюмфальна пах часнок,
ці варта было ехаць падземкай
у падзямельлі немаведама якога гораду
і глядзець цені не сваіх продкаў,
ляцець малым самалётам над землятрусам
у Сіэтл, як страказа над пажарам, але таксама
тры месяцы амаль ня дыхаць,
амаль не існаваць, задаючы трывожныя пытаньні
забываючы пра незразумелае дзеяньне ласкі,
чытаць у газэтах пра здраду, пра забойства,
ці варта было думаць і памятаць, правальвацца
у глыбокі сон, дзе цягнуліся
шэрыя калідоры, купляць чорныя кнігі,
запісваць толькі паасобныя вобразы
з калейдаскопу багацейшага чым катэдра
у Сэвільі, якой я ня бачыў,
ці варта выехаць і вярнуцца, ці варта —
так не так не —
нічога ня выкрасьліць.

(Пераклад Яна Максімюка)

Калі паэт не хацеў ангажавацца палітычна ў змаганьне з камунізмам у Польшчы, дык чаму ён эміграваў на Захад?

«Я выехаў у Парыж дзеля жанчыны, якая стала маёй жонкай. Гэта быў такі рамантычны выпадак. Гэта ня быў вынік калькуляцыі. Зразумела, я пры нагодзе пакарыстаўся гэтым выездам: я вывучыў францускую мову, шмат прачытаў па-француску… Але галоўным матывам выезду за мяжу быў асабісты матыў. Наогул, калі я гляджу на сваё жыцьцё, дык мой выбар жыцьцёвага шляху ня быў вынікам калькуляцыі, а хутчэй вынікам выпадковасьці або неабходнасьці. Мне, прыкладам, трэба было паехаць у Амэрыку, каб зарабіць на жыцьцё, бо польскі паэт у Парыжы ня вельмі каб меў за што жыць…»

Адам Загаеўскі належыць да «традыцыйных» паэтаў, калі традыцыю разумець як нешта супрацьлеглае сучасным постмадэрністычным трэндам і модам у літаратуры. Інакш кажучы, паэт зьвяртае ўвагу перш за ўсё на сэнс у паэзіі, а не на фармаваньне паэтычнай мовы. І ён праграмна застаецца «апалітычным» творцам, бо бок піша пра сучаснасьць як пра таямніцу быцьця наогул, а не як пра вынік палітычных працэсаў.

Ды ўсё ж напісаўся яму і адзін верш пра палітычную рэчаіснасьць, калі ў Польшчы да ўлады прыйшла партыя «Права і справядлівасьць», якая пачала выразна руліць у бок аўтарытарызму. У 2016 годзе ў «Газэце выборчай» Загаеўскі апублікаваў вельмі зьедлівы паэтычны камэнтар да бягучай сытуацыі:

НЕКАЛЬКІ ПАРАДАЎ ДЛЯ НОВАГА ЎРАДУ

Мы маем новы ўрад.

У склад нашага ўраду ўваходзіць шмат бліскучых міністраў.

Адзін з нашых міністраў гаворыць па-ангельску.

Наш новы ўрад энэргічна ўзяўся за працу.

На жаль, ён недастаткова рашучы ў сытуацыі,
у якой усё яшчэ застаецца столькі непапраўных лібэралаў;
у некаторых гарадах іх нават болей,
чым традыцыйных каталіцкіх сем’яў.

Што яшчэ мог бы зрабіць наш урад?

Яму нельга кіравацца сэнтымэнтальнымі меркаваньнямі,
якія тыповыя для заходніх палітыкаў.

Належала б нейкай ноччу расстраляць некалькіх кінарэжысэраў,
не шкадуючы і жанчын.

Усіх прафэсараў канстытуцыйнага права
трэба пажыцьцёва інтэрнаваць.

Паэтаў можна пакінуць у спакоі,
і так ніхто іх не чытае.

Патрэбныя лягеры адасабленьня, але зь мяккім рэжымам,
каб не дражніць ААН.

Большасьць журналістаў належыць саслаць
на Мадагаскар.

Затое Вугоршчыну трэба далікатна ўзяць у шчыпцы
і ўсунуць на мапе паміж Польшчай і Нямеччынай,
а потым, калі ўжо абціхне рэакцыя міжнароднага
масонства, незаўважна ўкласьці Нямеччыну
паміж Гішпаніяй і Партугаліяй.

Урад сёньня не павінен залішне вагацца.

Трапілася гістарычная нагода.
Было б грэхам не пакарыстацца ёю.

(Пераклад Яна Максімюка)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG