Былы дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Брайн Ланза дапамагае расейскай кампаніі En + дамагчыся адмены амэрыканскіх санкцыяў, пад якія яна трапіла ў мінулым месяцы. Пра гэта паведамляе тэлекампанія CNN.
Ланза быў блізкі да Трампа падчас перадвыбарнай кампаніі і на пераходным этапе паміж выбарамі і інаўгурацыяй, і па-ранейшаму знаходзіцца ў пастаянным кантакце з супрацоўнікамі Белага дому.
Брайн Ланза — кіраўнічы дырэктар вашынгтонскага аддзяленьня міжнароднай лабісцкай фірмы Mercury Public Affairs LLC..
En + кіруе актывамі Алега Дзерыпаскі, які трапіў пад санкцыі ў сфэрах энэргетыкі і каляровай мэталюргіі. Ланза фармальна прадстаўляе старшыню савету дырэктараў En +, былога міністра энэргетыкі Вялікабрытаніі сэра Грэгары Баркера, а не непасрэдна Дзерыпаску.
Кампанія, згодна з паведамленьнямі, спрабуе скараціць долевы ўдзел у ёй пуцінскага алігарха, каб прасіць аб адмене санкцый. Такое паводле закону стане магчымым, калі ў Дзерыпаскі застанецца менш за 50 працэнтаў акцый En + Group. Санкцыі ўведзеныя ў сувязі з абвінавачваньнямі аб умяшаньні Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе. En + абвясьціла раней, што Дзерыпаска адмовіцца ад часткі акцый кампаніі і сыдзе ў адстаўку з пасады старшыні яе савету дырэктараў.
Тэлеканал CNN перадае, што іншы былы дарадца Трампа Джон Суіні, у мінулым кангрэсмэн ад Нью-Ёрку, зарабіў больш за 200 тысяч долараў, прадстаўляючы швайцарскую фірму Nord Stream 2 AG, якая зьяўляецца даччыным прадпрыемствам «Газпрома», пракладае трубаправод па дне мора з Расеі ў Нямеччыну ў абыход Украіны.