Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Барахолкі» наўзамен «Барадулінак»: новы віцебскі праект не сабраў шмат наведнікаў

абноўлена

У Віцебску прайшоў кірмаш «Барахолка». Ідэя імпрэзы палягала ў тым, каб ахвотныя набывалі вырабы самадзейных майстроў і, каб тыя ахвяравалі частку выручаных сродкаў віцебскаму прытулку для бадзяжных жывёлаў.

Праект «Барахолка» аб’яднаў некалькі творчых накірункаў, папулярных у віцяблянаў. Найперш гэта кірмаш пад адкрытым небам, дзе самадзейныя майстры прадставілі свае вырабы, а прадпрымальнікі — тавары зь беларускай сымболікай.

За ўдзел у кірмашы кожны гандляр-удзельнік заплаціў 8 рублёў, і гэтыя грошы арганізатары абяцаюць пералічыць прытулку для бадзяжных жывёлаў.

На «Барахолцы» былі арганізаваны «BookCrossing» (Чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае яе ў грамадзкім месцы, каб іншы мог гэтую кнігу знайсьці і прачытаць; той у сваю чаргу павінен паўтарыць тое самае. Сачэньне за «падарожжам» кнігі адбываецца праз адмысловыя старонкі ў сетках), прагляд кароткамэтражнага кіно, дзіцячая пляцоўка з майстар-клясамі па маляваньні.

Таксама было магчыма бясплатна наведаць выставы, якія праводзяцца ў Арт-прасторы «Талстога, 7». Аднак «Барахолка» сабрала ня так шмат наведнікаў, як чакалася, у адрозьненьне ад фэсту «Барадулінкі», які таксама традыцыйна праводзіўся тут, у двары Арт-прасторы.

«Барадулінкі» — гарадзкі літаратурна-музычны фэст, на якім таксама выкарыстоўвалі фарматы кірмашу самаробных рэчаў, прагляду фільмаў, выступаў рок-гуртоў ды іншае.

«Барадулінкі», арганізаваныя ў гонар Рыгора Барадуліна, славутага паэта-земляка, заўжды зьбіралі шмат наведнікаў. Але арганізатары «Барахолкі» зь ініцыятывы плятформы vitebsk4.me паведамілі, што гэтага фэсту сёлета ня будзе. На замену «Барадулінкам» яны абяцаюць новыя праекты, і «Барахолка» — адна з такіх імпрэзаў, якія абяцаюць праводзіць рэгулярна.

Паводле назіральнікаў, як паказаў першы досьвед, замяніць нацыянальна арыентаваны фэст «Барадулінкі» віцебскія «Барахолкі» наўрад ці змогуць: hand-made кірмаш ды іншыя культурніцкія прапановы, сфармуляваныя па-расейску, не выклікалі асаблівай цікаўнасьці.

«Барадулінкі». Архіўнае фота.
«Барадулінкі». Архіўнае фота.

Менавіта беларускі калярыт «Барадулінак» найперш вабіў віцяблянаў, а на «Барахолцы» яго стваралі толькі асобныя прадстаўнікі — краама «Вітаўт» і некалькі мясцовых майстроў-рамесьнікаў. І на просьбу падтрымаць прытулак для бадзяжных жывёлаў, які знаходзіцца ў цяжкім эканамічным стане, жыхары Віцебску адгукнуліся ня так актыўна, як чакалася. Імпрэзы ў падтрымку прытулку ў горадзе праводзіцца рэгулярна, а імпрэзаў з нацыянальным калярытам — бракуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG