Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто замовіў ТБМ»


Ад рэдакцыі: Рэдакцыя атрымала ліст ад старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім, у якім яна выказваецца з нагоды рэпартажу журналістаў Свабоды зь сядзібы ТБМ. Зьмяшчаем допіс спадарыні Алены Анісім цалкам.

«Да сёньняшняга дня нашу арганізацыю ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» з «Радыё Свабода» і яе супрацоўнікамі зьвязвалі прыязныя, добразычлівыя ўзаемаадносіны, а таксама сумесная праца па арганізацыі некаторых імпрэзаў. Аднак сёньняшні мой зварот выкліканы іншай прычынай.

Зьвяртаюся да Вас з адкрытым лістом і прашу яго апублікаваць на працягу працоўнага дня. Нагодай для майго звароту стала разьмяшчэньне на сайце «Радыё Свабода» матэрыялу аўтараў Алеся Пілецкага і Ўладзя Грыдзіна (падзагаловак Рэпартаж зь сядзібы ТБМ), пасьля якога абураныя назвай артыкула і яго агульнай накіраванасьцю чытачы тэлефануюць і патрабуюць неадкладнай рэакцыі. Назву артыкула не паўтараю з этычных меркаваньняў, не хачу зводзіць размову на такі ўзровень.

Гэтую публікацыю я схільная разглядаць як адзін з заказных матэрыялаў, прызначаных для выкананьня заданьня па дыскрэдытацыі як асобы старшыні ТБМ, так і дзейнасьці ўсёй арганізацыі. Чаму я так лічу?! Па-першае, такія спробы ўжо былі, дастаткова прыгадаць публікацыю ліста чытачкі з Паставаў у «СБ». Дарэчы, просьбу апублікаваць мой адказ тагачасны рэдактар П. Якубовіч адмовіўся выканаць. Пры зьнешняй непадобнасьці публікацый мэта ў іх праглядваецца адна. Па-другое, ТБМ — арганізацыя валянцёрская, сама шукае сродкі для аплаты памяшканьня і разнастайнай дзейнасьці. У той жа час журналісты атрымліваюць аплату за сваю працу. Пытаньне ў тым, ад каго зыходзіла такое заданьне і хто аплаціў яго?

У сваіх стасунках з журналістамі як незалежных, так і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і я, і сябры нашай арганізацыі зыходзім з прынцыпаў адкрытасьці, шчырасьці, праўдзівасьці і павагі да суразмоўцаў. Лічу гэта асабліва важным, прымаючы пад увагу ў тым ліку і агульную атмасфэру ў нашай краіне, калі шмат што замоўчваецца па прычыне страху, ці прыхарошваецца дзеля стварэньня ідэальнай карцінкі. Таму мы не баімся казаць пра недахопы, абмяркоўваць эфэктыўнасьць тых ці іншых мэтадаў сваёй дзейнасьці, запачаткоўваем такія справы, якімі ніхто іншы не займаецца і займацца ня будзе. Менавіта на канкрэтных нашых справах і іх выніках грунтуецца і аўтарытэт нашай арганізацыі ў грамадзтве. Але гэта шмат каму не падабаецца, як у дзяржаўных органах, так і ў іншым асяродзьдзі, таму і зьяўляюцца такія матэрыялы, як вышэй пазначаныя.

Хачу асабліва падкрэсьліць: мы сваю дзейнасьць па пашырэньні беларускай мовы як рабілі, так і будзем рабіць, незалежна ад таго, ухваляе гэта нехта ці не. Бо мы яе робім не дзеля грошай, а з усьведамленьнем таго, што мы грамадзяне сваёй краіны, а значыць адказваем за тое, што і як тут робіцца. Якую пазыцыю займае рэдакцыя і аўтары публікацыі — пытаньне.

Шкада, што даводзіцца марнаваць сілы і час на такія лісты, але наша арганізацыя здольная абараніць і сябе, і сваіх сяброў ад нападак зь любога боку.

Напрыканцы хачу запытацца: як Вы лічыце, ці павысіцца аўтарытэт незалежных СМІ, у прыватнасьці вашага, у грамадзтве пасьля такіх публікацый? А калі павысіцца, то ў якой яго частцы?

З павагай да ўсіх журналістаў, хто прафэсійна і аб’ектыўна падае інфармацыю,

Старшыня ТБМ Алена Анісім»

***

Аляксандар Лукашук, дырэктар Радыё Свабода:

Ня варта, відаць, казаць, што журналісты Свабоды падзяляюць мэты ТБМ — дастаткова нагадаць хаця б штотыднёвыя адукацыйныя моўныя перадачы, некалькі кніг бібліятэкі Свабоды, прысьвечаных пашырэньню мовы, сумесныя імпрэзы, якія на працягу дзесяцігодзьдзяў мы ладзім з ТБМ.

Таксама добра вядома, што жыцьцё незалежных недзяржаўных арганізацый у Беларусі загнанае ў гета — палітычнае, юрыдычнае, фінансавае, мэдыйнае. Выйсьце зь яго залежыць ня толькі ад саміх НДА — галоўная прычына, канечне, у аўтарытарным, рэпрэсіўным характары дзяржавы. Але выйсьце таксама немагчымае бяз новых ідэй, новых ініцыятываў, новых формаў, прафэсійнага мэнэджмэнту і заўсёды — крытычнага погляду на саміх сябе. Задача незалежнай журналістыкі дапамагаць гэтаму працэсу — такая наша грамадзкая замова.

Крытычна глядзець трэба як на НДА, гэтак і на СМІ, канечне. Менавіта маючы гэта на ўвазе, мы і зьмяшчаем ліст паважанай спадарыні Алены Анісім — з упэўненасьцю ў нашым далейшым супрацоўніцтве, ад іранічных рэпартажаў і гарачых інтэрвію да сумесных сьвяточных імпрэзаў. Каб ня толькі не ўмерлі, але стваралі, радаваліся, сварыліся, знаходзілі новых сяброў, карацей кажучы — жылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG