«Беларускі хакей больш ня топ», «Аглушальная ганьба беларусаў» — так паведамляюць СМІ пра паразу зборнай Беларусі ў хакеі.
Зборная Беларусі саступіла аўстрыйцам (0: 4) і ўпершыню за 15 гадоў вылецела з элітнага дывізіёна чэмпіянату сьвету. На чэмпіянаце сьвету ў Даніі беларускія хакеісты ня здолелі перамагчы ніводную каманду сваёй групы.
Падчас чэмпіянату быў звольнены канадзкі трэнэр Дэйв Люіс, яго замяніў расейскі спэцыяліст Сяргей Пушкоў, які трэніруе гарадзенскі «Нёман».
Галоўны трэнэр «Ліды» Дзьмітрый Дудзік на канале «Беларусь 5» распавёў, што кіраўніцтва Фэдэрацыі хакею Беларусі хацела разьвітацца з канадзкім трэнэрам Дэйвам Люісам яшчэ летась. Аднак кантракт зь ім быў складзены вельмі хітра і прадугледжваў вялікую няўстойку на выпадак датэрміновага скасаваньня. Таксама ў кантракце былі дакладна прапісаны ўсе абавязкі Люіса, і калі фэдэрацыя захацела больш задзейнічаць Дэйва, той паказаў на адсутнасьць адпаведнага пункта ў дамове.
Зборная Беларусі «усухую» саступіла аўстрыйцам (0: 4) і з ганьбай пакінула эліту ўсясьветнага хакею, піша Рressball.by.
«Гэты чэмпіянат яшчэ доўга будуць абмяркоўваць», — паведамляецца на сайце Фэдэрацыі хакею Беларусі.
«Але адразу пасьля гульні было відавочна адно: наша каманда зрабіла тое, на што была здольная. І нават крыху больш. Мы выходзілі гуляць супраць лепшых каманд і на сабе адчулі ўзровень іх хакея. Хлопцы аддавалі барацьбе ўсе сілы. І папракаць іх можна толькі ў тым, што яны не стварылі цуд. Наперадзе доўгі шлях наверх. І ён абавязкова будзе пасьпяховым. Трэба толькі паставіць мэту і пачаць працаваць».
«Усе разумеюць, што ўзровень чэмпіянату даволі высокі. На тым узроўні, на якім праходзяць гульні, нашы хлопцы, на жаль, не могуць гуляць», — пракамэнтаваў сытуацыю выконваючы абавязкі галоўнага трэнэра зборнай Беларусі Сяргей Пушкоў.
«Калектыў у зборнай Беларусі быў, але не такі згуртаваны. Гэта віна ўсіх — трэнэраў, хакеістаў. Мы вылецелі з эліты, цяпер будзем вяртацца. Трэнэры стаяць на мосьціку, яны не выйдуць на лёд. Пасьля звальненьня Люіса мы сталі гуляць у хакей, а не ў бей-бегі. Але нават гэта не дапамагло», — сказаў пасьля праваленага матчу абаронца зборнай Беларусі Дзьмітрый Корабаў.
Зборнай Беларусі па хакеі будзе вельмі складана вярнуцца ў элітны дывізіён чэмпіянату сьвету, заявіў форвард нацыянальнай каманды Джэф Плэт.