10 траўня 43-гадовую Натальлю Васіленку, якая восьмы дзень праводзіць у Гомелі галадоўку, наведалі прадстаўнікі гарадзкога ўпраўленьня па працы, занятасьцi i сацыяльнай абароне і мэдычна-экспэртная рэабілітацыйная камісія (МРЭК), паведамляе БелаПАН.
Жанчына патрабуе аб’ектыўнага мэдыцынскага абсьледаваньня, паўторнай МРЭК і прызначэньня ёй другой групы інваліднасьці, аднак чыноўнікі, якія наведалі яе, прапанавалі ёй працаўладкаваньне.
«Прапануюць працу ўпакоўшчыцай. Але ніхто не прапануе здароўе. Хоць бы пацікавіліся — ці магу я з усім гэтым наборам хваробаў ісьці на гэтую працу?», — пракамэнтавала БелаПАН Васіленка.
Лекары МРЭК прынялі ў Васіленкі заяву на перагляд групы інваліднасьці. Агледзеўшы галадоўніцу, лекары сказалі, што падставаў для перагляду групы няма. Па словах Васіленкі, мэдыкі прапанавалі ёй паехаць у Менск на рэспубліканскую МРЭК. Але жанчына ўжо была там і ня лічыць патрэбным ехаць яшчэ раз праз свой стан здароўя.
Жанчына настойвае на тым, што яе скалечылі мэдыкі, калі не прынялі ў першы дзень пасьля інсульту, адправілі дадому.
«І толькі на наступны дзень, пасьля настойлівых скаргаў і просьбаў, зрабілі кампутарную тамаграфію, вызначылі, што ў мяне інсульт. Хоць па дакумэнтах напісалі, што кровазьліцьцё здарылася роўна ў той момант, калі я ў шпіталі рабіла тамаграфію», — кажа Васіленка.
Натальля Васіленка працягвае галадаць, хоць у яе адзначаюцца перапады артэрыяльнага ціску, тахікардыя, агульная слабасьць і стомленасьць.
Да яе штодня прыходзяць мэдыкі з паліклінікі па месцы жыхарства — вымяраюць ціск. 10 траўня яны ўзялі аналізы і зьнялі холтэр, які раней ўсталёўвалі для маніторынгу працы сэрца. У паліклініцы ёй сказалі, што калі яна настойвае на МРЭК, ёй трэба прайсьці камісію. Пасьля да яе на дом прыяжджалі псыхіятар і нэўроляг, а таксама яе вазілі ў кардыялягічны цэнтар.
43-гадовая Натальля Васіленка 3 траўня пачала бестэрміновую галадоўку. Жанчына ў адчаі: яе не бяруць на працу з-за абмежаваньняў праз трэцюю працоўную групу інваліднасьці, а пэнсіі, якую плаціць дзяржава, не хапае нават на ежу.
Пасьля ўтварэньня даўгоў за камунальныя паслугі Васіленку хацелі выселіць з арандаванага пакою, і тады жанчына зьвярнулася да журналістаў. Пасьля шэрагу артыкулаў камунальныя службы адклікалі свой пазоў, неабыякавыя людзі дапамаглі Натальлі грашыма, прадуктамі, рэчамі. Потым у справу ўмяшалася Сьвятлана Алексіевіч. Яна пачала апекавацца Натальляй — дапамагла выплаціць пазыку ў адным банку і штомесяц пералічвае пэўную суму на рахунак жанчыны з інваліднасьцю.
Разам з Натальляй пачынала галадаць яшчэ адна жанчына з трэцяй працоўнай групай інваліднасьці — Алена Клімовіч. Праз тры дні яна спыніла галадоўку, таму што атрымала прапанову працы з заробкам, які яе задаволіў. Яна пачне працаваць з чэрвеня.