Гісторыя са зьбіцьцём казакамі і прадстаўнікамі Нацыянальна-вызвольнага руху (НОД) пратэстуючых падчас акцыі 5 траўня «Ён нам ня цар!» атрымала ў Расеі шырокі грамадзкі рэзананс.
Рада пры прэзыдэнце РФ па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека (СПЧ) у асобе яго кіраўніка Міхаіла Фядотава паабяцала накіраваць у праваахоўныя органы запыт на прадмет высьвятленьня абставінаў таго, што здарылася, і таго, як была арганізаваная ахова грамадзкага парадку на месцы правядзеньня акцыі.
«Заадно мы высьветлім, хто былі казакі, НОДаўцы, хто яшчэ быў, як яны туды патрапілі, што яны там рабілі, што рабілі супрацоўнікі паліцыі, каб прадухіліць сутыкненьне паміж тымі і іншымі», — цытуе РБК кіраўніка СПЧ.
У сваю чаргу, выканаўчы дырэктар руху «За правы чалавека», член Маскоўскай Хэльсынскай Групы (МХГ) Леў Панамароў апублікаваў на сайце МХГ заяву ў Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі па горадзе Маскве з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці тых асоб, якія «масава зьбівалі нагайкамі, рукамі і нагамі грамадзян, якія апынуліся ў раёне Цьвярской вуліцы і плошчы Пушкіна».
«Злачынствы гэтымі невядомымі асобамі ў форме казакоў, з адпаведнымі нашыўкамі і знакамі адрозьненьня былі зьдзейсьнены пры падтрымцы і патураньні, а напэўна і ў змове зь некаторымі супрацоўнікамі паліцыі, якія знаходзіліся побач і наўмысна адмаўляліся спыняць такія злачынныя дзеяньні», — заявіў праваабаронца.
Ня ўзгодненыя мясцовымі ўладамі акцыі прыхільнікаў апазыцыянэра Аляксея Навальнага праходзілі ў Маскве і іншых расейскіх гарадах напярэдадні інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна 7 траўня. Паводле дадзеных праваабарончага праекту «АУС-Інфа», у 27 гарадах затрымалі каля 1600 удзельнікаў пратэсту, выпадковых мінакоў і журналістаў.
Праваабаронца і журналіст Валер Баршчоў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заўважыў, што палітыка прыцягненьня ў Расеі розных фундамэнталісцкіх і «патрыятычных» груповак для разгрому дэмакратычных сіл ня новая. Паводле яго слоў, улады і раней гэтым не грэбавалі.
«Добра вядомыя рознага роду эксцэсы, калі грамілі выставы і аблівалі зялёнкай праваабаронцаў, — дадаў ён. — Гэта вядомая тактыка. Але прыцягненьне напаўваенізаваных фармаваньняў да разгону маніфэстантаў, ды яшчэ фактычна пад прыкрыцьцём паліцыі, — гэта ўжо абуральнае ноў-хаў. Тым самым антызаконным дзеяньням чарнасоценцаў як бы хочуць надаць дзяржаўны статус».
«Казакі» зьбівалі ўсіх, хто ім трапляў пад руку, і тут жа хаваліся за сьпіны паліцыі, якая выступала ў ролі іх шчыта, сьцьвярджае праваабаронца:
«Яны дзейнічалі як прамыя памагатыя паліцыі, і дзяржава нясе за гэта адказнасьць. Гэта стварае напружаньне ў грамадзтве, узмацняе градус супрацьстаяньня. Больш за тое, стварае небясьпеку грамадзянскай вайны. Улада павінна гэта разумець, але, па-мойму, не разумее. Мы, праваабаронцы, гэты факт ня проста асуджаем, але папярэджваем пра небясьпеку для грамадзянскага міру», — падкрэсьліў Валерый Баршчоў.
На яго думку, гэта таксама, «безумоўна, замах на канстытуцыю». У гэтай сувязі праваабаронцы маюць намер 12 чэрвеня правесьці акцыю ў абарону канстытуцыі.
Як уяўляецца праваабаронцу, паліцэйскіх сіл у Расеі зашмат, але ўлады, прыцягваючы да гвалтоўных дзеяньняў чарнасоценцаў, хацелі прадэманстраваць, што супраць дэмакратычных сіл настроена і істотная частка грамадзтва:
«Вось яны і выбралі такіх „годных“ прадстаўнікоў грамадзтва, якія дзейнічалі нахабна і агрэсіўна. Але гэта вельмі небясьпечная гульня. Таму што яна можа выліцца ў сур’ёзнае супрацьстаяньне. Бо наступны раз на акцыю пратэсту могуць прыйсьці хлопцы мацнейшыя, мацнейшыя, і пачнуць біць гэтых самых „казакоў“. Будзе пабоішча. А гэта ўжо, агулам кажучы, папярэднік грамадзянскай вайны».
Улада павінна адрэагаваць на тое, што здарылася, лічыць Валерыя Баршчоў. На яго думку, улада зайшла занадта далёка і страціла арыенціры, вырашыўшы, што ёй усё дазволена. Разам з тым ён сумняваецца, што кагосьці па гэтай справе прыцягнуць да адказнасьці, акрамя актывістаў Навальнага.
Дырэктар Музэю і Грамадзкага цэнтру імя Андрэя Сахарава Сяргей Лукашэўскі, добра знаёмы на практыцы з дзеяньнямі «чорнай сотні» нашых дзён, згодны з тым, што ўлады ня першы раз выкарыстоўваюць падобныя рэчы. Ён таксама лічыць, што выкарыстаньне «казакоў» зьвязана зусім ня з тым, што не хапае паліцэйскіх сіл.
«Ва ўлады дастаткова рэсурсаў для таго, каб спыніць любое мерапрыемства, якое ім не падабаецца, — сказаў ён у камэнтары для Расейкай службы „Голасу Амэрыкі“. — Гэтая гісторыя мае іншую прыроду. Людзі, якія адказваюць за „правільную“ арганізацыю ўнутранай палітыкі пры дапамозе тых, хто хоча неяк праявіць сябе (перад Крамлём), арганізуюць як бы грамадзкі рух у розных варыянтах. Гэта і НОД, і значная частка казацкіх аб’яднаньняў. Так што тут, хутчэй, прысутнічае імкненьне прадэманстраваць наяўнасьць ахоўніцкіх, праўладных грамадзкіх сіл з больш кансэрватыўнай пазыцыяй».