Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчуваю сувязь з „русским миром“». Лідэры найстарэйшай арганізацыі беларусаў Польшчы сьвяткавалі 9 траўня з «георгіеўскай» стужкай


Ян Сычэўскі
Ян Сычэўскі

Кіраўнікі Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі і ягоны намесьнік Васіль Сегень адзначылі Дзень Перамогі ў Беластоку з «георгіеўскімі» стужкамі. Беларускія дыпляматы адмовіліся іх начапіць.

Урачыстасьці 9 траўня прайшлі на вайсковых могілках у Беластоку, дзе пахаваныя савецкія жаўнеры. Акцыю арганізавала беларускае консульства. Да яго далучыліся мясцовыя беларусы і прадстаўнікі Расейскага культурна-асьветнага аб’яднаньня.

«Георгиевская ленточка»: Адкуль, каму, за што

На фатаздымках, якія апублікаваў у сваім Фэйсбуку журналіст Польскага Радыё Беласток Яраслаў Іванюк, бачныя Ян Сычэўскі і Васіль Сегень з «георгіеўскімі» стужкамі на пінжаках. Іх прынесьлі на могілкі сябры Расейскага культурна-асьветнага аб’яднаньня.

Пасьля расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне гэтыя колеры сталі сымбалем «русского мира» і агрэсіўнай расейскай палітыкі стасоўна сваіх суседзяў. «Георгіеўская» стужка служыць вобразам адноўленай расейскай імпэрскай ідэнтычнасьці на постсавецкай прасторы.

Васіль Сегень
Васіль Сегень

У інтэрвію Яраславу Іванюку Васіль Сегень сказаў:

«Гэта толькі сымбаль. А які іншы сымбаль быў бы лепшы? Мне здаецца, што мы ўсходнія славяне, прынамсі я асабіста, адчуваю большую сувязь з гэтым рускім сьветам, духоўным сьветам, незалежна ад палітыкі. Гэтая сувязь адчуваецца на кожным кроку нават у сучаснасьці. Калі я еду ў Беларусь, перасякаю мяжу, то зусім іншае адчуваньне, чым у кантактах зь іншымі братамі-славянамі на Захадзе, у Польшчы, напрыклад», — сказаў Васіль Сегень.

Прысутныя на мерапрыемстве беларускія дыпляматы не захацелі чапляць стужкі ад расейскіх актывістаў.

Консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава ў інтэрвію Радыё Беласток заявіла: «Гэта ня нашая традыцыя. Не традыцыя Беларусі. У Беларусі ў нас іншыя стужкі, зь дзяржаўнымі сымбалямі».

Ала Фёдарава
Ала Фёдарава


Пракамэнтаваць выкарыстаньне георгіеўскіх стужак Свабода папрасіла Яна Сычэўскага, шматгадовага кіраўніка БГКТ. Ён вядомы сымпатыяй да Аляксандра Лукашэнкі, браў удзел ва Ўсебеларускім зьезьдзе. У 2001 у Менску выказаўся супраць інтэграцыі Польшчы ў Эўразьвяз і назваў Беларусь узорам дэмакратыі.

— Спадар Сычэўскі, гэтыя колеры сёньня сымбалізуюць агрэсіўную палітыку Расеі ва Ўкраіне, гэта сымбаль «русского мира»​. Чаму вы згадзіліся надзець гэтыя стужкі?

— Цяжка мне гэта патлумачыць. Галоўным ініцыятарам сьвята было расейскае таварыства (арганізатарам было Генэральнае консульства Беларусі. — РС.). Гэты сымбаль мае глыбокую расейскую традыцыю. Ён сымбалізуе заканчэньне вайны.

— Але сёньня ён сымбаль вайны Расеі супраць Украіны.

— Гэтая стужка ня мае антыўкраінскай гісторыі. Для мяне яна мае іншае значэньне. Нас вызваліў СССР. Эўропа сама нас бы ня вызваліла. І чаму ўсё, што расейскае, кепска?

— А чаму вы не ўзялі з сабою стужку з колерамі дзяржаўнага сьцяга Беларусі, якая выкарыстоўваецца на Дзень Перамогі ў Менску?

— Мы не арганізатары мерапрыемства і ня можам дыктаваць сваіх правілаў.

— Але беларускія дыпляматы ня мелі «георгіеўскіх» стужак. Дык мо праз год вы зробіце на іхны ўзор?

— Навошта? Гэта сымбаль перамогі. У яго глыбокая традыцыя, нават царская яшчэ.

— Традыцыя, якая зьмянілася і сёньня стала сымбалем вайны ва Ўкраіне. Іх чапляюць на аўтаматы баевікі, якія забіваюць украінцаў, братоў-славян.

— Я нічога пра гэта ня ведаю і ня бачыў, каб гэтыя стужкі чаплялі баевікі.

***

Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Польшчы — гэта найстарэйшая грамадзкая арганізацыя беларусаў у Польшчы, заснаваная ў 1956 годзе, праводзіць культурна-асьветную работу сярод беларускага насельніцтва Польшчы.

Дзень Перамогі зь беларускім арнамэнтам замест «георгіеўскай» стужкі​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG