Пасьля ўскладаньня кветак на менскай плошчы Перамогі 9 траўня Аляксандар Лукашэнка анансаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным 14 траўня, піша БЕЛТА. Гэта адбудзецца праз тыдзень пасьля чацьвёртай інаўгурацыі Пуціна.
Намёртва прырасьлі да крэслаў. Экспэрты з Масквы і Менску пра інаўгурацыі Пуціна і Лукашэнкі
«Прапанаваў правесьці гэтую сустрэчу расейскі бок, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Я, вядома, зь цікавасьцю буду яе чакаць. Хацеў бы пачуць, якія ёсьць усё ж такі пытаньні, можа, у Расейскай Фэдэрацыі. Мы ж таксама не сьвятыя, могуць быць і да нас пытаньні, а можа, і прэтэнзіі. Мы гатовыя іх за сталом перамоваў абмяркоўваць. Але ў тым, што ў нас будзе парадак і нармальныя адносіны з Расейскай Фэдэрацыяй, вы можаце ніколькі не сумнявацца».
Дзе менавіта адбудзецца сустрэча, у Беларусі ці ў Расеі, ён не ўдакладніў. Толькі заявіў, што «братняя палітыка» адносна Расеі ня зьменіцца.
«Калі Расея вырашыць пайсьці далей, мы гатовыя паглыбляць наша супрацоўніцтва, — дадаў ён. — Мы за каапэрацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалосьсяў — малочных, мясных, цукровых войнаў і іншага. Гэта проста сарамоцьце».
Раней ад імя Лукашэнкі былі разасланыя афіцыйныя віншаваньні з Днём Перамогі кіраўнікам іншых дзяржаў — у тым ліку Ўладзіміру Пуціну і Пятру Парашэнку. Але новаму кіраўніку Армэніі Ніколу Пашыньяну віншаваньняў не накіравалі.