Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька паспрачаўся ў Кіеве з дэпутатам Тарасюком за эўрапейскую Беларусь


Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі (зьлева направа) падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Ўкраіна — Беларусь: ад выклікаў да супольных прарываў»
Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі (зьлева направа) падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Ўкраіна — Беларусь: ад выклікаў да супольных прарываў»

Міжнародная канфэрэнцыя «Ўкраіна — Беларусь: ад выклікаў да супольных прарываў», якая праходзіць 3–6 траўня ў Кіеве, абмяркоўвае, якімі маюць быць дачыненьні паміж дзьвюма дзяржавамі, якія выбралі розныя саюзы: Украіна — з Эўразьвязам і NATO, Беларусь — з Расеяй.

У канфэрэнцыі бяруць удзел сустаршыня Беларускай хрысьціянскай партыі Віталь Рымашэўскі, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Украіну прадстаўляюць народны дэпутат Барыс Тарасюк, лідэр Эўрапейскага руху Ўкраіны Вадзім Трухан, а таксама прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый ды палітычныя экспэрты. У сустрэчы бярэ ўдзел кіраўнік дэпартамэнту МЗС Уладзімер Шкуроў, зь беларускага МЗС нікога няма.

Свабода сабрала асноўныя тэзісы выступоўцаў з абодвух бакоў, якія часамі перарасталі ў спрэчкі.

Супраца на фоне расейскай агрэсіі

Сучасную інтэнсыфікацыю дачыненьняў Менску і Кіева найперш абумовіла складаная сытуацыя ва Ўкраіне. Анэксія Крыму і расейская агрэсія на Данбасе прымусілі ўкраінскую ўладу актывізаваць кантакты з уладай Беларусі. Гэтага ў Кіеве і ня ўтойваюць — у красавіку сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў шчыра прызнаўся, што пасьля некалькіх паведамленьняў украінскай выведкі пра нібыта пачатак наступу расейскіх войскаў вымушаны быў паехаць на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, каб скараціць колькасьць магчымых кірункаў удару з боку Расеі.

Але ці стане сытуатыўная актывізацыя супрацоўніцтва асновай больш сталых сувязяў Беларусі і Ўкраіны? Якой мае быць стратэгія міждзяржаўных беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў і якую ролю маюць выконваць недзяржаўныя арганізацыі? Гэтыя пытаньні ўпершыню за апошнія гады абмяркоўваюць у Кіеве на ўзроўні прадстаўнікоў палітычных партый, якія зьяўляюцца назіральнікамі ад Украіны і Беларусі ў Эўрапейскай народнай партыі — найбуйнейшай палітычнай сіле Эўропы, прадстаўленай ва ўсіх палітычных інстытутах Эўрапейскага Зьвязу ды Рады Эўропы.

Міжнародную канфэрэнцыю ў Кіеве арганізавала прадстаўніцтва фонду Конрада Адэнаўэра ва Ўкраіне супольна з грамадзкай арганізацыяй «Эўрапейскі рух Украіны» і Інстытутам дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе.

Чаго хочуць беларускія апазыцыйныя палітыкі

Беларускія палітыкі, якія прыехалі ў Кіеў, сытуацыю разумеюць, таму і не крытыкуюць украінскія ўлады за супрацу зь Беларусьсю. Але яны шчыра прызналіся, што цяпер наўрад ці іхныя прапановы будуць мець уплыў на беларускія ўлады.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Мы прадстаўляем апазыцыйныя партыі. У нас няма свабодных выбараў, мы ня можам наўпрост уплываць на палітыку дзяржавы, — кажа сустаршыня Беларускай хрысьціянскай партыі Віталь Рымашэўскі. — Але калі мы гаворым пра стратэгію, то галоўнае — адысьці ад рэактыўнай палітыкі, калі вонкавыя абставіны, пазыцыя Эўразьвязу ці Расеі прымушаюць нас на дзеяньні ў адказ — абараняцца, выстройваць бясьпеку, нешта прасіць у эўрапейцаў. Калі мы так будзем працягваць, мы будзем на задворках Эўропы заўсёды, нават калі расейская пагроза зьнікне. Патрэбна праактыўная палітыка, і гэта трэба было рабіць яшчэ ўчора. Трэба прыяжджаць да эўрапейцаў з прапановамі і з падрыхтаванымі канцэпцыямі, і ўжо на гэтай глебе шукаць партнэраў».

На думку Віталя Рымашэўскага, да дыскусіі таксама патрэбна далучаць ня толькі апазыцыйных палітыкаў, але і прадстаўнікоў улады.

«Ёсьць рэчы, пра якія мы будзем спрачацца і ніколі ня будзе кансэнсусу, напрыклад свабодныя выбары. Але ёсьць супольныя задачы — разьвіцьцё гандлёвых дачыненьняў, культурных сувязяў, распрацоўка стратэгій, да якіх можна было б прыцягваць увагу Эўропы. І Ўкраіна магла б паспрабаваць стаць лідэркай сярод краінаў, для якіх рэалізуецца праект ЭЗ «Усходняе партнэрства».

У той жа час старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч мяркуе, што пры выпрацоўцы формулы двухбаковай супрацы трэба прытрымлівацца балянсу:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Стаўка на дачыненьні толькі з апазыцыяй могуць спалохаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мяркую, што сёньняшняя кіроўная эліта Ўкраіны не хацела б пагаршэньня стасункаў, але і рабіць поўную стаўку на ўладную вэртыкаль нельга. Патрэбны балянс, праграмы, у якіх змогуць браць удзел і ўлада, і апазыцыя, і грамадзтва; праграмы, якія прывядуць да наладжваньня гарызантальных сувязяў ня толькі між Украінай і Беларусьсю, але будзе спрыяць каапэрацыі і супрацоўніцтву ўсярэдзіне Беларусі, што для нас істотна».

Між іншым, Юрась Губарэвіч мяркуе, што найбольш эфэктыўна супраца між дзяржавамі, грамадзкім сэктарам ды апазыцыяй дзьвюх краінаў разьвівалася ў гады праўленьня Леаніда Кучмы.

«А гэта азначае, што ёсьць магчымасьць супрацоўніцтва ня толькі пры дэмакратычным прэзыдэнце ці ўрадзе. Патрэбна супраца на ўзроўні недзяржаўных арганізацый абсалютна розных профіляў — ад эколягаў да праваабаронцаў, праца на рэгіянальным узроўні. Гэта можа быць досьвед тых рэформаў, якія цяпер, хоць і з праблемамі, адбываюцца ва Ўкраіне. І гэта будзе вельмі карысна для нашых будучых эліт, якія рана ці позна прыйдуць на зьмену цяперашняй уладзе», — перакананы ён.

Што прапануюць украінскія палітыкі

Народны дэпутат Украіны Барыс Тарасюк (ён двойчы працаваў міністрам замежных спраў Украіны — у 1998–2000 і ў 2005–2007 гадах) мяркуе, што дачыненьні зь Беларусьсю трэба выстройваць з улікам ня толькі супольных інтарэсаў, але і адрозьненьняў, якія існуюць як ва ўнутранай, так і ў замежнай палітыкі краінаў.

Барыс Тарасюк
Барыс Тарасюк

«Украіна імкнецца стаць сябрам аб’яднанай дэмакратычнай Эўропы, далучыўшыся і да Эўразьвязу, і да NATO. У Беларусі такіх мэтаў няма. Больш за тое, яна зьвязаная саюзьніцкімі дачыненьнямі зь дзяржаваю, зь якою ў нас вайна, з Расеяю. У нас таксама розныя формы палітычнага кіраваньня. І гэта ў даволі сур’ёзнай ступені адбіваецца на ўнутрыпалітычных працэсах у нашых краінах. Нашы грамадзтвы маюць розную палітычную дынаміку і, я б сказаў, палітычную культуру. Ніводзін палітычны пратэст у Беларусі не заканчваўся посьпехам дэмакратычных сілаў, рэжым кожны раз душыць гэтыя пратэсты», — канстатаваў Барыс Тарасюк.

Тарасюк прапанаваў стварыць у беларускім парлямэнце дэпутацкую групу сувязяў з Украінаю, па аналёгіі зь Вярхоўнай Радай, у якой групу сувязяў зь Беларусьсю ўзначальвае дэпутат фракцыі «Народны фронт» Аляксандар Кадола.

«У Нацыянальным сходзе Беларусі такая група адсутнічае. І гэта паказчык адсутнасьці нармальных міжпарлямэнцкіх дачыненьняў. Хацелася б, каб і ў Нацыянальным сходзе была такая група», — дадаў народны дэпутат Украіны, чым выклікаў абурэньне кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Спрэчкі пра Палату прадстаўнікоў

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Няма ў Беларусі парлямэнту. Ёсьць будынак з шыльдай. І калі вы цяпер працягваеце руку прызначаным дэпутатам, вы аддаляеце нас ад нашай прысутнасьці ў парлямэнце. Нельга такім чынам заахвочваць фальшывыя выбары, нельга заахвочваць брахню. Вось хацелася б, каб з гэтай дыскусіі паўстала пляцоўка для міжпартыйнай супрацы. Можна выбіраць лякальныя тэмы і абмяркоўваць».

Лябедзька вылучыў сваю прапанову, згадаўшы, што ў Сейме Літвы працуе група «За дэмакратычную Беларусь», якая арыентуецца на стандарты АБСЭ ў выбарах, не прызнала выбары ў Беларусі, але працуе зь беларускім грамадзтвам.

«Давайце зробім групу „За эўрапейскую Беларусь“ ва ўкраінскім парлямэнце. Няхай там будзе тры-чатыры дэпутаты, але яны будуць шчыра ставіцца да нашай будучыні», — прапанаваў Анатоль Лябедзька.

«Не размаўляючы, мы ня маем магчымасьці сказаць, што нехта ня мае рацыі і мы з гэтым нязгодныя. Толькі кантакт можа стварыць такую магчымасьць. Што датычыцца стварэньня групы „За эўрапейскую Беларусь“ — мне спадабалася гэтая ідэя, будзем працаваць. І нават у гэтым складзе парлямэнту», — паабяцаў Барыс Тарасюк.

Кіраўнік арганізацыі «Эўрапейскі рух Украіны» Вадзім Трухан перакананы, што, нягледзячы на розныя вонкавыя вэктары, Беларусь і Ўкраіна змаглі захаваць добрыя дачыненьні. І ў будучыні, паводле яго, краіны маюць найбольшыя шанцы стаць ядром альянсу ў рэгіёне.

«У гісторыі дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны ніколі не было крывавых плямаў. Нам няма чаго дзяліць, інтарэсы пераважна супадаюць, і калі б мы былі больш інтэграваныя ў розных сфэрах жыцьця, то маглі б дапаўняць адна адну. Цяпер, вядома, ня час для новых рэгіянальных праектаў, але рыхтавацца да гэтага трэба і закладаць цяпер аснову для будучага альянсу», — заявіў Трухан.

Украінскія ўлады праяўляюць прагматызм

Беларусь і Ўкраіна маюць супольную мяжу больш як на тысячу кілямэтраў. Гэта, паводле дырэктара Другога эўрапейскага дэпартамэнту Міністэрства замежных спраў Украіны Уладзімера Шкурова, ёсьць як вялікім патэнцыялам для супрацы, так і пэўным выклікам, бо адначасова паўстаюць пытаньні бясьпекі мяжы і папярэджаньня правакацый ваеннага характару.

Уладзімер Шкуроў
Уладзімер Шкуроў

«Таму вельмі знакавымі ў нашых дачыненьнях сталі запэўніваньні з боку прэзыдэнта Беларусі пра тое, што ўкраінская мяжа ніколі ня будзе мяжой вайны. Сёньня для Ўкраіны гэта вельмі важна. Расейская агрэсія падрывае нашые рэсурсы, менавіта таму для нас такое вялікае значэньне мае падтрымка нашых іншых суседзяў, у тым ліку і Беларусі. Нягледзячы на спробы трэціх краін, я маю на ўвазе найперш Расею, пасварыць нашы народы, мы робім усе магчымае, каб захаваць узаемную павагу, актывізаваць двухбаковую супрацу, павялічыць таваразварот, умацаваць сацыяльныя кантакты між людзьмі. У асноўным нам усё гэта ўдаецца, хаця ня ўсё так лёгка. Мы ўсе разумеем, што Расея мае істотны ўплыў на Беларусь, як на двухбаковым узроўні, у межах саюзнай дзяржавы, так і ў кантэксьце функцыянаваньня такіх структур, як СНД ды Эўразійская эканамічная супольнасьць», — патлумачыў прадстаўнік МЗС Украіны.

Уладзімер Шкуроў адзначыў, што апошнія кантакты прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны дазволілі правесьці рэвізію стасункаў і вызначыць крокі ў супрацы.

«На жаль, нават дамоўленасьці прэзыдэнтаў не заўсёды азначаюць, што ўсё будзе зроблена так, як плянавалася. Ёсьць кірункі, дзе ўсё ідзе паводле пляну ці прынамсі рухаецца ў патрэбным напрамку. Найперш гэта эканамічнае супрацоўніцтва, і яно актывізуецца. Але адным з ключавых момантаў, якія могуць перашкодзіць далейшаму росту, — наяўнасьць шэрагу антыдэмпінгавых захадаў, якія ўводзяцца ня столькі беларускім бокам, зацікаўленым у бесьперабойным забесьпячэньні трубнай прадукцыяй, сталёвымі коламі, а камісіяй Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, якая такім чынам стварае нязручнасьці ня толькі для Ўкраіны, а і для сябра гэтай жа арганізацыі — Беларусі».

Лёс украінскага тэлеканалу ў Беларусі няпэўны

Асобна прадстаўнік МЗС спыніўся на праблеме, якая ўзьнікла з пачаткам трансьляцыі ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі, як пра гэта дамаўляліся Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка.

«Як ні сумна пра гэта гаварыць, але пытаньне дагэтуль ня вырашана. Украінскі бок зрабіў усё неабходнае, каб беларусы маглі атрымліваць інфармацыю пра нашу краіну зь першакрыніцы. Цяпер мы чакаем адпаведных крокаў ад нашых беларускіх партнэраў», — падкрэсьліў Уладзімер Шкуроў.

Міжнародная канфэрэнцыя «Украіна — Беларусь: ад выклікаў да супольных прарываў» будзе доўжыцца да 6 траўня.

Нямецкі фонд аднавіў пляцоўку для перамоваў беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG