Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў правёў 6 траўня для вучняў старэйшых клясаў кобрынскай школы № 7 экскурсію «Кобрынь. Верасень 1939-га», прысьвечаную, паводле ягоных слоў, беларусам, якія аднымі зь першых змагаліся з нацыстамі ў шыхтах Войска Польскага.
«Я распавядаў пра тых, хто змагаўся супраць нацыстаў»
Пасьля экскурсіі, як стала вядома гісторыку, дырэктара школы выклікалі ў гарадзкі аддзел адукацыі, спорту і турызму, настаўнікі вымушаныя пісаць тлумачальныя наконт экскурсіяў. Што ня так з экскурсіяй, Мельнікаў ня ведае: кажа, што мерапрыемства было выключна гістарычнае.
«Настаўнікі спужаліся, — кажа Мельнікаў. — Я ім тэлефанаваў, казаў, што ня можа быць ніякіх страхаў: ні ў якім мітынгу яны ня ўдзельнічалі, я распавядаў пра тых, хто змагаўся супраць нацыстаў. Кажу, няма чаго пужацца, вы ж былі там. Мясцовыя кажуць, гэта ледзь не КДБ глядзеў на гэта ўсё. Падаецца, гэта было проста каб перастрахавацца. Як тое было на выставе ў 2014 годзе: прыехалі, паглядзелі, сказалі, нібы „антысавецкая“, але не было нічога антысавецкага там».
«Калі настаўнікі хацелі сустрэцца з гісторыкам, дык укажыце гэта ў мэце экскурсіі»
Начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкаму Галіна Радковіч сказала карэспандэнту Свабоды, што настаўнікі павінны патлумачыць, куды хадзілі і з кім сустракаліся.
«У мяне ў загадзе па 7-й школе напісана, што ў дзяцей заплянавана „знаёмства з архітэктурай касьцёла“. А насамрэч адбылася нейкая фатасэсія, ня важна з кім. У загадзе было адно, а на выхадзе атрымалася іншае. Калі ласка, калі настаўнікі хацелі сустрэцца з гісторыкам, даведацца нешта большае, дык укажыце гэта ў мэце экскурсіі. А ня потым прыдумляйце. І потым вы выкладаеце фатаздымкі, куды пайшлі нашы вучні. То бок я бачыла загад на наведваньне, а гэта выйшла за рамкі. Таму няхай патлумачаць. Нічога страшнага не адбылося», — сказала Галіна Радковіч.
Мельнікаў кажа, што такія «наезды» крыўдзяць яго як чалавека, які займаецца захаваньнем гістарычнай памяці. Кажа, што лічыць сябе чалавекам, які расказвае гістарычную праўду, якую варта ведаць моладзі, і робіць гэта ня супраць дзяржавы, а для дзяржавы.
Ігар Мельнікаў выдаў багата кніг пра беларусаў у міжваенны час і беларускіх вайскоўцаў у Другой усясьветнай вайне. Толькі ў 2017 годзе ён апублікаваў кнігі «Забытыя героі» і «Адысэя палешука», альбом «Мяжа была пад Менскам. 1921–1941 гг.», а таксама кнігу пра 20-ю «беларускую» дывізію пяхоты Войска Польскага ў сэрыі «Вялікая кніга пяхоты польскай» на польскай мове. Сёлета рыхтуе да выданьня альбом пра польскае войска ў Беларусі ў 1918 і 1919–1920 гг., піша новую кнігу «Верасень 1939-га. Магілы неаб’яўленай вайны».