Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд былому палітвязьню Барановічу

абноўлена

Сьвятаслаў Барановіч на судзе 15 лютага 2018 году
Сьвятаслаў Барановіч на судзе 15 лютага 2018 году

4 траўня ў Менскім гарадзкім судзе калегія разгледзела касацыйную скаргу на вырак Сьвятаславу Барановічу, асуджанаму на 3 гады за напад на міліцыянта. Самаго Барановіча ў суд не прывезьлі, хадайніцтва адвакаткі наконт гэтага адхілілі.

Людзі ў залі сустрэлі пастанову словамі «Ганьба!» і «Фашысты».

Інцыдэнт адбыўся ў сакавіку 2017 году пасьля «Маршу недармаедаў» блізу плошчы Бангалор. Сьвятаслаў Барановіч, былы палітвязень, якому ў 2011 годзе прысудзілі ўмоўнае пакараньне за Плошчу-2010, заступіўся за актывістаў анархісцкага руху, якіх спрабавалі затрымаць «людзі ў цывільным» — міліцыянты бяз форменнай вопраткі.

Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»?

Тады Сьвятаслаў Барановіч ударыў міліцыянта Арцёма Паўлава кулаком у галаву, што прызнаў на судзе і папрасіў у пацярпелага прабачэньня. У судзе Барановіч казаў, што не да канца асэнсоўваў, што перад ім быў супрацоўнік міліцыі, хоць на сьледзтве ён нібыта прызнаваў гэта цалкам.

Калегія Менскага гарадзкога суду цалкам пагадзілася з прысудам, які ў сакавіку вынес Сьвятаславу Барановічу Маскоўскі раённы суд Менску — 3 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адвакатка Натальля Мацкевіч прасіла калегію Менгарсуду скасаваць прысуд і адправіць справу на новы разгляд. Абаронца зьвярнула ўвагу на тое, што на судзе Барановіч даў іншыя паказаньні, чым на сьледзтве, адносна таго, ці разумеў ён, што ўдарыў менавіта міліцыянта.

«Між тым менавіта ад гэтага залежыць кваліфікацыя ўчынку паводле 364 артыкулу КК — ужываньне гвалту адносна міліцыянта», – мяркуе адвакатка. Паводле Мацкевіч, на сьледзтве Барановіча прымусілі даць паказаньні, паводле якіх ён нібыта ведаў, што нападае на міліцыянта, а ня проста нейкага хулігана «ў цывільным».

З судовай залі падчас разгляду справы былі выдаленыя актывісты Валянцін Троцкі і Сяргей Спарыш, якія абураліся словамі пракуроркі. З залі на знак пратэсту сышоў таксама Павал Севярынец, які заклікаў судовую калегію скасаваць прысуд Барановічу. У судзе гучалі воклічы «Ганьба!» і «Фашысты!».

Вядома, што цяпер Барановіча трымаюць у Жодзінскім СІЗА: як сказаў Вячаслаў Сіўчык, ад яго даходзяць лісты, пра ціск за кратамі не паведамляў.

«На жаль, чаканае рашэньне, — пракамэнтаваў працэс лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч. — Рэжым робіць гэтак, каб баяліся нават дакрануцца да міліцыянтаў. На жаль, „Вясна“ не прызнае Барановіча палітвязьнем, але людзі будуць ведаць, што яго асудзілі за палітыку, і ў калёніі будуць пра гэта ведаць і адпаведна ставіцца. Мяркую, яго пакаралі за мужны ўчынак».

***

Напярэдадні грамадзкі камітэт абароны палітвязьняў заклікаў падтрымаць Сьвятаслава Барановіча, перасьлед якога актывісты лічаць палітычна матываваным.

«Мы расцэньваем перасьлед Сьвятаслава Барановіча, як і зьняволеньне Зьмітра Паліенкі, і нядаўняе затрыманьне незалежнага журналіста Зьмітра Галко, таксама абвінавачаных у нападзе на супрацоўнікаў міліцыі, як адназначны пасыл улады грамадзянскай супольнасьці, скіраваны на запалохваньне грамадзтва, задушэньне яго волі да супраціву гвалтоўным дзеяньням і прадухіленьне мірных пратэставых акцый. Камітэт вызваленьня палітвязьняў адназначна і аднагалосна вызнае Сьвятаслава Барановіча палітвязьнем і заклікае беларускую і міжнародную грамадзкасьць да салідарнасьці зь ім», — заявіў Камітэт абароны палітвязьняў.

Сьвятаслаў Барановіч вядомы таксама як удзельнік Плошчы-2010, якога адным з апошніх судзілі за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць несумленных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Восеньню 2011 году Барановіча асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Хто такі Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны на 3 гады за напад на «людзей у цывільным»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG