Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія хакеісты стартуюць на чэмпіянаце сьвету. Што варта ведаць і чаго чакаць


Зборная Беларусі па хакеі на чэмпіянаце сьвету 2015 году, архіўнае фота
Зборная Беларусі па хакеі на чэмпіянаце сьвету 2015 году, архіўнае фота

4 траўня ў Даніі стартуе 82 чэмпіянат сьвету па хакеі, у якім бярэ ўдзел нацыянальная зборная Беларусі.

Зборная Беларусі разьмясьцілася ў Капэнгагене, яна будзе выступаць у групе «А» разам з камандамі Швэцыі, Францыі, Расеі, Швайцарыі, Чэхіі, Аўстрыі і Славаччыны. Першы паядынак са швэдамі пачнецца 4 траўня ў 21.15 па беларускім часе на «Роял-Арэне».

Іншая васьмёрка — зборныя Канады, Фінляндыі, ЗША, Нямеччыны, Нарвэгіі, Латвіі, Паўднёвай Карэі і Даніі — згуляе ў лядовай «Бэксэн-Арэне» ў горадзе Хэрнінгу.

Згодна з рэглямэнтам спаборніцтваў зборныя, якія зоймуць у групе 1–4 месцы, выходзяць у чвэрцьфінал. Аўтсайдэр аўтаматычна вылятае ў першы дывізіён.

Завершыцца сусьветнае першынство 20 траўня.

Беларусаў да фаварытаў не адносяць

Архіўнае фота. Зборная Беларусі па хакеі, трэніроўка. Менск, 9 лютага 2016 году
Архіўнае фота. Зборная Беларусі па хакеі, трэніроўка. Менск, 9 лютага 2016 году

Фаварытамі спаборніцтваў букмэкеры традыцыйна называюць канадцаў — вялізная «лаўка» дазваляе мець некалькі паўнавартасных складаў. Дзейныя чэмпіёны сьвету, швэды, выглядаюць гэткім жа баяздольным калектывам. Плюс традыцыйна грозныя фіны, чэхі, амэрыканцы, расейцы.

У беларусаў апошнім часам задача сьціплая — утрымацца ў эліце. Па выніках мінулагодняга чэмпіянату сьвету беларуская каманда пад кіраўніцтвам канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса зачапілася за перадапошняе месца ў групе і тым самым пазьбегла разжалаваньня ў рангу. За год перад тым гісторыя была аналягічная — заўзятары да апошняга вымушаныя былі спадзявацца на цуд. Выніковыя месцы ў табэлі за 2016–2017 гады — 12-я і 13-я пазыцыі адпаведна.

Пры тым, што канадзкі трэнэр, які заступіў на пасаду ў 2015-м, кожны раз агучваў «мэдалёвыя амбіцыі», сёлета размоваў пра п’едэстал няма.

Трэнер зборнай Беларусі па хакеі Дэйв Льюіс (у цэнтры)
Трэнер зборнай Беларусі па хакеі Дэйв Льюіс (у цэнтры)

Міжнародныя турніры перад чэмпіянатам засьведчылі, што кандыцыі выхаванцаў Льюіса не найлепшыя. У рамках традыцыйнага турніру «Эўравыклік» каманда Беларусі прайграла двухматчавыя спарынгі Даніі і Швайцарыі і па разу даціснула ў авэртайме Фінляндыю і Нарвэгію. Агулам — 6 паразаў і 2 перамогі.

Хто згуляе, а хто адхілены

30 красавіка Дэйв Льюіс агучыў канчатковы сьпіс з 25 гульцоў, якія выправяцца ў Данію. Пяць зь іх — дэбютанты. Найбольшай нечаканасьцю стала адсутнасьць у ростэры менскага дынамаўца Андрэя Сьцяпанава. Гэта другі запар чэмпіянат сьвету, калі форварда без уцямнага тлумачэньня «адчапляюць» ад каманды. Рашэньне трэнэрскага штабу выклікала крытыку з боку самога гульца: ён абвінаваціў трэнэра ў тым, што той уявіў сябе «бажком».

Ілюстрацыйнае фота. Эмблема нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі
Ілюстрацыйнае фота. Эмблема нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі

Таксама не дапамогуць зборнай Андрэй і Сяргей Касьціцыны, Міхаіл Грабоўскі, Ільля Шынкевіч, Даніла Карабань, а беларускі капітан на чэмпіянаце сьвету — 2017 Андрэй Стась прыняў расейскае «спартыўнае грамадзянства» і прыпыніў выступы за зборную Беларусі.

Затое выйдуць на лёд натуралізаваныя канадцы зь беларускімі пашпартамі Джэф Плат і Шарль Лінгле, а таксама ўкраінец Аляксандар Мацярухін, які вытрымаў чатырохгадовы карантын, каб зьмяніць Украіну на Беларусь. Яшчэ адзін умоўны канадзкі беларус, брамнік Кевін Лаланд, і асыміляваны амэрыканец Нік Бэйлен у заяўцы адсутнічаюць.

Беларуская каманда — адна зь нямногіх, у складзе якой няма прадстаўнікоў наймацнейшай у сьвеце Нацыянальнай хакейнай лігі. Пасьля эпохі Руслана Салея, братоў Касьціцыных і Грабоўскага паўночнаамэрыканскі дэсант зь Беларусі фактычна спыніўся.

Існаваньне па-за хакейнай прывілеяй

Пры цяперашнім кадравым складзе беларусам наўрад ці ўдасца пазмагацца за высокія месцы. Супернікі па групе з Швэцыі, Чэхіі, Расеі ўваходзяць у лік наймацнейшых хакейных камандаў сьвету. Славаччына і Швайцарыя некалі былі «па зубах» беларусам, але цяпер яны мацнейшыя за іх.

Паводле хакейных экспэртаў, Беларусь можа разьлічваць на змаганьне за 6 пазыцыю ў падгрупе ў паядынках з Францыяй і Аўстрыяй.

У іншым выпадку падняцца з дна падгрупы будзе надзвычай складана. Калі яшчэ дзясятак гадоў таму хакей быў прывілеяй некалькіх краін, то цяпер яго пасьпяхова разьвіваюць у розных кутках сьвету. Пацьверджаньнем — нядаўні выхад у эліту Вялікай Брытаніі, якая ў наступным сэзоне будзе гуляць сярод 16 наймацнейшых. З трэцяга ў другі дывізыён паднялася Літва.

Тым часам без удзелу беларусаў ня так даўно прайшлі чарговыя Алімпійскія гульні. Віной — нізкі рэйтынг, які не дазваляе адбірацца туды аўтаматычна, а таксама праваленыя алімпійскія кваліфікацыйныя турніры.

Забава для прэзыдэнта

Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем, 2011 год
Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем, 2011 год

​Фінансаваньне хакею ў Беларусі зьядае большую частку выдаткаў на спорт. Гэтым відам спорту апякуецца Аляксандар Лукашэнка. Аднак будаўніцтва лядовых палацаў, правядзеньне Калядных турніраў і аматарскіх спаборніцтваў мала спрыяюць падвышэньню ўзроўню хакею ў Беларусі, прызнаваў сам Лукашэнка.

Летась Фэдэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў «моцны гаспадарнік» Сямён Шапіра, колішнім кіраўнік Горадзенскага і Менскага аблвыканкамаў. А перад чэмпіянатам сьвету арганізацыю ўзмацнілі ідэалягічна: прэс-сакратаром прызначаны колішні вядоўца тэлеканалу АНТ Ільля Коласаў.

Тым часам, як пісала Свабода, застаюцца фінансавыя праблемы ў дзіцяча-юнацкім хакеі, дзе фармуюцца галоўныя рэзэрвы зборнай. Напрыклад, трэнэр малых хакеістаў у Смаргоні здае шклатару, каб ягоны цэнтар не спыніў існаваньня.

Гучныя скандалы замест высокіх вынікаў

Беларускі хакей стаў крыніцай крымінальных спраў і скандалаў. Увосень 2016-га на 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці быў асуджаны былы генэральны дырэктар менскага «Дынама» Максім Суботкін. Ён абвінавачаны ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і халатнасьці.

Суд над экс-гендырэктарам хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Максімам Суботкіным. 8 верасьня 2016 году
Суд над экс-гендырэктарам хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Максімам Суботкіным. 8 верасьня 2016 году

Больш за паўгода правёў за кратамі заснавальнік першай у Беларусі незалежнай спартовай газэты «Прессбол» і экс-генэральны мэнэджар хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімер Беражкоў. У жніўні 2015-га ён быў затрыманы і зьмешчаны ў менскае СІЗА № 1 на падставе падазрэньня ў крадзяжы сродкаў клюбу. У красавіку 2016-га яго вызвалілі з-пад варты, у ліпені таго ж году крымінальная справа была спыненая.

Уладзімер Беражкоў, 2016 год
Уладзімер Беражкоў, 2016 год

У сярэдзіне 1990-х у менскім «Макс-шоў» здарылася перастрэлка, у якой удзельнічаў Міхаіл Захараў — галоўны трэнэр сталічнага «Юнацтва», нацыянальнай каманды і цяперашні памочнік Дэйва Льюіса. А некалькі гадоў таму спэцыяліст трапіў у хроніку Дзяржаўтаінспэкцыі — ягоны «Бэнтлі» справакаваў буйную аварыю на праспэкце Пераможцаў. Кіроўца быў нецьвярозы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG