Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск ня будзе перамоўнай пляцоўкай паміж Лёнданам і Масквой», — брытанская амбасадарка


Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб адказвае на пытаньні журналістаў 3 траўня
Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб адказвае на пытаньні журналістаў 3 траўня

3 траўня амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі і «Прэс-клюб» правялі ў Менску мэдыясьняданак з амбасадаркай Фіёнай Гіб. Падчас імпрэзы брытанская дыпляматка адказала на паўтара дзясятка пытаньняў журналістаў. Свабода адабрала адказы на найцікавейшыя зь іх.

«З сакавіка ня можам сустрэцца зь міністрам інфармацыі»

Сустрэчу ў прэс-клюбе прымеркавалі да Ўсясьветнага дня свабоды друку. Таму, натуральна, амбасадарка не магла не адказаць на пытаньне аб ступені свабоды мэдыяў у Беларусі.

«З сакавіка я спрабую арганізаваць сустрэчу зь міністрам інфармацыі Беларусі. На ёй найперш хацелася б абмеркаваць ужо прынятыя ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў папраўкі да закону аб СМІ. Аднак дагэтуль дамовіцца пра сустрэчу не атрымліваецца. Магчыма, калі вы пра гэта напішаце, то такая размова нарэшце адбудзецца», — сказала амбасадарка.

Амбасада Вялікай Брытаніі зьвярнула ўвагу на затрыманьні журналістаў падчас Дня Волі і летась, і сёлета.

Яна згадала, што незалежных журналістаў рэгулярна абкладаюць грашовымі штрафамі, яны знаходзяцца пад уладным ціскам.

Фіёна Гіб паведаміла, што Міністэрства інфармацыі прапаноўвала амбасадзе арганізаваць брытанскі стэнд на сёлетняй выставе СМІ, аднак яны ад гэтага адмовіліся.

«Хоць першапачаткова мы зьвярталіся ў Міністэрства інфармацыі, пыталіся, каму накіроўваліся запрашэньні для ўдзелу ў гэтай выставе. Атрымлівалі мы розныя адказы: з аднаго боку, афіцыйныя структуры казалі, што яны ўсім накіроўвалі запрашэньні. Калі мы зьвярталіся да незалежных СМІ, яны казалі, што запрашэньняў не атрымлівалі. Вось такая сытуацыя», — сказала кіраўніца дыпмісіі.

«Перамовы наконт Brexit ідуць так, як мае быць»

Амбасадарка падкрэсьліла, што рашэньне аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу прымалася на рэфэрэндуме. Гэта «воля народу».

«Перамовы працягваюцца. І яны ідуць так, як мае быць: ня горш і ня лепш. Неабходна вырашыць шмат пытаньняў. Сам народ прагаласаваў за Brexit, — сказала яна. — Ня думаю, што гэта неяк паўплывае на дачыненьні паміж Лёнданам і Менскам. А калі і паўплывае, дык толькі ў лепшы бок».

«Ангельскі капітал у Беларусі ў вялікай ступені прадстаўляюць „дочкі“ расейскіх кампаній»

​Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся, што за 1000 зь лішкам фірмаўз ангельскім капіталам дзейнічаюць цяпер у Беларусі. Менавіта такую лічбу агучыла ў красавіку ў Палаце прадстаўнікоў падчас ратыфікацыі пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Вялікай Брытаніі аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня намесьніца міністра па падатках і зборах Эла Савіцкая.

Спадарыня Гіб выказала меркаваньне, што ў значнай ступені пад брытанскім капіталам у Беларусі разумеюць грошы з тых расейскіх кампаній, якія адкрылі свае філіялы ў Лёндане ды іншых гарадах Брытаніі.

Ратыфікацыю пагадненьня амбасадарка назвала «вельмі пазытыўным крокам».

«Мы вельмі зацікаўленыя, каб брытанскія інвэстыцыі ішлі ў Беларусь. Таму амбасада аказвае ўсялякую падтрымку гэтаму працэсу. Само вядзеньне бізнэсу — ужо нядрэнна».

«Беларусь рухаецца ў правільным кірунку»

Брытанская дыпляматка лічыць, што цяпер Беларусь рухаецца ў правільным кірунку.

«Ня ведаю, ці ўсе са мной пагодзяцца. Але калі паглядзець, што было ў Беларусі гадоў 10 таму і што ёсьць цяпер, то рух, канечне, заўважны», — сказала Фіёна Гіб.

Ці вернецца Брытанская рада ў Менск?

У спадарыні Гіб пацікавіліся, ці магчыма, што пасьля закрыцьця Брытанскай рады ў Маскве яна можа адкрыцца ў Менску?

«Я з задавальненьнем узнавіла б працу Брытанскай рады ў Беларусі, як гэта было ў 1990-я гады. Калі зьявяцца сродкі пасьля закрыцьця маскоўскага офісу, то яны могуць адкрыць сваё прадстаўніцтва ў нейкай іншай краіне. Пакуль жа мы вядзем перамовы з кіеўскім офісам наконт праграмы вывучэньня ангельскай мовы ў Беларусі. Вядома, гэта не адно і тое ж, але ж таксама цікава», — лічыць дыпляматка.

Чаму «бязьвіз» — гэта добра

Спрашчэньне візавага рэжыму для замежнікаў, якія хочуць наведаць Беларусь, амбасадарка назвала «вельмі разумным рашэньнем».

«Уявіце канкрэтную сытуацыю з грамадзянінам Вялікай Брытаніі. Ён думае, куды яму лепей накіравацца: у Беларусь ці ва Ўкраіну. І калі ён даведваецца, што ва Ўкраіну можна ляцець бязь візы, а ў Беларусь патрэбная віза, то, зразумела, бальшыня абярэ Ўкраіну. Цяпер жа сытуацыя ў абедзьвюх гэтых краінах стала аднолькавай. Пасьля „бязьвізу“ колькасьць брытанцаў, якія наведалі Беларусь, павялічылася на 3–4 тысячы», — сказала брытанская дыпляматка.

«Сьмяротнае пакараньне трэба забараніць»

Амбасада Вялікай Брытаніі аказвае дзейную дапамогу спэцыяльнай камісіі ў пытаньнях вывучэньня праблематыкі сьмяротнага пакараньня Нацыянальнага сходу Беларусі. Таму спадарыня Гіб добра ведае сытуацыю ў Беларусі.

«Сьмяротнае пакараньне трэба забараніць. А пачынаць неабходна з мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў. І ня трэба спасылацца на грамадзкую думку. Яна звычайна падтрымлівае ўладу. У Брытаніі сьмяротнае пакараньне забаранілі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. А грамадзкая думка прыйшла да разуменьня гэтага толькі дзясятак гадоў таму», — сказала Фіёна Гіб.

Вяртаньне візавага аддзелу ў амбасадзе ў Менску не прадбачыцца

Спадарыня Гіб сказала, што ў амбасады няма плянаў адчыняць візавы аддзел, які калісьці працаваў у складзе дыпмісіі.

«У нас візавымі пытаньнямі займаецца не Міністэрства замежных, а Міністэрства ўнутраных спраў. І яно дзейнічае па прынцыпе кола ад ровара і сьпіцаў у ім. То бок — дзесьці адкрываецца візавы аддзел, і ад яго ў розных кірунках ідуць як бы сьпіцы. Таму на вяртаньне візавага аддзелу цяпер шанцаў няма. Каб адкрыць гасьцявую візу, грамадзяніну Беларусі трэба да 15 працоўных дзён».

Менск ня будзе перамоўнай пляцоўкай паміж Лёнданам і Масквой

Кіраўніца брытанскай дыпмісіі адказала і на пытаньне, ці можа Менск стаць перамоўнай пляцоўкай для аднаўленьня нармальных дачыненьняў паміж Вялікай Брытаніяй і Расейскай Фэдэрацыяй.

«Ня думаю, што ў гэтым выпадку мы будзем дзейнічаць празь Менск. Вядома, цяперашнія дачыненьні вельмі складаныя. Расея ўвесь час дэманструе непавагу да міжнароднага права, умешваецца ў выбарчыя працэсы ў шэрагу краінаў, анэксавала Крым, вядзе надзвычай агрэсіўную кампанію ўкіданьня дэзінфармацыі праз мэдыі... І самы апошні прыклад — гэта здарэньне ў Солсбэры», — сказала спадарыня Гіб.

Борыс Джонсан «хацеў бы наведаць Менск»

Пры абмежаваным часе на пытаньні апошняе засталося за нашым радыё. Напрыканцы сакавіка Ўладзімер Макей стаў першым з 1993 году міністрам замежных спраў Беларусі, які наведаў Лёндан. А ці чакаецца візыт у Менск міністра замежных спраў Брытаніі Борыса Джонсана?

Уладзімір Макей і Борыс Джонсан
Уладзімір Макей і Борыс Джонсан

«Наш міністар — вельмі заняты чалавек. Ведаю, што ён хацеў бы прыехаць у Беларусь. Але сёлета гэта не адбудзецца. У нас такіх плянаў няма», — адказала амбасадарка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG