Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістак руху «Маці 328», якія галадаюць, агледзелі лекары; пыталіся, ці ёсьць псыхічныя хваробы


Удзельнікі галадоўкі у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. 27 красавіка 2018 году
Удзельнікі галадоўкі у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. 27 красавіка 2018 году

На галадоўніц у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну зьвярнулі ўвагу мясцовыя лекары.

Што важна ведаць:

  • 3 траўня да 7 актывістак руху «Маці 328», якія галадаюць у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, прыехалі мэдыкі з раённага шпіталя і правялі агляд стану здароўя галадоўніц.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА

Да 7 актывістак руху «Маці 328», якія праз галадоўку дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства і перагляду крымінальных спраў сваіх дзяцей, раніцай 3 траўня прыехалі мэдыкі з Пухавіцкага раённага шпіталя.

Актывістка Алена Кузьміна, на чыім участку разьмясьціўся лягер галадоўнікаў, распавяла Свабодзе, што лекары прыехалі на машыне хуткай дапамогі. Сярод іх быў намесьнік галоўнага лекара Пухавіцкага раённага шпіталя, тэрапэўт і псыхіятар.

«У пачатку галадоўкі ніхто не прыяжджаў, а як учора мы паведамілі ў шпіталь, дык прыехалі», — заўважыла спадарыня Кузьміна.

Паводле Алены Кузьміной, першай пачалі аглядаць Натальлю Старавойт з Горадні. Замералі ціск, зь ёй пагаварыла псыхіятарка, тэрапэўт прапанавала падпісаць паперу, ці згодныя на шпіталізацыю ў выпадку пагаршэньня здароўя.

Удзельніцы галадоўкі. 27 сакавіка 2018 году
Удзельніцы галадоўкі. 27 сакавіка 2018 году

Натальля Старавойт задаволеная ўвагай лекараў, але паведаміла і тое, што яе турбуе.

«Псыхіятар падрабязна распытвала пра сытуацыю ў маёй сям’і (а ў мяне яшчэ двое малых дзяцей), пыталася, ці я разумею, што сваёй галадоўкай стаўлю іх пад пагрозу? Я адказвала, што галадоўка — гэта вымушаная мера, а дзяцей цяпер глядзяць муж і старэйшая дачка. Увогуле ўражаньне, што да нашага псыхічнага здароўя ўвага большая, чым да ўсяго іншага».

Натальля кажа, што ціск памералі, а пульс — не, сэрца таксама не паслухалі.

«Затое ўсіх пытаюцца, ці былі псыхічныя адхіленьні», — сказала Натальля Старавойт.

Яна расказала, што адмовілася падпісваць паперу аб згодзе на шпіталізацыю ў выпадку рэзкага пагаршэньня здароўя: «Вырашыла, калі што, сама буду выклікаць „хуткую“».

Ларыса Жыгар, лідэрка руху «Маці 328», якая таксама бярэ ўдзел ў галадоўцы, кажа, што ў яе кружыцца галава, ёсьць слабасьць.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Мы і самі тут здольныя сачыць за ціскам, маем адпаведныя прылады, у нас ёсьць мэдычны намёт. Але што прыехалі лекары з Мар’інай Горкі, таксама нядрэнна, бо гэта спэцыялісты. Ці падпісваць паперу аб магчымай шпіталізацыі, кожны вырашае сам, нікога не прымушаюць».

Ларыса Жыгар паведаміла, што дагэтуль ніхто з кіраўніцтва райвыканкаму да галадоўнікаў не прыяжджаў і зь імі праз тэлефон не зьвязваўся, хоць яны пра сваю галадоўку праінфармавалі мясцовыя ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG