Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў заступілася за беларускіх калегаў


Умовы працы журналістаў у Беларусі сёньня ня могуць лічыцца свабоднымі. БелаПАН цытуе такую выснову з заявы Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў (ЭФЖ), прымеркаванай да Сусьветнага дня свабоды прэсы 3 траўня.

ЭФЖ адзначае, што з 2015 году ўлады Беларусі вядуць рэпрэсіўную кампанію супраць журналістаў-фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

У 2017 годзе беларускія журналісты былі аштрафаваныя 69 разоў паводле абвінавачваньня ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая зьяўляецца чальцом ЭФЖ, лічыць падобныя абвінавачваньні незаконнымі.

«Хваля ціску на журналістаў-фрылансэраў з боку ўладаў працягваецца і ў 2018 годзе, — гаворыцца ў заяве. — З пачатку году нашы калегі 32 разы прыгаворваліся да вялізных штрафаў. Нярэдка сума штрафаў перавышала сярэдні ўзровень заробку ў краіне».

ЭФЖ выказвае салідарнасьць зь беларускімі калегамі і заклікае ўлады Беларусі «неадкладна спыніць беспрэцэдэнтную хвалю перасьледу журналістаў-фрылансэраў» і юрыдычна гарантаваць ім магчымасьць прафэсійнай дзейнасьці.

Варта адзначыць, што ў «Індэксе свабоды друку» , які складае праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», Беларусь сёлета заняла 155-е месца са 180-ці. У 2017 годзе краіна знаходзілася на 153-м месцы.

Пагаршэньне пазыцыі Беларусі ў рэйтынгу тлумачыцца рэпрэсіямі ў дачыненьні да журналістаў у 2017 годзе. «Рэпартэры бязь межаў» адзначаюць, што летась было затрымана больш за 100 журналістаў пры асьвятленьні акцый пратэсту ў Беларусі.

Як адзначае арганізацыя, улады, баючыся дэстабілізацыі, зьвязанай з украінскім крызісам, пасадзілі ў турму як прарасейскіх, гэтак і антырасейскіх блогераў.

Дзевяць незалежных газэт ізноў атрымалі доступ у дзяржаўную сыстэму распаўсюду пасьля 11-гадовай забароны, але «блякаваньне вядучага навіннага вэб-сайту краіны (Хартыя-97) сьведчыць пра тое, што інтэрнэт-цэнзура выйшла на новы ўзровень».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG