Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі апазыцыі ў Армэніі аднавілі акцыі пратэсту. УЖЫВУЮ


Лідэр апазыцыі Нікол Пашыньян на чале акцыі пратэсту ў Ерэване 25 красавіка 2018 году
Лідэр апазыцыі Нікол Пашыньян на чале акцыі пратэсту ў Ерэване 25 красавіка 2018 году

Прыхільнікі руху, які ўзначальвае апазыцыйны лідэр Нікол Пашыньян, сёньня аднавілі акцыі пратэсту пасьля таго, як напярэдадні стала вядома, што заплянаваныя на сёньня перамовы паміж Пашыньянам і прадстаўнікамі цяперашняй улады не адбудуцца.

Пашыньяна вылучылі ў прэм’еры Армэніі

Апазыцыйная парлямэнцкая фракцыя «Елк» вылучыла кандыдатуру Нікола Пашыньяна на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі, гаворыцца ў заяве фракцыі. Для абраньня прэм’ер-міністра неабходна 53 галасы дэпутатаў парлямэнту. У партыі «Елк» дзевяць дэпутатаў, у іншай апазыцыйнай партыі — «Царукян» — 31 голас.

Партыя выйшла з урадавай кааліцыі

Армянская рэвалюцыйная фэдэрацыя «Дашнакцуцюн» (АРФД) выступіла з заявай, абвясьціўшы, што спыняе свой удзел у палітычнай кааліцыі з Рэспубліканскай партыяй Армэніі.

У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца: «Нацыянальны сход павінен абраць прэм’ер-міністра, які карыстаецца даверам народу для фармаваньня ўраду».

Карапэт'ян абверг паведамленьні аб адстаўцы

Зьявіліся паведаміленьні, што выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Армэніі Карэн Карапэт'ян падаў у адстаўку. Аднак прадстаўнікі ўлады абверглі гэтую інфармацыю.

Пратэстоўцы перакрываюць дарогі

Пратэстоўцы перакрылі міждзяржаўную трасу Ванадзор-Баграташэн, а таксама ўчастак трасы Баграташэн-Ноэмбэр'ян.​

«Вэндэты ня будзе»

Нікол Пашыньян выключыў магчымасьць палітычнага перасьледу экс-прэзыдэнта краіны Сэржа Саргсьяна, які пайшоў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра.

«Вэндэты ня будзе. Усё будзе адбывацца ў рамках закону ў рамках прэзумпцыі невінаватасьці. Закон павінен быць роўным для ўсіх. Ніхто ў нашай краіне не павінен даказваць сваю невінаватасьць», — сказаў Пашыньян, адказваючы на пытаньне расейскага агенцтва «Интерфакс».

У Гюмры страйк студэнтаў і шэсьце з мэдыкамі

У Гюмры, другім па велічыні горадзе Армэніі, страйк абвясьцілі шэраг ВНУ, школ і вучэльняў. Студэнты далучыліся да шэсьця, якое пачалося з Тэатральнай плошчы, скандуючы «Нікол - прэм'ер!» І «Не – Рэспубліканскай партыі Армэніі!» Да шэсьця таксама далучыліся таксама мэдработнікі гарадзкой паліклінікі №1 у белых халатах.

Пяскоў: унутраная справа Армэніі

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў сёньня заявіў журналістам, што Расея па-ранейшаму лічыць падзеі ў Армэніі ўнутранай справай гэтай краіны і разьлічвае, што сытуацыя там будзе ў найбліжэйшы час ўрэгулявана на аснове кансэнсуснага рашэньня.

Пашыньян: замацаваць перамогу

Пашыньян заклікаў прыхільнікаў сабрацца на плошчы Рэспублікі ў Ерэване для таго, каб замацаваць перамогу «аксамітнай народнай рэвалюцыі».

Камэнтуючы распаўсюджаную напярэдадні позна ўвечары заяву выконаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Карэна Карапэт'яна пра тое, што ён зьвярнуўся да прэзыдэнта рэспублікі з прапановай правесьці кансультацыі, у тым ліку і па пытаньні датэрміновых выбараў, Нікол Пашыньян заявіў, што правядзеньне выбараў, калі в.а. прэм’ер-міністра зьяўляецца прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Армэніі (РПА), для іх ня толькі непрымальна, але і яны будуць байкатаваць гэтыя выбары, і не пасіўна, а актыўна, блякуючы выбарчыя ўчасткі, каб не дапусьціць узнаўленьня РПА.

«Я лічу, што наша негвалтоўная „аксамітная“ рэвалюцыя накіравала выразны мэсыдж аб тым, што ў Рэспубліцы Армэнія Рэспубліканская партыя ня можа больш быць ва ўладзе, то бо Сэрж Саргсьян сышоў, павінны быць пазбаўленыя ўлады таксама рэспубліканцы, каб у нас не было сытуацыі, калі Сэрж Саргсьян з ценю або з закулісься працягвае кіраваць краінай пры дапамозе рэспубліканцаў», — заявіў Пашыньян.

Апазыцыйная партыя «Спадчына» заяўляе, што армяне першапачаткова змагаліся ня толькі супраць Сэржа Саргсьяна, але і супраць цяперашняй улады і сыстэмы.

«Мы яшчэ раз пацьвярджаем, што як мы былі ля вытокаў руху, так і будзем працягваць удзельнічаць у барацьбе датуль, пакуль улада ня будзе цалкам вернутая народу. Мы заклікаем усіх сяброў партыі і прыхільнікаў працягваць барацьбу і актыўна садзейнічаць акцыям мірнага непадпарадкаваньня нашых грамадзян для таго, каб давесьці пачатую справу да справядлівага завяршэньня», — гаворыцца ў заяве партыі «Спадчына».

«Аксамітная рэвалюцыя» ў Армэніі. Як гэта было

Пасьля амаль двух тыдняў масавых дэманстрацыяў прэм’ер-міністар Армэніі Сэрж Саргсьян сышоў у адстаўку.

Апазыцыя пратэставала супраць прызначэньня Саргсьяна, які на працягу 10 папярэдніх гадоў займаў пасаду прэзыдэнта. Гнеў апазыцыі выклікала тое, што Саргсьян, займаючы пасаду прэзыдэнта, у 2015 годзе правёў канстытуцыйную рэформу, якая зьмяніла форму кіраваньня з паўпрэзыдэнцкай рэспублікі на парлямэнцкую. Гэта азначае, што менавіта Саргсьян атрымаў бы ўсю паўнату ўлады, бо менавіта прэм’ер, а не прэзыдэнт цяпер лічыцца першай асобай Армэніі.

Тысячы людзей выходзілі на акцыі пратэсту ў Армэніі штодня. Акцыі пратэсту пачаліся з 13 красавіка. Пратэстоўцы блякавалі вуліцы і будынкі, паміж імі і паліцыяй адбываліся сутычкі, былі затрыманыя сотні чалавек. У нядзелю, 22 красавіка, на плошчу Рэспублікі ў Ерэване выйшлі, паводле розных ацэнак, ад 35 да 100 тысяч чалавек. Гэта стала найбуйнейшай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Армэніі. 23 красавіка Сэрж Саргсьян заявіў, што сыходзіць у адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG